
Аляксандр Лукашэнка
4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў сваім давераным асобам за праведзеную ў ходзе перадвыбарнай кампаніі работу, а таксама беларускаму народу за аказаны давер і падтрымку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Карыстаючыся выпадкам, я перш за ўсё хачу, падзякаваўшы вам за работу, падзякаваць нашым людзям. І беларускі народ павінен ведаць, пра гэта будзе сказана яшчэ на інаўгурацыі, што мы будзем старацца зрабіць усё для таго, каб людзі не пашкадавалі, што прагаласавалі за нас", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі замахнуліся на правядзенне своеасаблівых і, можна сказаць, арыгінальных выбараў. "Вы паглядзіце: ціха, спакойна, не так, як нехта хацеў. І нашаму палкоўніку (гаворка пра ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава. - Заўвага БЕЛТА) ужо не трэба было са сцягам выходзіць і там змагацца з імі. Ціха, спакойна прайшлі выбары. Яны (апаненты. - Заўвага БЕЛТА), разявіўшы рот, да гэтага часу ходзяць і думаюць, як гэта так магчыма. Краіна ў цэнтры Еўропы! Магчыма. Калі ёсць нармальны дыялог і дамоўленасць, кампраміс нармальны з народам. Але гэта трэба нам апраўдаць, чаго б нам ні каштавала", - сказаў Прэзідэнт.
"Вам за мяне сорамна не будзе. Гэта я вам адназначна гавару. Што там пра мяне ні пісалі б і ні гаварылі б. Усе чакалі, што я памру, хворы. Выбары прайшлі. Аказваецца - не хворы. Гэта значыць, гэта быў план адпаведны, дзе адзін з пунктаў - ціснуць на гэта. І думалі, што народ наш за гэта схопіцца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даў пазітыўную ацэнку дакументальна-аналітычнаму цыклу Белтэлерадыёкампаніі "Час выбраў нас": "Эйсмант (старшыня Белтэлерадыёкампаніі і вядучы праекта Іван Эйсмант. - Заўвага БЕЛТА) сваімі серыямі знішчыў іх (апанентаў. - Заўвага БЕЛТА) начыста. Калі людзі бачаць, з чаго мы пачыналі… Нават я ўжо забыў, гляджу: "Так, сапраўды, гэта ж было". І калі гэта людзі, моладзь бачаць, ад чаго мы ішлі і да чаго прыйшлі, яны пачынаюць разумець сітуацыю, якая ў нас складваецца".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз папрасіў давераных асоб не адыходзіць ад актыўнай работы ў грамадстве, бо гэта ў адносінах да людзей было б нават непрыстойна. "Вы ж нямала сустрэч правялі з людзьмі. Людзі ж падумаюць: "Вось, прыйшлі, пагаварылі і пайшлі, іх не відаць". Вас павінна быць усюды многа. Вось ваша задача. Убачылі недахопы - праінфармуйце органы ўлады. Не - далажыце мне, будзем прымаць меры. Мы дамаўляліся аб тым, што вы акумулюеце ўсе пытанні, якія ў выніку сустрэч з людзьмі ў працоўных калектывах, арганізацыях, установах вам паступілі. Тыя пытанні, за якія мы адказваем, мы іх павінны абавязкова рэалізаваць. Гэта такі першы крок работы з людзьмі", - арыентуе кіраўнік дзяржавы.-0-