Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Узгоднена назначэнне новага кіраўніцтва Пінскага, Лепельскага і Браслаўскага райвыканкамаў

Прэзідэнт 18.09.2018 | 11:43

18 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасаду старшыні Пінскага райвыканкама ўзгоднены Ігар Брылевіч, які да гэтага часу працаваў на пасадзе дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства філіяла "Невель" ААТ "Пінскі мясакамбінат".

У сваю чаргу цяперашні старшыня Пінскага райвыканкама Валерый Рабкавец узгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Міхаіл Кісялевіч будзе кіраваць Лепельскім райвыканкамам, а яго папярэднік Барыс Яфрэмаў зойме пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. Раней Міхаіл Кісялевіч працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні гэтага ж райвыканкама.

Браслаўскі райвыканкам узначаліць Аляксандр Баданін. Яго папярэдняя пасада - намеснік старшыні Мёрскага райвыканкама.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне парламентарыя Івана Маркевіча намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама.

Узгадняючы назначэнне новых кіраўнікоў раёнаў, Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся іх папярэднім вопытам работы, сітуацыяй на месцах, развіццём тых ці іншых напрамкаў народнай гаспадаркі.

"Я бачу, што гэтыя спецыялісты - людзі не выпадковыя і талковыя. Вельмі хацелася б, каб новая генерацыя такіх людзей была ў нас пабольш і каб вынік быў большы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, кандыдатуры двух з трох новых кіраўнікоў раёнаў падабраны са сфарміраванай нядаўна спецыяльнай групы рэзерву Адміністрацыі Прэзідэнта, куды ўваходзяць кіраўнікі рэгіянальнага ўзроўню ва ўзросце да 40 гадоў.

"Краіну камусьці трэба браць у рукі (размова аб падрыхтоўцы і падтрымцы новага пакалення перспектыўных кіраўнікоў. - Заўвага БЕЛТА) і не страціць яе, каб сапраўды мы былі незалежныя і суверэнныя. Не на словах, а на справе", - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.

Разглядаючы сітуацыю ў Пінскім раёне, кіраўнік дзяржавы цікавіўся вопытам па аб'яднанні прадпрыемстваў у сферы АПК, папярэдзіўшы, што гэты працэс нельга ажыццяўляць штучна. Каб, з аднаго боку, прадпрыемства-інтэгратар магло нешта даць і надаць імпульс развіцця далучаемаму, а з іншага боку, не загубіць эканоміку абедзвюх арганізацый. "Глядзіце, каб не было штучнага аб'яднання, дзяльбы і да таго падобнае", - адзначыў беларускі лідар.

"Гэта вельмі буйны раён. Трэба будзе займацца гэтак жа, як займаемся Оршай, паглядзець прадпрыемствы, у іх не тая сітуацыя, што ў Оршы. Тым не менш па гэтым шляху нам трэба рухацца. І вы на гэта звярніце ўвагу. Гэты трэнд, асноўны напрамак вам трэба ўлічваць. Буйныя гарады (мы іх называем "сярэднія" на рэспубліканскім узроўні) мы павінны ажывіць, калі гэта неабходна, і падняць на больш высокі ўзровень. Але галоўнае - гэта вытворчасць, каб было дзе людзям зачапіцца, каб яны маглі працаваць і атрымліваць заработную плату", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У ліку такіх гарадоў Аляксандр Лукашэнка назваў Оршу, Барысаў, Баранавічы, Ліду, Бабруйск, Полацк, Мазыр. "Асабліва Пінск. Гэта паўднёвая апора наша. Асабліва пры такім насельніцтве. Я ў вас буду ў наступным годзе, і мы паглядзім на тую праграму, якую вы распрацуеце разам з губернатарам. І будзем ужо або падтрымліваць, або неяк паднаціскаць на вас, каб, не дай бог, не паўтарылася тое, што было ў Оршы", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца Браслаўскага раёна, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па развіцці гэтага рэгіёна прымалася шмат рашэнняў. "Яны сяк-так працуюць. Звярніце ўвагу на тое, каб кожны кавалачак зямлі працаваў. А тое, што ён працаваць можа, я пераканаўся ў гэтым годзе. Зразумела, што і Мёрскі, і Браслаўскі раён - гэта не Слуцкі раён. Праблемы там іншыя - драбнаконтурнасць, не тая ўрадлівасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней прапаноўваў падумаць над тым, каб у Браслаўскім раёне, улічваючы мясцовыя асаблівасці, больш актыўна развіваць фермерскія гаспадаркі. "Ну так... паслухалі, і, я гавару, сяк-так. Таму вы паглядзіце, як задзейнічаць кожны кавалачак зямлі", - даручыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хоць па шэрагу магчымасцей у развіцці сельскай гаспадаркі паўночныя землі ў Беларусі адстаюць ад паўднёвых раёнаў, аднак там ёсць свая прыгажосць і тое, на чым можна зарабляць грошы. "Браслаўскі раён трэба паднімаць. Гэта жамчужына нашай Беларусі", - сказаў ён.

Асаблівыя падыходы ў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі патрэбы і ў Лепельскім раёне, як і ў Віцебскай вобласці ў цэлым. "Вядома, там трэба для сябе дакладна выбудаваць праграму, як будзем дзейнічаць. Мы цяпер сур'ёзна ўзяліся за Віцебскую вобласць, асабліва ў сельскай гаспадарцы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачу па вызначэнні аптымальнага для таго ці іншага раёна севазвароту, падборы культур, што вырошчваюцца. "Калі там не растуць збожжавыя, мы іх убраць не можам і своечасова пасеяць, дык іх трэба сеяць столькі, колькі трэба. Не трэба дзеля нейкіх аб'ёмаў. Трэба атрымліваць столькі, колькі трэба збожжавых. А астатнія - травы, кукуруза, каб быў корм, каб накарміць жывёлу", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Тое ж самае датычыцца і пытанняў свінагадоўлі, птушкагадоўлі, утрымлівання і адкорму БРЖ - зыходзячы з прыродных і кліматычных умоў, усюды неабходна дакладна вызначыцца з прыярытэтамі і спецыялізацыяй.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Як падрыхтаваць аўтамабіль да зімы Зімовы набор аўтааматара: трос, правады для "прыкурвання", скрабок са шчоткай, рызінавыя дыванкі з высокім бортам, шчыток для радыятара.