Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 чэрвеня 2025, 18:52

У Беларусі прапанавана перайсці на цэнтралізаваныя закупкі вакцын для жывёлагадоўлі

17 чэрвеня, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Пытанне магчымага пераходу на цэнтралізаваныя закупкі вакцын для жывёлагадоўлі абмяркоўвалася 17 чэрвеня на выязным семінары-нарадзе ў Мінскім раёне з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На мерапрыемстве з дакладам выступіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік. Ён расказаў аб комплексным падыходзе да павышэння захаванасці буйной рагатай жывёлы (БРЖ) і забеспячэнні росту яго прадукцыйнасці. Было адзначана, што сітуацыя з падзяжом жывёлы крыху стабілізавалася, але ўсё роўна не радуе. За пяць месяцаў бягучага года паказчык вырас на 1,7 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аднак крыху змянілася структура непрадукцыйнага выбыцця: у большасці абласцей палепшылася сітуацыя адносна маладняку, але пагоршылася па асноўным статку.
 
Кіраўнік НАН падрабязна спыніўся на фактарах, якія ўплываюць на захаванасць жывёлы, і агучыў шэраг прапаноў па выпраўленні сітуацыі.
 
Пра вакцынацыю і догляд цялят


Напрыклад, каб пазбегнуць рызыкі страты цялят пры нараджэнні (як правіла, гэта адбываецца ўначы), на некаторых фермах даплачваюць тым супрацоўнікам, якія застаюцца на гэты час дзяжурыць.

Сярод важных фактараў - фарміраванне імунітэту ў цялят, далейшая вакцынацыя. Уладзімір Каранік падкрэсліў, што вакцыны, на жаль, часта прымяняюцца неадэкватна. Пералічваючы праблемы, ён адзначыў, што ў кожнай гаспадарцы павінен быць распрацаваны свой план вакцынацыі з улікам эпізаатычнай сітуацыі ў гаспадарцы, але часта планы не абнаўляюцца або бяруцца шаблонна з суседніх гаспадарак. Парушаюцца схемы вакцынапрафілактыкі, спосабы і дозы ўвядзення, захоўвання і транспарціроўкі. Усё гэта прыводзіць да таго, што вакцыны не працуюць. Для выпраўлення сітуацыі ён прапанаваў, каб раённыя ветстанцыі кантралявалі выкананне патрабаванняў аб распрацоўцы і выкананні планаў вакцынацыі з улікам сітуацыі.
 
Кіраўнік НАН таксама прапанаваў перайсці на цэнтралізаваную закупку вакцын для жывёл: "Прапаную разгледзець магчымасць правядзення цэнтралізаванай закупкі вакцын на ўзроўні раёна або вобласці. Каб мы разумелі, што абарону пагалоўя забяспечваем незалежна ад фінансавага стану гаспадаркі і ад таго, ёсць там ветэрынар ці не". Дарэчы, на яго думку, у пераліку на колькасць пагалоўя ў Беларусі дастаткова ветурачоў - трэба толькі правільна выбудаваць іх работу. Напрыклад, цэнтралізаваць сістэму, каб раённая ветстанцыя забяспечвала ветэрынарнае суправаджэнне па ўсім раёне.

У падтрымку цэнтралізацыі пры закупцы вакцын на семінары-нарадзе выказаўся і намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Мінскай вобласці Аляксандр Косінец.
 
Паводле агучаных ім даных, у Беларусі вырабляюцца толькі 24 віды вакцын для ветэрынарыі: 17 на  "Белвітуніфарме" і 7 у Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага, сярод іх крыху больш за 10 - для БРЖ. Але 56 найменняў закупляюцца з-за мяжы для БРЖ, 51 - для птушкі і амаль такая ж колькасць для свіней. У краіне 1455 гаспадарак, і кожная закупляе вакцыны і лекавыя прэпараты самастойна, крытычна заўважыў ён.

"Вакцынацыя ў нас у краіне павінна быць цэнтралізаванай, але з улікам спецыфікі захваральнасці на кожным малочнатаварным комплексе", - згодны з Уладзімірам Каранікам Аляксандр Косінец. Ён перакананы, што неабходна абавязкова наладзіць сістэму кантролю за якасцю вакцын, што закупляюцца.

Аб выкарыстанні ПЛР-лабараторый у ветэрынарыі

 
Асобная ўвага была ўдзелена прафілактыцы і лячэнню інфекцыйных паталогій. "На жаль, лабараторная дыягностыка інфекцыйных захворванняў на сённяшні момант не ў поўнай меры забяспечвае ветэрынарную службу неабходнай інфармацыяй. Частка методык або ўстарэла, або недастаткова дакладная", - растлумачыў ён. Напрыклад, у тым выпадку, калі проба на такое захворванне, як бруцэлёз, дае станоўчы рэзультат (а яна часта дае памылковастаноўчы рэзультат), то на ўстанаўленне дакладнага дыягназу патрэбны адзін месяц, і на працягу гэтага перыяду захоўваецца нявызначанасць наконт дзеянняў на гэтай ферме і з атрыманым малаком (яго трэба пастэрызаваць).

Уладзімір Каранік нагадаў, што ў Беларусі ў час пандэміі COVID-19 па рашэнні кіраўніка дзяржавы былі значна пашыраны магчымасці лабараторнай службы ПЛР-дыягностыкі, якія дазваляюць хутка выяўляць розныя антыгены. "Я лічу, што мы цяпер павінны задзейнічаць ПЛР-лабараторыі (са сферы аховы здароўя ў інтарэсах ветэрынарыі. - Заўвага БЕЛТА). Цяпер мы павінны ствараць сістэму ПЛР-дыягностыкі, якая дазваляе атрымліваць адказ не на працягу месяца, а аднаго - максімум двух дзён", - растлумачыў кіраўнік НАН. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час спецыялісты прадставяць Прэзідэнту прапановы, якім чынам зрабіць лабараторную дыягностыку ў ветэрынарыі больш аператыўнай і сучаснай.

Пра асаблівасці асобных парод кароў

Асобна абмяркоўвалася пытанне эфектыўнасці гадоўлі некаторых парод буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, у Беларусі вельмі распаўсюджаны каровы галштынскай пароды - адной з самых прадукцыйных малочных парод у свеце, але гэта прадукцыйнасць дасягаецца толькі за кошт строгага захавання норм кармлення і рацыёну. "Мы павінны прымаць рашэнне: або па-ранейшаму гэтак жа інтэнсіўна выкарыстоўваем гэтых кароў незалежна ад таго, ёсць тэхналогіі ці няма, або працуем над генетычнай разнастайнасцю", - сказаў кіраўнік НАН. Паводле яго слоў, для гаспадарак сярэдняга ўзроўню і слабых магчыма далейшае развіццё дацкага напрамку - каровы гэтай пароды хоць крыху менш прадукцыйныя, але больш устойлівыя і трывалыя.

У Беларусі ёсць таксама вопыт работы з дацкай чырвонай пародай кароў, іх гадуюць у сельгаспрадпрыемстве "Вусце". Аднак па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын гэты вопыт пакуль не занадта паспяховы. У сувязі з гэтым Уладзімір Каранік прапанаваў узяць частку пагалоўя са статка і паспрабаваць папрацаваць з гэтай пародай на базе адной з перадавых гаспадарак краіны ў Брэсцкай або Гродзенскай абласцях. Гэта дасць магчымасць параўнаць вынікі і канчаткова вызначыцца з перспектывамі.

Што сказаў Лукашэнка пра агучаныя ініцыятывы

Па выніках праведзенай дыскусіі Аляксандр Лукашэнка даручыў падрабязна абмеркаваць усе выказаныя прапановы і пры неабходнасці аформіць іх у канкрэтныя рашэнні.

"Давайце дамовімся, што мы не проста будзем чарговы раз на нарадзе па прадухіленні такога падзяжу, як у нас, слухаць размовы і лекцыі нам будуць вучоныя чытаць (правільна будуць гаварыць)… Але каб мы прынялі рашэнне. Калі трэба цэнтралізацыя ветслужбы… Шулейка лічыць, што трэба, а Косінец - не (я прыкладна гавару). Дык вы сыдзіцеся на агульнай думцы і ўнясіце канкрэтную прапанову, - сказаў Прэзідэнт. - Калі Уладзімір Сцяпанавіч (Каранік. - Заўвага БЕЛТА) лічыць, што нам трэба падключыць сістэму аховы здароўя да дыягностыкі або яшчэ нечага, давайце будзем падключаць, уносьце прапановы. Калі ёсць разумныя, вывераныя прапановы, рашэнне прымаецца на працягу сутак".

Аляксандр Лукашэнка адобрыў прапанаваны падыход да далейшай работы з дацкай чырвонай пародай кароў. "Калі вы хочаце паспрабаваць недзе ўтрымліваць 50-60 галоў дацкай жывёлы, гэта трэба рабіць, - сказаў ён. - Я не супраць. Спрабуйце. Думайце, як далей дзейнічаць, каб атрымаць вынік".

Што датычыцца закупкі вакцын для ветэрынарыі праз адзіную сістэму, тут Прэзідэнт таксама пагадзіўся з агучанай ініцыятывай. Тым больш, як паказаў час, ніякія рыначныя механізмы не дапамагаюць вырашыць гэту праблему. Наадварот, усё часцей узнікаюць пытанні з якасцю і цаной прэпаратаў, якія закупляюць самі жывёлагадоўчыя гаспадаркі.

"Трэба цэнтралізаваць - давайце будзем цэнтралізаваць. Закончым і ў гэтым плане балбатню ўсякую пра рынкі. Мы заўтра не вырабім лякарстваў і вакцын дастатковую колькасць, і наўрад ці ёсць такая дзяржава, якая ўсё вырабляе, а калі ёсць, то адзінкі. Таму паўстае пытанне: тое, што мы закупляем, - хто  пацікавіўся якасцю? Калі б мы закуплялі патрэбнай якасці і патрэбнае, то, напэўна, быў бы і вынік зусім іншы", - крытычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі