Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 студзеня 2024, 18:42

"Цана Вялікай Перамогі - наш агульны боль". Лукашэнка ў Ленвобласці прыняў удзел у адкрыцці мемарыяльнага комплексу

27 студзеня, Ленінградская вобласць /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на тэрыторыі Ленінградскай вобласці разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комплексу ў памяць аб мірных жыхарах СССР - ахвярах нацысцкага генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
"Дарагія ветэраны, дзеці, унукі і праўнукі герояў блакаднага Ленінграда, сябры-піцерцы! Дзякуй, што запрасілі. Для мяне вельмі важна быць тут у такія сакральныя для нашых народаў дні. Сёння, у дзень поўнага зняцця блакады Ленінграда, мы акунаемся ў думкі і пачуцці людзей, якія перажылі на зямлі пекла, - сказаў беларускі лідар. - Нават праз 80 гадоў памяць аб гэтых падзеях прымушае сціскацца сэрцы, зноў адчуваць горыч страт і радасць вызвалення, і неверагодны напал барацьбы за жыццё, за нашу Перамогу. Цана Вялікай Перамогі - наш агульны боль. Агульны для ўсіх народаў, прыгавораных гітлераўскай Германіяй да смерці. Беларусы адчуваюць яго, як ніхто іншы".

Гэты боль адліты ў бронзе і выбіты ў камені на тысячах брацкіх магіл невядомых салдат, у месцах масавых пакаранняў смерцю мірных жыхароў і самаадданых подзвігаў чырвонаармейцаў, партызан, падпольшчыкаў - ад Масквы да Брэста і Берліна. "Кожны такі помнік - сведка, абвінаваўца і суддзя. Кожны помнік - неабвержны доказ генацыду савецкага народа. Гэта прыгавор на стагоддзі, як бы камусьці гэтага не хацелася сёння", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што памяць аб ахвярах той вайны, аб гераізме нашых бацькаў і дзядоў сёння многім перашкаджае жыць, і перш за ўсё - ідэйным памагатым забойцаў і здраднікаў: "Гэта яны сёння ўшаноўваюць катаў у сваіх парламентах. Гэта яны пачалі вайну з магіламі і помнікамі ў Польшчы, Прыбалтыцы і Украіне. Поўныя вар'яты! Як можна думаць, што, разбурыўшы манумент, вы знішчыце памяць, якая жыве ў сэрцы народа? Народа, які знайшоў у сабе сілы выбудоўваць новыя мірныя адносіны з тымі дзяржавамі, якія яшчэ ўчора неслі пакуты і смерць на нашы землі".
 
"Памяць аб гераізме пераможцаў, іх духоўным подзвігу будзе захоўвацца вечна. У тым ліку і тут. У гэтым пранізлівым вобразе маці і дзяцей Ленінграда, Хатыні, Бабінага Яра і дзясяткаў тысяч савецкіх гарадоў і вёсак, разбураных і абязлюдзелых. Для нас, беларусаў, важна, што гэты журботны манумент будзе захоўваць часцінку і нашай зраненай душы, памяць аб трагедыі нашага народа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў неабсяжнай Расіі і Беларусі ёсць тысячы і тысячы помнікаў. І пераважная іх большасць - героям-чырвонаармейцам, партызанам - людзям, якія са зброяй у руках абаранялі тады сваю зямлю. Але разам з гэтым не ў поўнай меры была аддадзена даніна павагі тым, хто здзяйсняў подзвіг у тыле. "Мы шмат аб гэтым гаварылі. Але большасць помнікаў тым, хто са зброяй абараняў Радзіму і мог абараніць сябе. І веліч гэтага рашэння ў тым, што мы аддаём даніну павагі тым людзям і дзеткам, аб якіх сказаў Прэзідэнт Расіі. Якія не маглі сябе абараніць. З іх выціскалі апошнюю кроплю крыві, каб аддаць фашысцкім салдатам. Напэўна, ёсць сэнс у тым, што мы запаўняем тое, што, можа быць упусцілі ў савецкія часы", - сказаў ён.
 
Прэзідэнт падзякаваў Уладзіміру Пуціну, усяму расійскаму народу і тым, хто ствараў гэты манумент. Гэта, у прыватнасці, кіраўніцтва Ленінградскай вобласці, Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, аўтарскі калектыў.

"Дзякуй ад усяго шматпакутнага беларускага народа! Мы не можам змяніць мінулае, але нам пад сілу абараніць будучае. Няхай гэты мемарыял беражэ нашу агульную гістарычную памяць, братэрства народаў і сілу непарушнага адзінства нацый, якія з'ядналіся ў барацьбе з сусветным злом і перамаглі яго. Гэта вельмі важна для нас сёння. Міру, дабра і шчасця ўсім вам!" - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, агледзелі мемарыяльны комплекс.

Мемарыял узведзены ў Гатчынскім раёне Ленінградскай вобласці. Тут у гады вайны праходзіў другі рубеж Чырвонагвардзейскага ўмацаванага раёна, які складаўся з палявых і жалезабетонных агнявых кропак, траншэй і процітанкавых равоў. У гады акупацыі тэрыторыі бліжэйшай прыфрантавой паласы былі, у прамым сэнсе слова, вычышчаны акупантамі ад грамадзянскага насельніцтва, і гэта выпаленая зямля сімвалічна з'яўляецца месцам праламлення, за якім заставаўся толькі апошні рубеж Ленінграда - Пулкаўскія вышыні.

Непасрэдна ў Гатчынскім раёне ў гады акупацыі размяшчаліся шматлікія лагеры для ваеннапалонных, а таксама канцэнтрацыйныя лагеры для савецкіх дзяцей, якіх фашысты выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві для нямецкіх салдат. Тут загінула больш за 8 тыс.  дзяцей.

У аснове мемарыяла - стэла, на вяршыні якой размешчана фігура жанчыны з дзецьмі, што пераклікаецца з вобразам Радзімы-маці, устаноўленай на Піскароўскіх могілках.

Ля падножжа мемарыяла запалены Вечны агонь. Вакол яго на розных мовах высечаны назвы канцлагераў і 150 скульптурных кампазіцый (барэльефаў), створаных на аснове гісторый рэальных людзей і фатаграфій. Гэта постаці мірных жыхароў, забітых фашыстамі. Стэла нібыта парэзана калючым дротам - сімвалам трагічнай смерці і абставін жыцця вязняў.

Мемарыял будзе бачны ўсім, хто прылятае ў Санкт-Пецярбург - побач знаходзіцца міжнародны аэрапорт Пулкава.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі