Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 верасня 2022, 12:48

Уладальнікаў аграсядзіб у Беларусі чакаюць змяненні. Што прапануе ўрад і якая пазіцыя Лукашэнкі

9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абноўлены праект указа па развіцці аграэкатурызму ў Беларусі вынесены на нараду кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Некалі я згадзіўся і даў старт гэтаму цудоўнаму працэсу. Каб людзі, якія жывуць у вёсцы ў цудоўных кутках нашай прыроды, змаглі паказаць гэты дар божы людзям. Тым больш іншаземцы прыязджаюць. Каб ім (уладальнікам аграсядзіб. - Заўвага БЕЛТА) прадаставіць ільготы, каб яны маглі зарабіць, каб даць штуршок развіццю гэтых хутароў, "мядзведжых" куткоў і іншага, - сказаў Прэзідэнт. - Сфера вельмі значная ў плане мадэрнізацыі і развіцця сучаснай інфраструктуры ў вёсцы, стварэння рабочых месцаў, захавання і прымнажэння нашых нацыянальных культурных традыцый, выхавання беражлівага стаўлення да прыроды".

Аднак кіраўніку дзяржавы дакладваюць, што асобныя нормы ўказа, які рэгулюе сферу аграэкатурызму (ад 9 кастрычніка 2017 г. нумар 365), выконваюцца фармальна. У якасці прыкладаў прыводзяцца канкрэтныя факты. Так, не выкаранены выпадкі, калі пад выглядам аграсядзіб на сістэмнай аснове працвітаюць гасцінічны і рэстаранны бізнесы, асабліва паблізу вялікіх гарадоў. Аднак падаткі плацяцца не як з гэтых відаў дзейнасці. "Гасцінічны бізнес у горадзе бачны, празрысты. Яны плацяць адпаведныя падаткі. У тым ліку і рэстараны. Побач з горадам у цудоўных месцах пад выглядам аграэкатурызму пабудавалі гасцініцы. Калі ласка, я не супраць. Але плаціце падаткі, як усе гасцінічныя комплексы. Пабудавалі шыкоўныя рэстараны на прыродзе. Таксама не супраць. Няхай будзе. Але плаціце падаткі, як увесь рэстаранны бізнес. Не, яны ж ільготы маюць і аформілі сябе як аграэкатурызм", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка на несправядлівасць сітуацыі, якая складваецца.

Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, што плануецца для ўпарадкавання дзейнасці нядобрасумленных уладальнікаў аграсядзіб, якія ператварылі іх выключна ў гасцінічныя комплексы. "Што да іх прад'яўляць прэтэнзіі... Мы павінны былі заўважыць гэты працэс. У самым пачатку", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як прапановы, што абмяркоўваюцца, паўплываюць на сядзібы, размешчаныя далёка ад вялікіх гарадоў: "Яны перажылі няпросты каранавірусны час, працуюць сумленна і прадаўжаюць карпатліва год за годам развіваць свой патэнцыял. Адна справа каля буйных гарадоў на бойкіх месцах пад выглядам аграэкасядзіб арганізавалі гасцініцы і рэстараны, а іншая - гэтыя ж аграсядзібы, якія створаны ў "мядзведжых" кутках. Як у Адэсе гаварылі, дзве вялікія розніцы".

"І, што вельмі важна, як прапанаваныя змяненні будуць стымуляваць развіццё рэгіянальнай ініцыятывы і канкрэтных тэрыторый?" - паставіў пытанне беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі