Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 лістапада 2021, 09:33

У Беларусі ўводзяць дадатковыя льготы і прэферэнцыі на ўвоз электрамабіляў

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада падпісаў указ нумар 447, які выкладае ў новай рэдакцыі ўказ нумар 92 ад 12 сакавіка 2020 года "Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў". Дакумент распаўсюджвае дзеянне льгот і прэферэнцый, устаноўленых указам нумар 92, на ўсе катэгорыі электрамабіляў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, уводзяцца дадатковыя льготы ў выглядзе вызвалення юрыдычных асоб ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе электрамабіляў на тэрыторыю Беларусі і іх рэалізацыі, а таксама арганізацый - вытворцаў электрамабіляў пры ўвозе аўтакампанентаў для іх.

Дакумент прыняты ў мэтах павелічэння выкарыстання электрамабіляў і развіцця зараднай інфраструктуры для іх.

Як паведамлялася, магчымасці для пашырэння выкарыстання ў Беларусі электратранспарту абмяркоўваліся сярод іншых пытанняў на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў 22 кастрычніка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта адзін з найбольш перспектыўных напрамкаў: "Сусветная практыка паказвае, што курс на развіццё і апераджальнае ўкараненне інфраструктуры да яго (электратранспарту. - Заўвага БЕЛТА) быў правільным. Сёння ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам. Гэта пільная неабходнасць і для нас - як з пазіцыі адсутнасці дастатковых аб'ёмаў уласнай нафты, так і з улікам запуску Беларускай АЭС".

Акрамя толькі эканамічных аспектаў немалаважна і экалагічнае вымярэнне гэтай праблемы, а таму спыняцца ў стварэнні належных умоў функцыянавання гэтай новай сферы нельга ні ў якім выпадку, адзначыў Прэзідэнт.

Амаль год таму было прынята рашэнне аб прадастаўленні шэрага льгот для павышэння зацікаўленасці насельніцтва ў набыцці легкавых электрамабіляў. Як лічыць урад, гэта практыка сябе апраўдала. "Цяпер наспела неабходнасць увядзення дадатковых стымулаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі