ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 кастрычніка 2021, 16:06

Выкрыццё Польшчы і Літвы, дзень ікс і знешняя разведка. Гучныя заявы Лукашэнкі пры назначэннях у КДБ

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі, паведамляе БЕЛТА.

Інфармацыя аб тым, хто канкрэтна і на якія пасады назначаны, не агучвалася, што прадыктавана спецыфікай работы ведамства. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка скарыстаў гэту падставу, каб публічна актуалізаваць патрабаванні і задачы, якія стаяць перад ведамствам, выказацца па бягучай сітуацыі ў краіне, абазначыць існуючыя выклікі і пагрозы.

Сітуацыя напружаная, супакойвацца рана

Звяртаючыся да афіцэраў і генералаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія чэкісты ўнеслі важкі ўклад у абарону краіны і людзей ад маштабных знешніх і ўнутраных пагроз.

"Хачу звярнуць увагу: сітуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепш за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не змяніла планаў праціўніка. Калектыўны Захад прадаўжае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, а самае небяспечнае для нас - знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Задзейнічаюцца санкцыі. Фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных умовах на супрацоўнікаў КДБ ускладаецца задача па забеспячэнні стабільнай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, абароне краіны ад знешняга дэструктыўнага ўздзеяння.

"Першачарговымі задачамі сёння з'яўляюцца нарошчванне намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, процідзеянне антыканстытуцыйным праявам. Прынцыповае значэнне мае кантроль абстаноўкі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, органаў улады. Для гэтага мы стварылі адпаведныя інстытуты", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Сур'ёзным рэзервам у рабоце камітэта з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці знешняй разведкі. Яе неабходна трансфармаваць у падраздзяленне, здольнае вырашаць стратэгічныя задачы, узмацняць наступальнасць, нарошчваць патэнцыял агентурнай разведкі і іншыя метады і формы, аб якіх вы ведаеце", - паставіў задачы Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, прыярытэтнай задачай застаецца выяўленне і спыненне памкненняў замежных спецслужбаў да закрытай службовай інфармацыі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што жыццёва важна не адставаць ад праціўнікаў і пашыраць прымяненне сучасных тэхналогій у аператыўнай дзейнасці, павышаць эфектыўнасць тэхнічнага блока КДБ, радыёэлектроннай разведкі, развіваць навуковы патэнцыял.

"Неабходна істотна нарасціць намаганні па абароне інфармацыйнай прасторы, укараняць новыя, у тым ліку тэхнічныя метады проціборства, садзейнічаць правядзенню наступальнай інфармацыйнай палітыкі нашых СМІ", - сказаў беларускі лідар.

Чарговую спробу рэвалюцыі рыхтуюць да рэферэндуму

"У якасці адной з магчымых дат чарговай спробы рэвалюцыі (дня ікс, як яны лічаць) разглядаецца перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што выкарыстоўваюцца апрабаваныя ў іншых краінах сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, разгорнута псіхалагічная вайна, нацэленая на фарміраванне ў насельніцтва Беларусі негатыўнага вобраза ўлады.

"Гэтыя методыкі ўздзеяння накіраваны на супрацоўнікаў дзяржапарату і сілавікоў з мэтай пераканаць іх у адсутнасці падтрымкі з боку насельніцтва, зарадзіць сумненні ў правільнасці дзяржаўнага палітычнага курсу", - сказаў Прэзідэнт.

Палітэмігранцкія цэнтры плануюць акцыі запалохвання і дыверсіі

"Створаныя пад кантролем спецслужбаў палітэмігранцкія цэнтры ў Варшаве і Вільнюсе нацэльваюць радыкалаў на акцыі запалохвання ў адносінах да грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сілавых органаў. Дабраліся і да судзейскага корпуса", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дыверсіі плануюцца на аб'ектах абарончага комплексу, эканомікі, жыццязабеспячэння. "Замежныя спецслужбы і іх саўдзельнікі вывучаюць абстаноўку ў працоўных калектывах, спрабуюць інспіраваць забастоўкі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У міграцыйным крызісе ў Польшы і Літвы "рыльца ў пуху"

"Адной з ключавых гібрыдных пагроз сёння з'яўляецца складаная абстаноўка на нашай дзяржаўнай граніцы. Польшча і Літва мэтанакіравана абвінавачваюць Беларусь у нібыта штучным стварэнні міграцыйнага крызісу. Пры гэтым праводзяць спецаперацыі па стварэнні каналаў адбыцця мігрантаў з месцаў утрымання на тэрыторыю Германіі і Францыі, масава і цынічна парушаючы правы чалавека", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Я гэта гавару для таго, каб немцы нарэшце прачнуліся з французамі, ды і англічанамі, іншымі краінамі, і паглядзелі, што адбываецца з гэтымі мігрантамі ў Польшчы і Літве", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Польшча і Літва дэманструюць усюды, што яны нібыта ўтрымліваюць мігрантаў у пэўных месцах - у лагерах. "А на самай справе гэта толькі перасыльныя пункты. Яны спецыяльна выпускаюць з лагераў гэтых людзей, разумеючы, што яны прыйшлі не ў Польшчу і не ў Літву. Гэтак жа, як у Беларусь. Яны прыйшлі і ідуць далей. Яны ідуць у Германію, у больш "цёплыя", як яны кажуць, краіны. Палякі і літоўцы, разумеючы гэта, іх пакрыху выпускаюць з лагераў. І немцы ўжо тысячамі іх затрымліваюць у сябе на тэрыторыі, - расказаў Прэзідэнт. - Мы валодаем гэтымі данымі. Але перш за ўсё вы валодаеце і мяне інфармуеце. Мы пераправяралі праз некалькі крыніц. Гэта сапраўды так".

"Дык вось няхай яны там у сябе разбяруцца, хто немцам і французам падкідвае гэтых мігрантаў. Паводле нашых даных, там гінуць людзі. І колькасць загінулых у разы перавышае публічныя заявы польскіх і літоўскіх палітыкаў. Нягледзячы на хвалёную еўрапейскую свабоду слова, да інфармацыі аб рэальнай абстаноўцы сродкі масавай інфармацыі з іх боку не дапускаюцца", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пра асабістыя якасці чэкістаў: "жалезны Фелікс" меў рацыю, лепш не скажаш

Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на работу з кадрамі.

"Галоўным крытэрыем для супрацоўніка КДБ з'яўляецца патрыятызм, недапушчэнне любых праяў карупцыі, двурушніцтва, а асабліва здрады. У ведамстве павінны служыць толькі лепшыя прадстаўнікі грамадства, кіруючыся выключна інтарэсамі нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Сапраўды, як ніколі сёння гучаць словы знакамітага Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага (савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч.- Заўвага БЕЛТА), які стаяў ля вытокаў стварэння нашых спецслужбаў: "Чэкістам можа быць толькі чалавек з гарачым сэрцам, халоднай галавой і чыстымі рукамі". Ведаеце, лепш не скажаш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На завяршэнне кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што, нягледзячы на ​​стабілізацыю сітуацыі ў Беларусі, супакойвацца рана. "Упэўнены, што пастаўленыя задачы вам па сілах і нованазначаныя кіраўнікі гэта дакажуць", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяперашнія кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржбяспекі - гэта не толькі назначэнні на вышэйшыя пасады, але і ратацыя, як гэта прынята ў дзяржаўных структурах: "Некаторыя асобы перамяшчаюцца па гарызанталі. Звычайная практыка. Я яе заўсёды падтрымліваў. І гэтай практыкі прытрымліваюся ў сваёй рабоце. Так будзе і ў далейшым".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі