Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 красавіка 2021, 15:15

Узгоднены кадравыя назначэнні ў мясцовай вертыкалі Гродзенскай і Мінскай абласцей

30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасаду першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама зойме Юрый Валяваты. Ён пайшоў на павышэнне з пасады старшыні Мастоўскага райвыканкама.

Дзяніс Курленка пасля працы на чале камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама пераходзіць на пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама.

Воранаўскі раён узначаліць Дзмітрый Захарчук. У яго ўжо ёсць вопыт у раённай вертыкалі на пасадзе намесніка старшыні - начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ваўкавыскага райвыканкама.

Новы кіраўнік таксама ў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна - Ігар Бабыр. Яго папярэдняе месца працы - ААТ "Гродна Азот", дзе ён працаваў на пасадзе генеральнага дырэктара з верасня 2017-га па студзень 2021 года.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ходам пасяўной кампаніі ў асобных раёнах і ў разрэзе рэгіёнаў. Падрабязна абмяркоўваліся метэаралагічныя ўмовы, якія склаліся, стан азімых культур, тэмпы пасяўной. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дынамічна праводзіць пасяўныя работы і ў цэлым завяршыць іх да 9 мая. "Зацягваць не трэба пасяўную кампанію. Як кажуць, дзень год корміць", - нагадаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі, якую трэба своечасова абслугоўваць, не дапускаць, каб яна прастойвала.

Кіраўнік дзяржавы, прымаючы кадравыя рашэнні, пацікавіўся грамадска-палітычнай абстаноўкай у рэгіёнах. У прыватнасці, размова ішла аб сітуацыі ў Гродне. Паводле слоў прадстаўнікоў мясцовай улады, цяпер абстаноўка спакойная.

"Напэўна, ужо галаву ў рукі ўзялі некаторыя, якія выпадкова туды трапілі (размова пра ўдзел грамадзян у несанкцыянаваных акцыях у другой палове 2020 года. - Заўвага БЕЛТА)", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папярэдзіў, каб кіраўнікі на месцах удзялялі асаблівую ўвагу рабоце з людзьмі - усім неабходна зрабіць адпаведныя высновы з таго, што адбылося. "Мы ведаем, хто ёсць хто, з кім можна працаваць, з кім нельга. І самі можам зрабіць пэўныя высновы на будучае, таму што недахопаў і ва ўсіх нас хапала. Трэба звярнуць на гэту ўвагу", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі