Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 мая 2022, 10:57

У Беларусі зменяць падыходы да эканамічнай палітыкі? Падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі разгледзелі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Няхай нікога не здзіўляе, што ў такім шырокім складзе мы сёння праводзім нараду. Проста тыя прапановы, якія ўносіць урад, заслугоўваюць таго. Размова ідзе аб праекце закона аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі Беларусі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што з прыняццем новай Канстытуцыі асноўнымі прававымі актамі ў Беларусі сталі законы.

"Урад падрыхтаваў праект дакумента, які ўстанаўлівае на паўтара года новыя падыходы да эканамічнай палітыкі. Ведаю, па асобных палажэннях ёсць розныя, часам палярныя меркаванні дзяржаўных органаў і службовых асоб - распрацоўшчыкаў. Таму перад тым як накіраваць гэты закон у парламент, правядзём гэту нараду з удзелам зацікаўленых асоб, каб прыняць канчатковае рашэнне па спрэчных пытаннях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Палажэнні законапраекта закранаюць практычна ўсе сферы: інвестыцыі і фінансы, умовы для вытворчай дзейнасці, транспарт і лагістыку, сацыяльныя гарантыі насельніцтву.

"Нягледзячы на тое, што прапануемыя меры маюць часовы характар (як я сказаў, да канца 2023 года), кожная з іх даволі сур'ёзная і ўносіць істотныя змяненні ў дзеючае рэгуляванне асобных працэсаў. І вось тут (гэта перш за ўсё парламентарыяў датычыцца, ім давядзецца разглядаць закон) нам гэтымі "часовымі мерамі" не разбалансаваць бы і не дэстабілізаваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне, - заўважыў Прэзідэнт. - Як мне дакладваюць, мэтай падрыхтоўкі закона з'яўляецца імкненне ўстараніць негатыўны ўплыў заходніх санкцый на эканоміку Беларусі".

Шэраг мер у законапраекце накіраваны непасрэдна на абарону дзяржаўных інтарэсаў і ўмацаванне эканамічнай бяспекі краіны. Аднак ёсць і пытанні кардынальнага перагляду практыкі рэгулявання некаторых напрамкаў. Напрыклад, прапануюцца мытныя і падатковыя адтэрміноўкі, мараторый на рост маёмасных падаткаў, забарона на выбарачныя праверкі, адтэрміноўкі пагашэння спажывецкіх крэдытаў і крэдытаў на жыллё грамадзянам, а таксама забарона на павелічэнне ў 2022 годзе тарыфаў на цеплазабеспячэнне і электрычную энергію.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як гэта паўплывае на даходы бюджэту і, значыць, на зарплаты настаўнікаў, урачоў, выплату пенсій і дзіцячых дапамог.

"Мае апасенні па прыняцці за адзін раз такога пласта рашэнняў: ці гатовы мы да гэтага? Ці не надуманыя гэта нормы, якія прыгожыя на паперы, але нічога не даюць на практыцы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў у час нарады першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, галоўная мэта законапраекта - дапамагчы людзям і прадпрыемствам адаптавацца да новых рэалій. "У той час, калі знешні свет націскае і шантажыруе, сутнасць унутранай мабілізацыі эканомікі, на наш погляд, у стварэнні максімальна простых, зразумелых умоў, што амартызуюць той знешні націск, які зведваюць прадпрыемствы. Унутраны рынак, унутраныя рэсурсы і камфортнае ўнутранае асяроддзе - вось асновы новай Беларусі, якая паспяхова на гэты момант процістаіць санкцыям і будзе так у далейшым сябе паводзіць", - заявіў Мікалай Снапкоў.

У час нарады была падрабязна абмеркавана сітуацыя ў эканоміцы, работа аператыўна-сітуацыйнага штаба пры Савеце Міністраў і прапановы, якія паступілі ва ўрад ад дзяржаўных органаў і бізнес-супольнасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі ўсе неабходныя меры трэба прымаць максімальна аператыўна і кропкава. Для гэтага ў мясцовых органаў улады і ўрада ёсць усе паўнамоцтвы.

"Ураду даручана прыняць рашэнні. Пры неабходнасці, калі патрэбна ўзгадненне з кіраўніком краіны, ён гэта ўзгадненне дасць, - расказаў журналістам пасля нарады Мікалай Снапкоў. - Мы будзем старацца, каб усё было імплементавана ў бліжэйшы час".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі