
12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 12 чэрвеня сабраў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас устанавілася добрая практыка работы з урадам, калі мы абмяркоўваем злабадзённыя пытанні, якія выносяцца на ўзровень Прэзідэнта. Зразумела, прапрацаваныя ўжо не толькі ва ўрадзе, але і ў апошняй інстанцыі - у вас у Адміністрацыі Прэзідэнта. Абмяркоўваем і прымаем рашэнне па гэтых пытаннях. Хацелася б, каб такая практыка назаўсёды засталася і ў нашай рабоце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў краіне даўно завяршылася выбарчая кампанія. Абяцанні людзям дадзены, вызначана стратэгія палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў. "Па асобных напрамках на Усебеларускім народным сходзе мы яшчэ раз закранём гэту праблему (вельмі сур'ёзна трэба рыхтаваць УНС) і абмяркуем не тое што бліжэйшыя нашы планы, а планы на сярэднетэрміновую перспектыву. Прынамсі, на пяцігодку", - адзначыў Прэзідэнт.
"Вы з'яўляецеся палітычным штабам Прэзідэнта і кантралюючым органам. І бар'ерам адпаведным ад іншых структур перад Прэзідэнтам. Надзелены шэрагам функцый, якія ўскладаюць на вас немалую адказнасць за вынік, да якога імкнецца ўся краіна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што праз экспертызу Адміністрацыі Прэзідэнта праходзяць практычна ўсе ключавыя назначэнні і рашэнні, якія прымаюцца на самым высокім узроўні.

"І я не перабольшваю, калі гавару, што работа ў Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніка Адміністрацыі, кіраўніцтва - гэта "гарачая скавародка". Мэта далейшай работы - абазначыць вузкія месцы, адкарэкціраваць падыходы да вырашэння тых задач, якія былі пастаўлены перад краінай", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-