
Уладзімір Каранік. Фота з архіва
13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў указ нумар 105, у адпаведнасці з якім намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Каранік надзелены паўнамоцтвамі па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках ЕАЭС, вызначаны прадстаўніком ад Беларусі ў Савеце ЕЭК і назначаны нацыянальным каардынатарам Беларусі па пытаннях СНД. Дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння прадстаўніцтва і аховы інтарэсаў краіны ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў адпаведных сферах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
У якасці нацыянальнага каардынатара Беларусі па пытаннях СНД Уладзімір Каранік будзе сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі каардынаваць выпрацоўку механізмаў рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў развіцця супрацоўніцтва нашай краіны ў СНД. Ён таксама мае паўнамоцтвы ўносіць прапановы ў Выканаўчы камітэт СНД па пытаннях удасканалення дзейнасці Садружнасці для далейшага разгляду на пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў, Савета кіраўнікоў урадаў і Эканамічнага савета СНД. Акрамя таго, нацыянальны каардынатар ажыццяўляе кантроль за рэалізацыяй у Беларусі дакументаў, прынятых у рамках СНД.
Віцэ-прэм'ер надзелены паўнамоцтвамі па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках ЕАЭС і вызначаны прадстаўніком ад нашай краіны ў Савеце ЕЭК - органе, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю ЕЭК і рэгуляванне інтэграцыйных працэсаў у ЕАЭС, у тым ліку арганізуе работу па ўдасканаленні прававога рэгулявання ў ЕАЭС, разглядае вынікі маніторынгу і кантролю выканання актаў саюза.
Улічваючы, што Беларусь у гэтым годзе старшынствуе ў органах ЕАЭС, Уладзімір Каранік будзе выконваць функцыі старшыні Савета ЕЭК, а таксама ажыццяўляць каардынацыю і кантроль за рэалізацыяй дзяржаўнымі органамі прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС, абазначаных у звароце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да кіраўнікоў дзяржаў - членаў ЕАЭС.-0-