Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 студзеня 2019, 09:11

У Беларусі становіцца больш строгім антытытунёвае заканадаўства, у тым ліку па электронных цыгарэтах

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прыняты меры па ўзмацненні антытытунёвага заканадаўства. Гэта вынікае з дэкрэта нумар 2 "Аб змяненні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", які прадугледжвае карэкціроўку дэкрэтаў ад 17 снежня 2002 года нумар 28 і ад 18 кастрычніка 2007 года нумар 4, што рэгулююць вытворчасць, абарот і спажыванне тытунёвых вырабаў. Адпаведны дакумент Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Асноўная мэта дэкрэта - паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў, прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва.

Дэкрэтам прадугледжана заканадаўчае ўрэгуляванне вытворчасці, абароту і выкарыстання электронных сістэм курэння, а таксама ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца для награвання тытуню без яго гарэння або тлення - сістэм для спажывання тытуню.

Устанаўліваецца, што на такія сістэмы будуць распаўсюджвацца асобныя прававыя нормы, якія дзейнічаюць адносна вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвых вырабаў.

У прыватнасці, права на ажыццяўленне дзейнасці, звязанай з вытворчасцю і абаротам сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцей для іх, прадастаўляецца толькі суб'ектам гаспадарання Беларусі. Уводзіцца забарона адкрытага выкладвання вадкасцей для электронных сістэм курэння ў вітрынах і іншым гандлёвым абсталяванні. Прадугледжваюцца абмежаванні па месцах продажу, выкарыстання (спажывання) электронных сістэм курэння. Уводзяцца забароны на рэкламу, продаж непаўналетнім вадкасцей для электронных сістэм курэння.

У дэкрэце таксама замацоўваецца пашырэнне пераліку месцаў, у якіх поўнасцю забараняецца курэнне. У прыватнасці, забарона на курэнне ўводзіцца адносна дапаможных памяшканняў жылых дамоў, ліфтаў, аўтамабіляў, якія перавозяць дзяцей да 14 гадоў, дзіцячых пляцовак, рабочых месцаў у памяшканнях, тэрыторый і памяшканняў спартыўна-аздараўленчых лагераў, устаноў адукацыі, падземных пераходаў, прыпыначных пунктаў і пасадачных пляцовак.

Для забеспячэння паэтапнага абмежавання даступнасці тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцей для іх дэкрэтам прадугледжваецца ўвядзенне забароны на выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб'ектаў слоў, тоесных ці падобных да назваў відаў тытунёвых вырабаў. З 1 студзеня 2020 года ўводзяцца патрабаванні да продажу ў магазінах, якія маюць гандлёвую плошчу больш за 1000 кв.м, тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцей для іх толькі праз таварныя аддзелы. З 1 студзеня 2022 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў у магазінах і павільёнах абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі