Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 ліпеня 2021, 11:37

У Беларусі плануецца стварэнне нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануюць стварыць спецыяльны дэпартамент і нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Гэта пытанне стала адной з тэм нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На разгляд кіраўніка дзяржавы вынесены адпаведны праект дакумента. Урад прапануе стварыць спецыяльны дэпартамент па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і спецыялізаваную арганізацыю, якая стане нацыянальным аператарам і будзе збіраць, перапрацоўваць, захоўваць і ажыццяўляць пахаванне такіх адходаў.

"Трэба параіцца, што будзем рабіць з гэтымі радыеактыўнымі адходамі. Яны ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпрамянення, якія мы сапраўды актыўна выкарыстоўваем у розных сферах дзейнасці. Гэта не толькі атамная станцыя. Мы гэтыя крыніцы выкарыстоўваем у навуцы, медыцыне (вазьміце анкалогію і не толькі), прамысловасці, абаронным комплексе. У бліжэйшым будучым мы ўвядзём у эксплуатацыю другі блок Беларускай АЭС, якая стане асноўнай крыніцай радыеактыўных адходаў, што ўтвараюцца ў працэсе яе жыццёвага цыкла", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ядзерныя адходы не толькі вельмі небяспечная, але і вельмі каштоўная сыравіна. "Гэта каштоўнейшы прадукт. І сёння паўстае пытанне, што мы будзем рабіць з гэтым вельмі каштоўным, але вельмі небяспечным, раней не вядомым нам таварам, прадуктам. Гэта сур'ёзнае пытанне і вялікая каштоўнасць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Як паказвае міжнародная практыка, абыходжанне з такімі адходамі патрабуе стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы. Фактычна гэта новая галіна эканомікі".

Як растлумачыў у час нарады міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, гэта прапанова ўрада была падрыхтавана па выніках работы міжведамаснай групы і грунтавалася на некалькіх абставінах. "У краіне ў розных сферах дзейнасці выкарыстоўваюцца крыніцы іанізуючага выпрамянення, у працэсе эксплуатацыі якіх утвараюцца радыеактыўныя адходы. Яны пастаўляюцца і захоўваюцца на спецпрадпрыемстве "Экарэс" Мінгарвыканкама. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на гэтым прадпрыемстве, маральна і фізічна ўстарэлі. Пункты захоўвання радыеактыўных адходаў, пабудаваныя ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, патрабуюць мадэрнізацыі, іх нарматыўны тэрмін эксплуатацыі перавышаны", - праінфармаваў міністр.

Акрамя таго, паводле яго слоў, патрэбна вырашыць пытанні абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якія захоўваюцца ў так званых гістарычных пунктах захоўвання, якія ўтварыліся ў час рэалізацыі ваенных праграм Савецкага Саюза. "З уводам Беларускай атамнай электрастанцыі ў краіне з'яўляецца самая значная крыніца радыеактыўных адходаў. Адпаведна, патрэбна будаўніцтва асобнага пункта па захоўванні радыеактыўных адходаў на перыяд эксплуатацыі самой атамнай электрастанцыі", - дадаў Віктар Каранкевіч.

"Комплексна вырашыць гэтыя пытанні прапануецца шляхам стварэння адзінага органа дзяржаўнага кіравання і адзінай сістэмы па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі", - падвёў вынік ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі