Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 чэрвеня 2025, 11:08

Вобласць, раён, прадпрыемства. Падрабязнасці паездкі Лукашэнкі ў Ваўкавыскі раён 

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня зрабіў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць. У Ваўкавыску кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Беллакт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля прыбыцця на прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу пацікавіўся сітуацыяй на палях - што пасеяна, як вядзецца рэкультывацыя. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў далажыў, што пасеялі ўсё, яшчэ месцамі давялося і перасяваць.

"Я табе скажу: думаў, што ў Ваўкавыскім раёне значна лепш..." - заўважыў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра ўбачанае з борта верталёта.

Кіраўнік вобласці запэўніў, што будзе лепш.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці. Валавы рэгіянальны прадукт у рэгіёне хоць і вышэйшы за леташнія паказчыкі, але ўсё роўна не дацягвае да запланаваных паказчыкаў. Пры гэтым, як растлумачыў Юрый Караеў, калі сельская гаспадарка, будаўніцтва і гандаль плюсуюць, то да прамысловасці ёсць некаторыя пытанні.

У той жа час намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў вобласці, інвестыцыі ў асноўны капітал растуць апераджальнымі тэмпамі.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся сітуацыяй у паўночных раёнах Гродзенскай вобласці.

Старшыня аблвыканкама таксама праінфармаваў Прэзідэнта аб рэалізацыі праграмы "Адзін раён - адзін праект". Паводле яго слоў, у межах гэтай праграмы ў вобласці займаюцца 25 праектамі.

"Што з сельгастэхнікай, сельгасхіміяй, райснабамі? Вы імі займаецеся? Ці ў кожным раёне яны адноўлены? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы бачылі, што трэба зрабіць, ведаеце, як трэба аднаўляць. Трэба так, каб мы дакладна разумелі, што мы там будзем рабіць".

А вось у гэтым напрамку, як далажылі кіраўніку дзяржавы, наперадзе яшчэ шмат работы.

Прэзідэнта праінфармавалі і аб сітуацыі ў Ваўкавыскім раёне. У рэгіёне, у прыватнасці, адзначаецца зніжэнне вытворчасці ялавічыны і свініны. Прычыны вядомыя. Напрыклад, што датычыцца ялавічыны, то пагалоўе жывёлы недаўкамплектавана. Між тым падзеж жывёлы тут істотна знізіўся.

"Калі ў цябе ў Магілёве гіне жывёла, то аддай яму. Добра, не аддай, а прадай, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да віцэ-прэм'ера Юрыя Шулейкі. - Барані божа, я вам зраблю заўвагу, што ў вас недзе падзеж, а, як у яго, ёсць свабодныя месцы для адкорму. Ужо я вам галовы паздымаю! За жывёлу адкажаце. Забралі - і адвезлі ў добрую гаспадарку, няхай адкормліваюць. Там, напэўна, наогул не будзе падзяжу".

Кіраўніку дзяржавы таксама планавалі далажыць аб рабоце ААТ "Беллакт". Але Прэзідэнт сказаў, што ведае, што прадпрыемства працуе добра, і адразу накіраваўся ў цэхі, прапанаваўшы аб усім расказаць непасрэдна ў ходзе наведвання.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчай базай прадпрыемства, наведаў участак расфасоўкі дзіцячага харчавання і азнаёміўся з асартыментам прадукцыі. У бліжэйшы час на заводзе пачне працаваць новая лінія разліву малочнай прадукцыі ў ПЭТ-бутэлькі, што дасць магчымасць максімальна пашырыць асартымент. Гэта новы цэх, дзе будуць перапрацоўваць 100 т малака за суткі.

Увазе кіраўніка дзяржавы на прадпрыемстве прадставілі таксама прадукцыю малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці. Сярод іх непасрэдна сам "Беллакт", ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат", ААТ "Малочны мір".

Галоўны тэхнолаг "Беллакта" Таццяна Новікава ўжо 40 гадоў працуе над стварэннем дзіцячай малочнай прадукцыі і пашырэннем асартыменту. "Наш гонар - гэта дзіцячае пастападобнае харчаванне. У ім практычна няма цукру. І мы сваіх дзяцей ужо тры гады прывучаем да несалодкіх прадуктаў. Ёсць лінейка дашкольнага і школьнага харчавання, гэта ніша цяпер пустая ў нашай краіне. Мы зрабілі замену "смачным" дэсертам", - прадставіла яна прадукцыю свайго прадпрыемства.

Ваўкавыскае ААТ "Беллакт" - адзінае прадпрыемства ў Беларусі па вытворчасці сухіх малочных сумесей і каш для харчавання дзяцей з першых дзён жыцця, да года і больш. З 2014 года прадпрыемства вырабляе вадкае і пастападобнае дзіцячае харчаванне. З лістапада 2018 года асвоены выпуск сухіх каш для харчавання дзяцей ранняга ўзросту на казіным малацэ.

Таксама ваўкавыскае ААТ "Беллакт" вырабляе сухое натуральнае і абястлушчанае малако, сухую сыроватку, масла сметанковае, шырокі асартымент натуральнамалочнай і дэсертнай прадукцыі. Асартымент вырабляемай прадукцыі налічвае больш за 200 найменняў.

Магутнасць па перапрацоўцы малака складае 865 т за суткі. За студзень-красавік 2025 года загрузка магутнасці па перапрацоўцы малака склала 95,5 працэнта.

Сыравінная зона "Беллакта" прадстаўлена чатырма раёнамі Гродзенскай вобласці і складаецца з 24 сельскагаспадарчых арганізацый.

За студзень-красавік 2025 года на вытворчых пляцоўках прадпрыемства выраблена прадукцыі ў фактычных цэнах на Br204,3 млн, гэта амаль на 12 працэнтаў больш, чым у аналагічным перыядзе за 2024 год. У структуры экспарту прадукцыі найбольшую ўдзельную вагу займаюць сухое малако (58,2 працэнта), масла сметанковае (15,7 працэнта), сухое дзіцячае харчаванне (14,4 працэнта), натуральнамалочная і іншая прадукцыя (11,7 працэнта).

Прадукцыя "Беллакта" экспартуецца ў два дзясяткі краін. Геаграфія экспартных паставак прадстаўлена Расіяй (69 працэнтаў), Узбекістанам (6,7 працэнта), Сербіяй (5 працэнтаў), Казахстанам (5,1 працэнта), Манголіяй (1,2 працэнта), Арменіяй (1,2 працэнта), В'етнамам (1,1 працэнта), КНР (0,8 працэнта), Азербайджанам (0,7 працэнта), Грузіяй (0,5 працэнта), іншымі краінамі (8,7 працэнта).-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі