Сцяг Чацвер, 26 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 чэрвеня 2021, 13:11

"Вы, як заўсёды, заступаеце на перадавую" - Лукашэнка абнавіў мясцовую вертыкаль улады

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў сёння назначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не магу сказаць, што ў нас тут складаныя часы. Яны заўсёды ў нас былі няпростымі, асабліва для вас, таму што вы, як заўсёды, заступаеце на перадавую лінію. Вам трэба будзе працаваць непасрэдна з нашым насельніцтвам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на вырашэнне кадравых пытанняў на месцах: "Ні ў якім разе не спяшайцеся. Заўсёды давайце людзям шанц. Прыйдзеце ў калектыў - устанавіце тэрмін, прадастаўце ўсім, хто хоча працаваць, шанц. Не сячыце з-за пляча. Але і не адкладайце надоўга вырашэнне кадравых пытанняў: няхай сябе пакажуць да канца года, а далей - прымайце рашэнні".

Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пры назначэнні новых кадраў не варта абапірацца выключна на "сваіх людзей", з якімі працавалі на папярэдніх пасадах. "Не трэба разлічваць толькі на асабістую адданасць і сяброўства. Усё ж такі гэта павінны быць прафесіяналы і людзі, адданыя нашай дзяржаве. Мінулы год нам паказаў, хто ёсць хто і ў якім напрамку выбудоўваць кадравую палітыку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Эканоміка раёнаў, куды назначаны новыя кіраўнікі, мае ў асноўным сельскагаспадарчы профіль. "Звярніце на гэта самую сур'ёзную ўвагу і перш за ўсё на выканальніцкую дысцыпліну. Мы навучыліся сеяць, убіраць, вырошчваць, а вось дысцыпліна часам губіць усё", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Цяперашні першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый Рабкавец узначаліць Пінскі гарвыканкам, а яго пасаду ў Брэсце зойме старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук.

"Пінск для нас - вельмі важны горад. На асаблівым кантролі. Таму я на вас вельмі разлічваю, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага старшыні Пінскага гарвыканкама. - Праблемы, якія там былі, нікуды не дзеліся. Працэнтаў на 25-30 яны засталіся. І вы павінны іх убачыць і вырашыць".

Яшчэ адзін супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Карпенка паедзе кіраваць Баранавіцкім райвыканкамам.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалай Арлоў пайшоў на павышэнне: Прэзідэнт узгадніў яго назначэнне старшынёй Віцебскага гарвыканкама. На пасаду старшыні Мастоўскага райвыканкама ўзгоднены Андрэй Санько, дырэктар раённага сельгаспрадпрыемства "Гудзевічы". А цяперашні старшыня Кіраўскага райвыканкама Міхаіл Гулы зменіць сваю прапіску ў Магілёўскай вобласці: ён узначаліць Горацкі раён. На яго месца ўзгоднена старшыня Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава.

Абноўлена раённае кіраўніцтва і ў Мінску. На пасаду кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы ўзгоднены Раман Мельнік. У мінулым ён доўгі час кіраваў галоўным упраўленнем аховы правапарадку і прафілактыкі МУС. "Кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна вам работы хопіць - не менш, чым у міліцыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба паглядзець, як ваенны чалавек спрацуе на гэтай пасадзе. Я ўжо даўно гаварыў: у нас шмат хлопцаў, якія і на пенсію ідуць крыху раней. Слухайце, яны яшчэ нам карысць прынясуць на іншых пасадах. Таму трэба глядзець на гэта. Не трэба баяцца, што "а, вось Лукашэнка робіць стаўку на ваенных". У нас тут дзесяць чалавек, і толькі адзін - ваенны".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі