
14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Структура ўнутраных войскаў МУС будзе ўдасканалена, а ліцэі МУС з'явяцца ў розных рэгіёнах краіны. Аб гэтых і іншых змяненнях расказаў журналістам міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пасля даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку аб стане аператыўнай абстаноўкі ў краіне і развіцці сістэмы органаў унутраных спраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр далажыў кіраўніку дзяржавы аб некалькіх прапановах па ўдасканаленні работы органаў унутраных спраў. Адна з іх датычылася змянення структуры ўнутраных войскаў. Прэзідэнт цалкам прапановы падтрымаў і паставіў яшчэ шэраг задач па ўдасканаленні работы УВ МУС, паведаміў Іван Кубракоў.
Размова ішла таксама аб падрыхтоўцы кадраў для МУС. Цяпер яна пачынаецца з 9 гадоў, калі дзеці могуць прыйсці ў патрыятычныя клубы, створаныя пры воінскіх часцях УВ МУС. Яны налічваюць ужо каля 2 тыс. чалавек і добра сябе зарэкамендавалі.

Наступная ступень адукацыі - ліцэй МУС. У гэтым годзе конкурс туды перасягаў 3 чалавекі на месца. Далей - інстытут, акадэмія МУС, вучэбны цэнтр. Іван Кубракоў агучыў прапанову стварыць ліцэй МУС у Магілёве. Прэзідэнт паставіў задачу шырэй - стварыць ліцэі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яе выкананне органы ўнутраных спраў пачнуць неадкладна, запэўніў міністр.-0-