ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 13 мая 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 красавіка 2021, 11:20

У Беларусі задумаліся над аптымізацыяй сеткі загранустаноў. Якія патрабаванні абазначыў Прэзідэнт?

У час нарады
У час нарады

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі разглядаюць пытанне аптымізацыі сеткі загранустаноў. Яно вынесена сёння на нараду ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба абмеркаваць шэраг актуальных пытанняў дзейнасці Міністэрства замежных спраў з асаблівым акцэнтам на тэму аптымізацыі нашай дыпламатычнай прысутнасці за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён прапанаваў паглядзець шырэй на гэтыя пытанні і абмеркаваць работу МЗС у цэлым, а таксама ўзаемаадносіны з суседзямі. "Мы чамусьці канцы ў ваду пачынаем хаваць, калі размова ідзе пра Міністэрства замежных спраў. Касякоў там больш чым дастаткова, і гэта мы бачылі ў другой палове мінулага года. Таму трэба адкрыта абмяркоўваць гэтыя пытанні, бачыць вострыя пытанні. Не проста дэманстраваць, а наводзіць парадак там", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Свет імкліва мяняецца, і неабходна разумна распараджацца рэсурсамі"

Прэзідэнт растлумачыў, што праблемы знешняй палітыкі пастаянна выносяцца на разгляд кіраўніка дзяржавы і гэта мерапрыемства шмат у чым мае планавы характар.

"Зразумела, свет імкліва мяняецца, нам неабходна адэкватна адаптавацца і разумна распараджацца існуючымі рэсурсамі па ўсіх напрамках, у тым ліку і міністэрства замежных спраў. Разам са шматлікімі рызыкамі і пагрозамі з'яўляюцца і новыя магчымасці. Ва ўмовах канкурэнцыі пераможа той, хто зможа імі разумна скарыстацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, пандэмія справакавала глабальны крызіс, змяніла структуру сусветнага гандлю, аднак вынікі мінулага года паказваюць, што Беларусь змагла шмат у чым захаваць свае пазіцыі на замежных рынках, у тым ліку дзякуючы эфектыўна выбудаванаму механізму знешнеэканамічных сувязей.

"Дружалюбнай для нас з'яўляецца тая краіна, дзе пакупнік галасуе рублём за беларускі тавар, а ўрад гэтаму не перашкаджае"

"Відавочна, што дружалюбнай для нас з'яўляецца тая краіна, дзе пакупнік галасуе сваім рублём, доларам або еўра за беларускі тавар ці паслугу, а ўрад гэтаму не перашкаджае, а, наадварот, садзейнічае", - заявіў Прэзідэнт.

На гэты момант інтарэсы Беларусі за мяжой прадстаўляюць 70 загранустаноў у 58 краінах, на долю якіх прыпадае амаль 97 працэнтаў экспарту і 76 працэнтаў замежных інвестыцый. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у цэлым сістэма органаў дыпламатычнай службы дае магчымасць вырашаць пастаўленыя задачы. "Пытанне толькі ў тым, наколькі яна эфектыўная з пункту гледжання сродкаў, якія расходуюцца на яе ўтрыманне, і рэальных вынікаў па абароне нашых інтарэсаў. Ці ёсць магчымасць пераразмеркаваць людзей для вырашэння ключавых задач там, дзе нас чакаюць і гатовы з намі працаваць, не выстаўляючы ніякіх ультыматумаў?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"На першым плане павінны быць абарона і пашырэнне сваіх інтарэсаў у эканамічнай сферы"

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мінулы год стаў выпрабаваннем на трываласць не толькі ўлады, але і дыпламатычных кадраў, якія павінны дзейнічаць выключна ў інтарэсах сваёй краіны. "Неабходна разумець тое, што, па-першае, мы невялікая дзяржава, і ў нас няма бязмежных магчымасцей фінансаваць вялікія штаты за мяжой. І наогул - навошта? Мы не пакутуем на глабалізм, калі гаварыць аб перспектывах. У нас звычайныя, зямныя пытанні і праблемы як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Другое, на першым плане павінна быць не прэтэнзія на лідарства, а абарона і пашырэнне сваіх інтарэсаў у эканамічнай сферы", - сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, у краінах, з якімі Беларусь наладзіла цесныя эканамічныя сувязі, неабходна "сабраць пад дахам пасольства" гандлёвых прадстаўнікоў. Такім чынам іх работа будзе структуравана і ў іх з'явіцца дадатковая магчымасць наладжваць адносіны з мясцовымі ўладамі. "Дапусцім, Кітай. Там гандлёвае прадстаўніцтва часам неабдуманае, грошы ніхто не лічыць. Напрыклад, БМЗ, "Белкалій", БелАЗ і іншыя - усе маюць свае канторы ў Кітаі. Чаму не аб'яднацца пад дахам пасольства? І тады пасол узяў за руку аднаго, другога, трэцяга і адвёў яго туды, куды яны самі ніколі не прыйдуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Перад удзельнікамі нарады кіраўнік дзяржавы паставіў некалькі пытанняў: якія задачы прапануецца вырашыць адкрыццём новых пасольстваў, якая будзе іх штатная колькасць і за кошт якіх рэзерваў яе будуць фарміраваць, якія падставы ёсць для закрыцця дыппрадстаўніцтваў у прапанаваных МЗС краінах?

Урад сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта, КДБ і МЗС дэталёва прапрацоўваў гэтыя пытанні. "Пры абмеркаванні важна ўлічваць, перш за ўсё, эканамічны аспект функцыянавання нашых пасольстваў і консульстваў. На падставе назапашанага вопыту і практыкі мы павінны вельмі выверана падысці да кожнай прапановы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу, каб сёння мы падрабязна разгледзелі, для чаго адкрываем новыя пасольствы, хто там будзе працаваць і колькі гэта будзе каштаваць дзяржаве. Я хачу проста вас папярэдзіць, што ўсе прысутныя за ўнесеныя прапановы (таму што гэта грошы, у канчатковым выніку) будуць несці персанальную адказнасць".

У час нарады было адзначана, што працуючыя за мяжой беларускія дыпламаты штогод збіраюцца ў Мінску на нараду, дзе абмяркоўваецца развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі-партнёрамі. Праўда, мінулы год з-за закрыцця граніц стаў выключэннем. Прэзідэнт даручыў арганізаваць такое мерапрыемства ў гэтым годзе, прычым на яго ўзроўні. Гэта будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, "канкрэтная справаздача ўсіх паслоў аб тым, што зроблена перш за ўсё ў эканоміцы".

"Нашы прадстаўніцтвы вырашаюць не толькі палітычныя і эканамічныя задачы"

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што беларускія прадстаўніцтвы за мяжой вырашаюць не толькі палітычныя і эканамічныя задачы. Яны прызначаны падтрымліваць грамадзян, дапамагаць ім у складаных сітуацыях. "Як гэта было ў час пандэміі, калі беларусы не маглі вярнуцца на радзіму з-за таго, што спыніліся зносіны ў свеце. І тады МЗС вельмі дакладна спрацавала і дапамагло людзям вярнуцца дадому", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў абмяняцца меркаваннямі па асобных пытаннях знешняй палітыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі