Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 сакавіка 2021, 19:16

Aдміністрацыя ПВТ надзелена паўнамоцтвамі па кантролі за дзейнасцю ў сферы лічбавых фінансаў

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій надзяляецца паўнамоцтвамі па кантролі за дзейнасцю рэзідэнтаў ПВТ, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі. Гэта прадугледжана падпісанымі 18 сакавіка Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам дэкрэтам нумар 1 і ўказам нумар 111, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументы распрацаваны ў адпаведнасці з рашэннем, прынятым 16 сакавіка гэтага года на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб праектах прававых актаў, накіраваных на спыненне незаконных фінансавых аперацый у сферы высокіх тэхналогій.

Як паведамлялася, на нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалася ў тым ліку і прапанова ўрада, Камітэта дзяржаўнага кантролю і Нацбанка ўдакладніць некаторыя палажэнні заканадаўства і ўстанавіць неабходны ўзровень кантролю над сферай лічбавых фінансавых аперацый. "Выкарыстанне лічбавых знакаў (токенаў) і крыптавалют стала звычайным у многіх краінах свету. Іх прымаюць у якасці дадатковага плацежнага сродку нараўне з традыцыйнымі грашамі. У 2017 годзе мы першыя ў свеце спецыяльным дэкрэтам стварылі прававыя ўмовы для развіцця гэтых тэхналогій у Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

За тры гады напрацавана канкрэтная практыка, атрыманы рэальны вопыт, адзначыў беларускі лідар. "Як мне дакладваюць, вялікіх злоўжыванняў у гэтай сферы не дапушчана, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Разам з тым у свеце ўжо выпрацаваліся пэўныя правілы, накіраваныя на прадухіленне легалізацыі злачынных даходаў, недапушчэнне фінансавання тэрарызму і выключэнне перадумоў да рознай крымінальнай дзейнасці".

Пасля нарады першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў паведамляў журналістам, што ўрад унёс прапанову, каб кантралюючым органам па дзейнасці крыптабірж і лічбавых знакаў стала Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, і Прэзідэнт падтрымаў гэту прапанову.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі