7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з членамі ўрада і старшынямі аблвыканкамаў запатрабаваў своечасова пачынаць рыхтавацца да азімай сяўбы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выходзіць у поле негатовымі тэхналагічна да сяўбы нельга, проста не трэба сеяць. За гэта адкажуць губернатары і адпаведныя міністэрствы па поўнай. Хопіць ужо дурасцю займацца і падманваць саміх сябе. У пустую, як кажуць вяскоўцы, зямлю зерне класці злачынна. Падрыхтуйце як належыць глебу і пасейце ў агратэхнічна аптымальныя тэрміны. Не паспяваеце - не рабіце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да губернатараў, ён адзначыў, што землі гаспадарак, якія не паспяваюць падрыхтаваць да азімай сяўбы, можна аддаць прадпрыемствам, якія маюць патрэбу ў зерні. "Але гэта трэба зрабіць цяпер, каб яны своечасова маглі падрыхтаваць глебу, пасеяць і забраць гэта зерне", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэмпы ўборачнай кампаніі. Паводле яго слоў, яе трэба праводзіць хутчэй, аднак вялікіх праблем пакуль з гэтым няма. "Не хачу сказаць, што мяне насцярожваюць тэмпы ўборкі ўраджаю. Такі ўраджай збожжавых, мы, вядома ж, збяром. Гэта не праблема. Каля сямі мільёнаў тон - гэта не той узровень, які мы можам дасягнуць або рэалізаваць на ўборцы ўраджаю, паколькі тэхнічна аснашчаны як ніколі. Мы і дзесяць мільёнаў тон можам за месяц убраць", - адзначыў ён.-0-