Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 мая 2022, 12:32

"Вашы грошы трацяцца на звычайны генацыд!" Моцны зварот Лукашэнкі да народаў краін Захаду

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з выпадку 77-й гадавіны Вялікай Перамогі звярнуўся да народаў краін Захаду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы і брацкія ім народы памятаюць і разумеюць значэнне Вялікай Перамогі не толькі ў сваім жыцці, але і ў лёсе свету.

"Мы даражым гэтай старонкай гісторыі, захоўваем у сэрцы боль аб стратах і гонар за нашых слаўных пераможцаў. Мы проста не маем права і не можам гэта забыць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму, звяртаючыся да сучасных пакаленняў, я перш за ўсё адрасую сваё пасланне тым, хто жыве ў тумане хлусні і падману, хто пазбаўлены магчымасці вывучаць праўдзівую гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ў школах. Тым, на чыіх вуліцах усё мацней гучаць лозунгі маршыруючых ветэранаў СС і неафашыстаў. Я адрасую гэта пасланне ад імя беларускага народа тым, хто Дзень Перамогі аб'явіў па-за законам, хто разбурае помнікі загінулым вызваліцелям і перш за ўсё савецкаму салдату".

"Ведаючы і разумеючы месца Беларусі і сваё месца ў сістэме каардынат цяперашняй планеты, я тым не менш як прадстаўнік народа-пераможцы звяртаюся да народаў краін Захаду. Падкрэсліваю: мой сённяшні зварот - да вас, людзей такіх жа, як і мы. Вашы палітыкі зрабілі вельмі многае, каб вы забылі, каму свет абавязаны вызваленнем ад фашызму. Сёння не многія з людзей, якія жывуць за межамі Беларусі і Расіі, ведаюць, што Другую сусветную вайну выйграў савецкі салдат, Савецкі Саюз, што Другі фронт, аб якім сёння шмат гавораць на Захадзе, адкрылі толькі летам 44-га года мінулага стагоддзя - тады, калі перамога СССР стала відавочнай", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў перамаганосным наступе Чырвонай арміі, які прывёў да разгрому фашысцкай Германіі, цяперашнія ўладары свету тады ўбачылі пагрозу, як бы гэта сёння ні здавалася дзіўным. Таму імі адразу быў узяты курс на ачарненне і дэманізацыю Савецкага Саюза і славянскага свету, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Хоць пасля пераможнага мая Савецкі Саюз, ЗША і іншыя пераможцы разам, аднагалосна вынеслі прыгавор нацызму ў Нюрнбергу. І ўсе былі ўпэўнены, што бесчалавечная ідэалогія расавай перавагі раздаўлена і што яе чорны цень ніколі больш не ўзнікне над нашай планетай. Але што бачым сёння: сярэдневяковая барацьба за тэрыторыі і рэсурсы прадаўжаецца, толькі на змену крыжовым паходам прыйшла экспансія замежных фондаў. Тую ж агрэсію назіраем цяпер пад лозунгамі захавання правоў чалавека і нейкага ўстойлівага развіцця краін", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, на самай справе заходнія палітыкі не хочуць прызнаваць, што мільярды людзей на Зямлі стагоддзямі жывуць па сваіх законах. Каб стварыць свет па свайму вобразу і падабенству, Захад спрабуе аслабіць тых, хто жыве і думае інакш.

"Звяртаючыся сёння да народаў Захаду, хачу сказаць: вы ж не настолькі сляпыя, каб не разумець усе жахлівыя наступствы праваленых спроб сілавога пераўладкавання Лівіі, Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Гэта ж усё было на нашай памяці. Пераўладкавалі? Дэмакратыя пад крылом натаўскіх самалётаў пакінула народам гэтых краін толькі боль і пакуты, ахвяры і разбурэнні, эканамічны хаос і ўсякую адсутнасць перспектыў. І ніякі марыянетачны ўрад, які вы прывялі там да ўлады, не здольны зрабіць квітнеючы аазіс. Я хачу, каб вы, народы Захаду, простыя людзі ў Парыжы і Берліне, Варшаве, Нью-Ёрку, Бруселі, Амстэрдаме, якія жывуць марамі аб зелянеючай Сахары, планамі выратавання лясоў Амазоніі і накормленых дзецях Афрыкі, ведалі, што вашы грошы, вельмі шмат вашых грошай траціцца на самы звычайны генацыд", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што жыхароў заходніх краін іх палітыкі выкарыстоўвалі ўсляпую ў Югаславіі, Лівіі, Іраку, Афганістане, а цяпер ва Украіне.

"На шматпакутнай зямлі сёння грымяць выбухі і гінуць людзі. Так званыя нацбаты знішчаюць свой народ па этнічнай прыкмеце. Але агрэсарам калектыўны Захад называе Маскву і Мінск, таму і спрабуе выкрасліць з гісторыі нашу культуру, рускую культуру, мову і шматвяковыя традыцыі, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Не дзіўна, што мы, беларусы, падзяляем разам з расіянамі цяжар незаконных санкцый і абмежаванняў, ад якіх вам, простым еўрапейцам і амерыканцам, будзе нанесены большы ўрон, чым нам. Вы гэта ўжо адчулі. Але гэта толькі пачатак".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што большасць грамадзян планеты выступаюць за новы, справядлівы свет без дыскрымінацыі і санкцый, у якім усе народы свабодныя і раўнапраўныя, а пытанні і праблемы вырашаюцца шляхам дыялогу. "Але вашы ўлады ніколі не скажуць вам праўду", - перакананы ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі