Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 чэрвеня 2020, 11:51

У Лукашэнкі абмеркавалі ход будаўніцтва пад Мінскам высокатэхналагічнай агравытворчасці

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння нараду, на якой абмяркоўвалася рэалізацыя праекта па арганізацыі пад Мінскам высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта наша першае прадпрыемства ў такой галіне. І яно будзе сканцэнтравана на высокаэфектыўным кармленні жывёл, у выніку чаго атрымаем каласальны эфект у жывёлагадоўлі і сумежных галінах. Гэта прадпрыемства, якое мы будуем пад Мінскам, накшталт атамнай станцыі, першы блок якой запускаем у бліжэйшы час, накшталт стварэння ў Беларусі высокадакладнай зброі, касмічных праектаў, якія мы ажыццявілі і прадаўжаем працаваць. Гэта звязана з найвышэйшымі тэхналогіямі, гэта будучыня. Дадайце да гэтага яшчэ ІТ-парк і лічбавізацыю нашай краіны, не толькі эканомікі. Гэта будучыня нашай дзяржавы, як і любой іншай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, асобныя людзі спецыяльна "забылі", што ў краіне цяпер працуюць над каласальнымі, мільярднымі праектамі, звязанымі з высокімі тэхналогіямі. "Гэта праекты, якія дадуць магчымасць зазірнуць у будучыню. Можа, камусьці хацелася, каб гэта было больш маштабна, шырока. Але трэба разумець, што гэта велізарныя грошы. Такое прадпрыемства не новае ў свеце, але, зразумела, не кожная краіна можа сабе дазволіць такое. У садружнасці з Кітайскай Народнай Рэспублікай, па дамоўленасці з Сі Цзіньпінам мы ажыццяўляем гэты праект. Як я разумею, на працягу бягучага і наступнага года мы здольны асвоіць і запусціць гэту вытворчасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць у час нарады ход будаўніцтва прадпрыемства, магчымыя праблемы з рэалізацыяй праекта і планы на бліжэйшую будучыню. "Ні ў якім разе нельга выйсці за рамкі запланаваных тэрмінаў. Прадпрыемства трэба пабудаваць своечасова, таму што яно павінна працаваць, прыносіць прыбытак, і грошы, якія мы пазычылі (у гэтым выпадку ў Кітайскай Народнай Рэспублікі), зразумела, трэба будзе паступова вяртаць да 2032 года. Думаю, калі мы ажыццявім бізнес-план, які некалі распрацоўвалі, гэтыя грошы будуць вернуты своечасова без праблем. Прынамсі, па гэтым пытанні да нас ніхто ніколі прэтэнзій не меў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Арганізацыяй высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла займаецца Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК). Будаўніцтва па праекце пачалося летам 2018 года ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У якасці генпадрадчыка і акцыянера выступае кітайская карпарацыя CITIC Group. Плануецца пабудаваць комплекс з 14 заводаў з паэтапным увядзеннем у строй. Тут будзе арганізавана глыбокая перапрацоўка збожжа па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот (лізін, трыптафан, трэанін) для вытворчасці высокапрадукцыйных, высокатэхналагічных, збалансаваных кармоў і кармавых дабавак. Прадукцыю плануецца выкарыстоўваць як для ўласнай вытворчасці, так і пастаўляць на рынкі Расіі, Украіны, краін ЕС, Кітая.

Як паведамлялася ў студзені, Міністэрства фінансаў у бягучым годзе ўнясе ў выглядзе грашовага ўкладу Рэспублікі Беларусь у статутны фонд БНБК звыш Br17,8 млн за кошт сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду для набыцця 2,5 млн акцый гэтага таварыства ў перыяд правядзення закрытай падпіскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі