Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 кастрычніка 2018, 17:51

У Беларусі і Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на ўмацаванне дружбы і добрасуседства - Лукашэнка

26 кастрычніка, Гомель /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У Беларусі і Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на ўмацаванне дружбы і добрасуседства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Высокі ўзровень прадстаўніцтва рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў сведчыць аб тым, што і ў Беларусі, і ва Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства. У іх аснове агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, падабенства менталітэту нашых братэрскіх народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж краінамі не існуе невырашальных праблем - Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні.

"Разам з маім украінскім калегам мы абмеркавалі ўсе актуальныя напрамкі супрацоўніцтва, якія патрабуюць нашай увагі. Не засталося ніводнага пытання, па якім мы не пагаварылі б. Думаю, што па выніках перагавораў будуць расстаўлены неабходныя акцэнты па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць. Падкрэслю, што беларуска-ўкраінскі дыялог на вышэйшым узроўні мае адкрыты і даверны характар. Мы можам у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць любыя, часам вельмі складаныя тэмы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе дасягнутыя з украінскім бокам дамоўленасці і рашэнні выконваюцца. Для гэтага задзейнічаны ўвесь інструментарый, уключаючы работу на ўзроўні віцэ-прэм'ераў - міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

"Разам з тым перакананы, што змястоўнасць беларуска-ўкраінскіх адносін шмат у чым залежыць непасрэдна ад вынікаў узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні. Менавіта таму гэты форум стане зручнай пляцоўкай для эфектыўнага абмеркавання ўсіх без выключэння актуальных напрамкаў супрацоўніцтва", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь развівае міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне са многімі краінамі, у тым ліку Расіяй і Кітаем. "Ніколі не памрэ супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі, калі яно завязана непасрэдна на рэгіёны. Таму гэта вялікая справа, якую мы пачалі, - фундамент для таго, каб нашы адносіны існавалі вечна", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Украіна з'яўляецца для Беларусі не толькі добрым сябрам і краінай-суседкай, але таксама адным з важнейшых палітычных і гандлёва-эканамічных партнёраў.

Апошнія гады адзначаецца дадатная дынаміка росту ўзаемнага тавараабароту. Па выніках 2017 года аб'ёмы двухбаковага гандлю павялічыліся ў параўнанні з 2016 годам больш як на 20 працэнтаў і склалі больш за $4,5 млрд. У бягучым годзе расце не толькі беларускі экспарт, але і імпарт прадукцыі з Украіны.

"Аднак упэўнены, што мы здольны зрабіць значна больш. Патэнцыял Беларусі і Украіны дае магчымасць рэалізаваць складаныя і значныя па сваім маштабе праекты ў розных галінах эканомікі. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам сур'ёзна папрацаваць, каб ужо цяпер, не марудзячы, кардынальна змяніць сітуацыю і выйсці на намечаны рубеж у памеры восем, а потым і на дзесяць мільярдаў долараў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, найбольш перспектыўнымі напрамкамі міждзяржаўнага супрацоўніцтва Беларусі і Украіны з'яўляюцца сельская гаспадарка, нафтахімічны і машынабудаўнічы комплексы, гуманітарная і навукова-тэхнічная сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі