Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 ліпеня 2019, 16:11

Віншаванні з Днём Незалежнасці паступаюць у адрас Прэзідэнта Беларусі і беларускага народа

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віншаванні з Днём Незалежнасці Беларусі паступаюць у адрас кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа ад кіраўнікоў замежных краін, замежных палітычных і грамадскіх дзеячаў, кіраўніцтва інтэграцыйных аб'яднанняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Віншавальныя пасланні ўжо атрыманы ад Папы Рымскага Францыска, Каралевы Вялікабрытаніі, каралёў Бельгіі і Тайланда.

З нацыянальным святам беларускі народ і кіраўніка дзяржавы павіншавалі Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі, прэзідэнты Расіі, Казахстана, Азербайджана, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Турцыі, Венесуэлы, Германіі, Рэспублікі Карэя, Аўстрыі, Латвіі, Балгарыі, Венгрыі, ААЭ, Туркменістана, В'етнама, Сінгапура, Дзяржавы Палесціна, Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба, прэм'ер-міністры Расіі і Арменіі.

Віншаванні таксама накіравалі старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў.

"Прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці, які ў гэтым годзе супадае з юбілейнай датай - 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы народы свята ўшаноўваюць памяць аб мужнасці і гераізме тых, хто ў суровыя ваенныя гады ўстаў на абарону Айчыны. Важна, што вузы братэрскай дружбы і ўзаемадапамогі, завешчаныя бацькамі і дзядамі, і сёння з'яўляюцца залогам моцы расійска-беларускіх адносін, - гаворыцца ў віншаванні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. - Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы будзем і ў далейшым паспяхова развіваць канструктыўнае двухбаковае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, а таксама ўзаемавыгадныя інтэграцыйныя працэсы ў рамках Саюзнай дзяржавы і на еўразійскай прасторы".

Ад імя ўрада Расійскай Федэрацыі і сябе асабіста віншаванне кіраўніку беларускай дзяржавы адрасаваў і прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. "Расійскі і беларускі народы з даўніх часоў звязваюць цесныя вузы дружбы і ўзаемадапамогі, якія сёння з'яўляюцца трывалым фундаментам стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва нашых краін", - падкрэсліў ён.

Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў паспяховае развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, рост сувязей паміж дзелавымі супольнасцямі і рэгіёнамі. "Вядзецца важная работа па далейшым інтэграцыйным збліжэнні ў рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза. Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы прадоўжым эфектыўнае развіццё ўсяго комплексу расійска-беларускіх сувязей", - гаворыцца ў віншаванні.

З нагоды Дня Незалежнасці Беларусі ад імя кітайскага ўрада і народа гэтай краіны, а таксама ад сябе асабіста віншаванні выказаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. "У апошнія гады дзякуючы вашаму цвёрдаму кіраўніцтву ў Беларусі захоўваецца палітычная стабільнасць, устойлівае развіццё эканомікі, умацоўваецца дабрабыт народа. Агульная моц дзяржавы і яе ўплыў на міжнароднай арэне бесперапынна расце. Кітай як добры сябар і добры партнёр Беларусі шчыра рады гэтаму. Упэўнены, Беларусь дасягне яшчэ большых поспехаў у розных сферах дзяржаўнага будаўніцтва", - гаворыцца ў віншаванні.

Сі Цзіньпін адзначыў, што ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю кітайска-беларускіх адносін і цэніць паглыбленую дружбу з Аляксандрам Лукашэнкам. "У першай палавіне гэтага года мы двойчы правялі сустрэчу - у Пекіне і Бішкеку - і дасягнулі дамоўленасцей адносна далейшага супрацоўніцтва. Я гатовы разам з вамі прыкладаць намаганні для паглыблення развіцця кітайска-беларускіх адносін, давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва на карысць абедзвюх краін і іх народаў", - падкрэсліў кітайскі лідар.

Віншавальныя пасланні ў адрас кіраўніка дзяржавы таксама паступілі ад першага Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева і Прэзідэнта гэтай краіны Касым-Жамарта Такаева.

"Сёння пад вашым умелым і мудрым кіраўніцтвам Беларусь упэўнена ажыццяўляе шырокамаштабныя пераўтварэнні з улікам доўгатэрміновых прыярытэтаў развіцця краіны, якія цалкам садзейнічаюць забеспячэнню ўстойлівага росту, павышэнню яе міжнароднага аўтарытэту і ўмацаванню адзінства беларускага народа. Упэўнены, што нашы сумесныя намаганні будуць і ў далейшым накіраваны на далейшае ўмацаванне вузаў дружбы паміж народамі дзвюх краін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў духу стратэгічнага партнёрства і ўзаемнай падтрымкі", - адзначыў Касым-Жамарт Такаеў. Ён аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Беларусі наведаць Нур-Султан з афіцыйным візітам для прадаўжэння дыялогу па ўсім спектры двухбаковага і шматбаковага парадку дня.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што Беларусь паступальна рухаецца па шляху сацыяльна-эканамічнага развіцця, адыгрывае ўсё больш актыўную ролю ў вырашэнні міжнародных пытанняў і паглыбленні еўразійскай інтэграцыі. "Высока цэнім адносіны стратэгічнага партнёрства паміж Казахстанам і Беларуссю, заснаваныя на традыцыях дружбы, узаемнай павагі і даверу. Упэўнены, што цеснае двухбаковае супрацоўніцтва будзе і ў далейшым паглыбляцца і ўмацоўвацца на карысць народаў нашых краін", - падкрэсліў першы Прэзідэнт Казахстана.

Папа Рымскі Францыск у сваім віншаванні перадаў Прэзідэнту краіны і яго суграмадзянам самыя цёплыя словы і пажаданні працвітання. "Малю Госпада аб пасланні беларускаму народу братэрскай згоды і салідарнасці, у якіх кожны будзе мець магчымасць дасягнуць поўнага росквіту ўсіх граней сваёй асобы, у тым ліку духоўнай. Няхай благаславіць і бароніць Бог вас, вашых саратнікаў і ўсіх беларусаў", - гаворыцца ў віншаванні.

Каралева Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавета II таксама накіравала пасланне з нагоды нацыянальнага свята ў адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа, пажадаўшы ўсім дабрабыту і працвітання.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падкрэсліў, што 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусь сустракае як працвітаючая краіна, якая ўпэўнена ідзе па шляху ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту, удасканалення і мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання і палітычнай сістэмы, дынамічнага і паслядоўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця. "Карыстаючыся гэтай прыемнай магчымасцю, хачу павіншаваць вас з паспяховым правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў, якія прайшлі на вельмі высокім арганізацыйным узроўні і сталі сапраўдным святам для ўсіх аматараў спорту, падарыўшы ім яркія выступленні і незабыўныя моманты. Гэта маштабнае спартыўнае свята яшчэ раз наглядна прадэманстравала прыхільнасць Беларусі да непахісных прынцыпаў алімпійскага руху, што садзейнічаюць умацаванню міру, даверу і ўзаемаразумення паміж народамі і краінамі", - падкрэсліваецца ў віншавальным пасланні ад азербайджанскага лідара.

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон пажадаў Аляксандру Лукашэнку добрага здароўя і новых поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці, а дружалюбнаму народу Беларусі - міру, дабрабыту і новых дасягненняў на шляху няўхільнага развіцця і прагрэсу. Ён таксама выказаў удзячнасць за цеплыню і гасціннасць, аказаную ў ходзе нядаўняга афіцыйнага візіту. "Вынікі нашых з вамі, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, плённых перагавораў зрабілі добры зачын для доўгатэрміновага развіцця ўсяго комплексу таджыкска-беларускага супрацоўніцтва. Падпісаны па выніках візіту дагавор аб стратэгічным партнёрстве, безумоўна, значна ўмацоўвае палітычную аснову далейшага пашырэння і паглыблення нашых шматпланавых адносін і дае нам магчымасць глядзець у іх бліжэйшую будучыню з вялікім аптымізмам і добрымі надзеямі", - падкрэсліў Прэзідэнт Таджыкістана.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў адзначыў уражальныя поспехі Беларусі ў сферы дзяржаўнага і грамадскага будаўніцтва, умацаванне міжнароднага аўтарытэту краіны. "Яшчэ адным яскравым сведчаннем гэтага стаў паспяхова праведзены ў Мінску буйнейшы мультыспартыўны форум кантынента - Еўрапейскія гульні, - сказаў узбекскі лідар. - З глыбокім задавальненнем хацеў бы падкрэсліць дынамічнае развіццё традыцыйна цесных узбекска-беларускіх адносін дружбы і партнёрства. Дзякуючы ўзаемнай палітычнай волі і практычным крокам двухбаковае супрацоўніцтва выйшла на больш высокі ўзровень і набыло канкрэтны змест. Сёння мы назіраем інтэнсіўныя кантакты на ўсіх узроўнях, актыўна ўзаемадзейнічаюць бізнес і рэгіёны. У разы павялічыліся аб'ёмы тавараабароту, паспяхова рэалізуюцца праекты кааперацыі ў розных галінах эканомікі. Пашыраецца культурна-гуманітарны абмен".

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у віншаванні Аляксандру Лукашэнку адзначыў, што, прайшоўшы праз горан Вялікай Айчыннай вайны, абапіраючыся на моцныя векавыя вузы дружбы і ўзаемнага даверу, народы абедзвюх краін стварылі сур'ёзны фундамент для іх прымнажэння і далейшага пашырэння ў рэчышчы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння Арменіі і Беларусі. "Упэўнены, што паслядоўнае нарошчванне армяна-беларускіх адносін як на двухбаковай аснове, так і ў рамках шматбаковых аб'яднанняў дасць магчымасць рэалізаваць значны патэнцыял супрацоўніцтва нашых дзяржаў, сумесна ажыццявіць новыя ўзаемавыгадныя праекты ў інтарэсах народаў нашых краін", - гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у віншавальным пасланні Прэзідэнту Беларусі адзначыў, што 2019 год азнаменаваўся прадаўжэннем інтэнсіфікацыі двухбаковых адносін паміж дзвюма краінамі ў палітычнай, эканамічнай і парламенцкай сферах. "Будзьце ўпэўнены, што Францыя выступае за паглыбленне дыялогу з суседнімі дзяржавамі Еўрапейскага саюза ў мэтах садзейнічання лепшаму разуменню нашых узаемных палітычных напрамкаў", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер звярнуў увагу, што за апошнія гады ў адносінах паміж дзвюма краінамі мае месца значная інтэнсіфікацыя. "Я рады таму, што праз сумесную цырымонію ў Малым Трасцянцы ў чэрвені 2018 года нам удалося даць гістарычны сігнал для сумеснай памяці. Падрыхтоўка да стварэння двухбаковай гістарычнай камісіі знаходзіцца на правільным шляху, - гаворыцца ў віншаванні. - Дзейнасць Рэспублікі Беларусь у справе сумесных намаганняў еўрапейскіх краін дзеля захавання міру і бяспекі, не ў апошнюю чаргу ў якасці пляцоўкі для мінскіх перагавораў, таксама заслугоўвае нашага прызнання".

Аляксандра Лукашэнку і дружалюбны беларускі народ павіншаваў Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган: "Мы надаём значэнне ўмацаванню і вывядзенню на больш высокія ўзроўні ва ўсіх сферах нашых адносін, якія заснаваны на ўзаемнай павазе і агульнай выгадзе. У сувязі з гэтым я веру, што ваш візіт, які адбыўся ў красавіку бягучага года, надасць новы імпульс нашым двухбаковым адносінам і яшчэ больш умацуе наша ўзаемнае супрацоўніцтва ў наступным перыядзе".

Віншавальнае пасланне Прэзідэнту Беларусі накіраваў Прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў. "Перакананы, што існуючыя традыцыйныя гістарычныя сувязі, культурная блізкасць і ўзаемная павага паміж нашымі народамі будуць і ў далейшым заставацца трывалай асновай для больш актыўнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Балгарыя і Рэспублікай Беларусь у сферы ўзаемных інтарэсаў", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт Латвіі Раймандс Веёніс у віншавальным пасланні, якое паступіла ад яго, выказаў перакананне, што існуючыя дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі будуць прадаўжаць развівацца ў наступныя гады. Ён таксама разлічвае на далейшае паглыбленне адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам.

Прэзідэнт Венгрыі Янаш Адэр падкрэсліў, што яго краіна па-ранейшаму адкрыта для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю. "Венгрыя з цікавасцю назірае за працэсамі, накіраванымі на сацыяльнае развіццё і мадэрнізацыю эканомікі Беларусі, што ў сваю чаргу садзейнічае паспяховаму вырашэнню глабальных задач, якія важны для ўсіх нас", - адзначыў ён.

Сардэчныя віншаванні і найлепшыя пажаданні кіраўніку дзяржавы і дружалюбнаму беларускаму народу адрасаваў Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён падкрэсліў, што дзве краіны звязваюць шматгадовыя дружалюбныя адносіны, у аснову якіх закладзены прынцыпы раўнапраўя, павагі і даверу. "Упэўнены, што дасягнуты высокі ўзровень дружбы і ўзаемаразумення паміж нашымі краінамі будзе і далей служыць надзейнай асновай для развіцця туркмена-беларускага міждзяржаўнага дыялогу ў духу канструктыўнага партнёрства на карысць народаў дзвюх краін", - гаворыцца ў віншаванні.

Ад Прэзідэнта Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Халіфы бен Заіда аль-Нахаяна перададзены пажаданні здароўя, шчасця і пастаянных поспехаў Прэзідэнту Беларусі, а таксама дабра і шчасця народу краіны.

Віншаванні паступілі ад Наследнага прынца Абу-Дабі, намесніка вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ шэйха Мухамеда бен Заіда аль-Нахаяна, віцэ-прэзідэнта, прэм'ер-міністра ААЭ, кіраўніка Дубая шэйха Мухамеда бен Рашыда аль-Мактума.

У віншавальнай тэлеграме ад Прэзідэнта В'етнама Нгуен Фу Чонга падкрэсліваецца, што ў В'етнаме рады поспехам, дасягнутым беларускім народам у будаўніцтве і развіцці краіны. "Мы ўпэўнены, што пад кіраўніцтвам Прэзідэнта, сілай волі і нястомнай творчай працы беларускага народа Беларусь са сваім вялікім патэнцыялам стане яшчэ больш працвітаючай, захавае ў далейшым дастойную пазіцыю ў рэгіёне і свеце, - гаворыцца ў віншаванні. - Адносіны традыцыйнай дружбы і супрацоўніцтва паміж В'етнамам і Беларуссю няўхільна ўмацоўваюцца і развіваюцца. Актыўная рэалізацыя дасягнутых нашымі краінамі дамоўленасцей, а таксама Пагаднення аб свабодным гандлі паміж В'етнамам і Еўразійскім эканамічным саюзам, членам якога з'яўляецца Беларусь, мае вельмі важнае значэнне, уносіць свой уклад у якаснае паглыбленне в'етнамска-беларускіх адносін, у сацыяльна-эканамічнае развіццё і павышэнне пазіцыі кожнай краіны ў рэгіёне і ў свеце".

Далейшага развіцця Беларусі і дабрабыту ўсім яе грамадзянам пажадаў у сваім віншаванні Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. "Гэты дзень таксама важны для ўсіх беларускіх сяброў, якія паважаюць вечныя каштоўнасці свабоды і незалежнасці. Мяне, вашага шчырага сябра, радуе той факт, што Беларусь як моцная і незалежная дзяржава дабіваецца вялікіх поспехаў дзякуючы вашаму яснаму бачанню і палітычнай думцы", - адзначаецца ў віншаванні беларускаму лідару.

Прэзідэнт Сербіі яшчэ раз павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы з паспяховым правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў і выказаў удзячнасць за гасціннасць у час яго знаходжання ў Мінску. "Надаю вялікае значэнне развіццю сербска-беларускіх адносін, заснаваных на традыцыйнай дружбе і ўзаемаразуменні, і перакананы, што і ў будучым сумесна будзем уносіць вялікі ўклад у іх развіццё. Новым этапам у нашым інтэнсіўным двухбаковым супрацоўніцтве стане ваш маючы адбыцца візіт, якому я шчыра рады", - упэўнены сербскі лідар.

Са святам Аляксандра Лукашэнку і беларускі народ павіншаваў Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён адзначыў, што за гады незалежнасці Беларусь заняла дастойнае месца сярод краін рэгіёна, дэманструючы прыхільнасць да міру, рэгіянальнай стабільнасці, а таксама ўпэўненае развіццё нацыянальнай эканомікі. "Народы Украіны і Беларусі заўсёды звязвалі ўзаемавыгадныя добрасуседскія і партнёрскія адносіны, далейшаму развіццю і ўмацаванню якіх Украіна заўсёды будзе надаваць прыярытэтнае значэнне. Упэўнены, што гэтаму будуць садзейнічаць нашы сумесныя намаганні і канструктыўны палітычны дыялог, у тым ліку ў час II Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі восенню гэтага года", - гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт Украіны (1994-2005 гады) Леанід Кучма ў віншаванні з Днём Незалежнасці падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за дапамогу ў справе вяртання міру на ўкраінскую зямлю і выказаў надзею на прадаўжэнне ўзаемавыгадных адносін паміж Беларуссю і Украінай. "Незалежнасць беларускага народа, выпакутаваная многімі пакаленнямі, з'яўляецца галоўнай яго каштоўнасцю і ні пры якіх абставінах не можа выклікаць сумнення. Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце цвёрда і паслядоўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы мільёнаў беларусаў, якім я хачу ад усёй душы пажадаць працвітання і дабрабыту", - гаворыцца ў віншаванні.

Сардэчныя віншаванні ў сувязі з дзяржаўным святам Беларусі накіраваў і Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен: "2019 год з'яўляецца знамянальным у нашых двухбаковых адносінах. Я буду рады вітаць вас у лістападзе ў Вене. Таксама хацеў бы скарыстацца гэтай магчымасцю, каб пажадаць вам асабістага дабрабыту і ўсяго найлепшага, а таксама шчаслівай будучыні для беларускага народа".

Кароль Бельгіі Філіп з нагоды Дня Незалежнасці выказаў Прэзідэнту Беларусі віншаванні, а таксама перадаў пажаданні шчасця і дабрабыту як кіраўніку беларускай дзяржавы асабіста, так і ўсяму беларускаму народу.

Гераічныя дзеянні Беларусі ў барацьбе з фашысцкай агрэсіяй адзначаюцца ў віншаванні ад імя Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры. Ён таксама падкрэсліў прынцыповую пазіцыю Беларусі ў пытанні захавання прынцыпаў міжнароднага права як адзінага механізма, які дае магчымасць забяспечыць мірнае суіснаванне на планеце. "Нас аб'ядноўвае жаданне сумесна працаваць у імя абароны роўнасці, справядлівасці і міру, а таксама стварэння светапарадку, свабоднага ад праяўленняў гегеманізму", - канстатаваў Прэзідэнт Венесуэлы. Ён пацвердзіў жаданне і гатоўнасць і ў далейшым пашыраць і ўмацоўваць існуючыя адносіны стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Венесуэлай.

Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Ін таксама перадаў кіраўніку дзяржавы і беларускаму народу шчырыя віншаванні з нагоды Дня Незалежнасці: "Дружалюбныя карэйска-беларускія адносіны стабільна развіваліся з гадамі дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню ў розных сферах. Я спадзяюся на тое, што нашы краіны і далей будуць паглыбляць і ўмацоўваць цеснае супрацоўніцтва, надаючы яму ўзаемавыгадны і арыентаваны на будучыню характар. Перакананы ў тым, што дружба паміж народамі дзвюх краін будзе і ў далейшым усё больш умацоўвацца".

Віншаванне паступіла і ад імя Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага народнага сходу Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Чхве Рэн Хэ. Ён выказаў упэўненасць у тым, што традыцыйныя адносіны дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі будуць атрымліваць далейшае ўмацаванне і развіццё.

У заяве Дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі падкрэсліваецца, што Злучаныя Штаты з'яўляюцца непахісным прыхільнікам незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. "Паважанне правоў і свабод чалавека, а таксама бесперапыннае развіццё дэмакратычных прынцыпаў маюць ключавое значэнне для пабудовы працвітаючых, устойлівых і мірных дзяржаў. Мы спадзяёмся на прадаўжэнне дыялогу па гэтых пытаннях у інтарэсах абедзвюх нашых краін. У гэты дзень я жадаю народу Беларусі ўсяго найлепшага", - адзначыў ён.

Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель Бермудэс у сваім віншаванні запэўніў Прэзідэнта Беларусі ў гатоўнасці яго краіны да далейшага ўмацавання адносін.

Кароль Тайланда Маха Вачыралангкорн пажадаў Аляксандру Лукашэнку добрага здароўя і шчасця, а Беларусі і яе народу - далейшага прагрэсу і працвітання. "Перакананы, што Тайланд і Рэспубліка Беларусь будуць і далей узаемадзейнічаць больш цесна для ўмацавання нашых сувязей дружбы і супрацоўніцтва на карысць узаемных інтарэсаў", - адзначаецца ў віншаванні, якое паступіла ад яго.

Працвітання і дабрабыту краіне і народу Беларусі пажадаў Прэзідэнт Дзяржавы Палесціна Махмуд Абас.

Прэзідэнт Сінгапура Халіма Якаб выказала пажаданні захавання міру, прагрэсіўнага развіцця і шчасця Беларусі і яе народу.

Віншаванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі і беларускага народа з Днём Незалежнасці прадаўжаюць паступаць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі