Сцяг Субота, 4 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 красавіка 2024, 13:47

"Трэба зрабіць усё неабходнае, каб утрымаць краіну". Лукашэнка абазначыў задачы для мясцовай вертыкалі

22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

"Пераважнай большасці з вас давядзецца ўдзельнічаць у выпрацоўцы глабальных, стратэгічных рашэнняў нашай дзяржавы - чым будзе займацца Усебеларускі народны сход. Таму мы яшчэ сур'ёзна пагаворым па асобных праблемах. Ды і ўвесь народ пачуе аб тых праблемах, якія сёння стаяць перад намі і якія давядзецца нам у бліжэйшы час вырашаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вам трэба будзе кіраваць немалымі калектывамі. У вас зонай адказнасці будзе пэўная тэрыторыя. Прашу не забываць, што вы "прэзідэнты" на гэтых тэрыторыях - у гарадах або ў раёнах гарадоў, раённых цэнтрах. Работа будзе няпростая: год палітычны (вы гэта добра ведаеце), і многія пытанні давядзецца вырашаць".

Але цяпер, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, першарадная задача як для гарадоў, так і для раённых цэнтраў - пасяўная кампанія і ў цэлым сфера сельскай гаспадаркі. Прэзідэнт адзначыў, што надвор'е адносна нядрэннае. Аднак вялікая колькасць ападкаў, цалкам магчыма, прывядзе да засушлівага лета.

"Трэба да гэтага рыхтавацца. Таму кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну нам трэба бачыць і своечасова ўсё зрабіць. І гараджане павінны падключыцца і дапамагчы. Нам трэба ў гэтым годзе не проста сябе забяспечыць на будучы год, але і зрабіць задзел на будучыню", - абазначыў задачы Прэзідэнт.
Асобна ён закрануў назначэнне экс-памочніка камандуючага ўнутранымі войскамі - начальніка ўпраўлення мабілізацыйнай падрыхтоўкі і тэрытарыяльнай абароны Ігара Бурмістрава старшынёй Наваполацкага гарвыканкама. "Ведаю, што ты і сам у гэтым зацікаўлены. Для мяне вельмі цікавы такі варыянт. Ваенныя людзі ў даволі маладым узросце заканчваюць службу (і армейцы, і ўнутраныя войскі, і іншыя), і адседжвацца дома - гэта неяк не для іх. Я ўпэўнены, што ваенныя людзі справяцца і з цывільнай працай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён заўважыў, што Наваполацк - няпросты рэгіён. "Я вельмі чакаю, што вы ўвойдзеце ў курс справы і возьмеце пад кантроль усё, што датычыцца функцыянавання прадпрыемстваў і людзей, і я буду чуць толькі добрае пра вашу работу. Але абавязкова пабуду ў Наваполацку, пагляджу на гэты варыянт кадравага назначэння", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Неабходна вырашаць шэраг пытанняў і ў Гомелі, дадаў Прэзідэнт. На пасаду кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля быў узгоднены кіраўнік спраў Гомельскага гарвыканкама Аляксей Васючэнка.

"Трэба падключацца да сельскай гаспадаркі перш за ўсё: у нас больш за ўсё праблем там. І, нягледзячы на гарадскія клопаты, вам трэба будзе працаваць і там", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на Магілёўскую вобласць. За сацыяльную сферу ў рэгіёне цяпер будзе адказваць Алег Стэльмашок: ён узгоднены на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Новы кіраўнік з'явіцца і ў Касцюковіцкім райвыканкаме - на гэта месца ўзгоднены Вячаслаў Максачоў.

"Касцюковічы і іншыя раёны ажыццяўляюць маю пэўную задуму па развіцці ўсходу Магілёўскай вобласці, які таксама ў свой час зведаў чарнобыльскую атаку. Пажадана, каб Касцюковічы былі паказальным раёнам", - абазначыў арыенціры кіраўнік дзяржавы.

"Увогуле, мужыкі, работы дастаткова. Яе будзе не менш, і сітуацыя ў нас не будзе прасцейшай. Будзе складаней, можа, чым зараз. Але, як у нас цяпер кажуць, час выбраў нас, не мы яго выбіралі. Таму нам трэба вытрымаць, выстаяць і зрабіць усё неабходнае, каб утрымаць нашу краіну. Як я гавару, дайце эканоміку. Дасце эканоміку - астатняе я гатовы ўзяць на сябе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі