Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 снежня 2018, 15:07

"Толькі прыгожымі фасадамі задачу не вырашыць" - Лукашэнка хоча ўбачыць у абліччы Мінска еўрапейскую сталіцу

20 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Фарміраванню цэласнага архітэктурнага аблічча беларускай сталіцы неабходна ўдзяляць больш увагі. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння на нарадзе з актывам Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да гэтага часу мы мала ўвагі ўдзялялі фарміраванню цэласнага архітэктурнага аблічча нашай сталіцы. Як вынік, у ім з'явілася мноства неаднастайных рашэнняў. Вам трэба будзе ўстараніць дапушчаныя пралікі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага мэра горада.

Прэзідэнт расказаў, што яму вельмі часта даводзіцца асабіста разбірацца з праектамі па развіцці асобных раёнаў Мінска. "Трэба стварыць групу талковых архітэктараў, якія прапішуць, як развівацца хаця б асноўным магістралям, што і дзе будзем будаваць", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў у прыклад раён каля гасцініцы "Беларусь" у цэнтры Мінска. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта тэрыторыя недастаткова добраўпарадкавана. "Трэба пакінуць спуск ад гасцініцы да ракі для адпачынку. Але паглядзіце, колькі там пустаты. І там патрэбны нейкі прыгожы аб'ект, які ўпісаўся б у існуючую структуру, але ні ў якім разе не перагрузіць яе. Вядома, гэта павінен быць не нейкі жылы дом. І шмат такіх месцаў, дзе я проста ўтрымліваю некаторых заўзятых начальнікаў і бізнесменаў, якія гатовы ўжо жыллё там пабудаваць і атрымаць пэўныя дывідэнды", - дадаў беларускі лідар.

"Але гэта няправільна, калі Прэзідэнт дзвюма рукамі ўтрымлівае тэрыторыю. Трэба раз і назаўсёды выпрацаваць канцэпцыю забудовы і такіх месцаў, якія з'яўляюцца для нас ужо святымі. Іх нельга сапсаваць, але і нельга ў такім выглядзе пакідаць. Перагрузіць нельга, але трэба падумаць, як прыгожа там штосьці пабудаваць, каб і людзям было добра, і тым, хто будзе эксплуатаваць гэтыя памяшканні, і гораду даход быў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна распрацаваць канцэпцыю нават не забудовы, а прывядзення Мінска ў парадак. "Усё гэта будзе ўзбагачаць сталіцу, падтрымліваць, умацоўваць пераемнасць традыцый, - упэўнены ён. - І вельмі вас прашу: не плануйце вышынныя будынкі".

Больш творча і сучасна трэба падыходзіць да азелянення і кветкавага афармлення Мінска, да малых архітэктурных форм, паколькі ўсё гэта не толькі ўпрыгожвае горад, але і з часам можа стаць яго здабыткам, сказаў Прэзідэнт. "Там, дзе нашы бацькі і дзяды будавалі гарады, усё патанае ў зеляніне. Новыя мікрараёны - страшна глядзець", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Нашы зялёныя зоны і паркі маюць патрэбу ў абнаўленні, а дзесьці нават у аднаўленні. Ва ўсім свеце гэта прыродныя аазісы ўнутры каменнага мегаполіса, якія становяцца гонарам горада і нават краіны. Паглядзіце ўважліва на парк Горкага. На ваш погляд, ці адпавядае яго стан узроўню цэнтральнага парку сталіцы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў сталічнай мэрыі на працягу двух гадоў асвоіць усе ландшафтныя зоны, якія сёння прадугледжаны пад азеляненне, і пры гэтым даць людзям магчымасць самім прыняць удзел у гэтых работах, пасадзіць сваё дрэва. "Кожны павінен клапаціцца пра Мінск, няхай нават гэта не ваш мікрараён. Але гэта ваша малая радзіма, няхай другая малая радзіма, як мая. Але трэба клапаціцца пра гэты куток", - перакананы беларускі лідар.

"Толькі прыгожымі фасадамі і зялёнымі насаджэннямі задачу па фарміраванні міжнароднага аблічча Мінска як еўрапейскай сталіцы не вырашыць. Пытанне глыбей. Да нас прыязджаюць тысячы гасцей, якія захапляюцца чысцінёй і гасціннасцю. Але ці застаецца Мінск у іх памяці як унікальны горад са сваім уласным стылем? Сёння як ніколі востра паўстала пытанне аб яго фарміраванні, прычым у самым шырокім сэнсе слова", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, важна ўсё, аж да, здавалася б, нязначных дробязей - элементаў упрыгожвання будынкаў, аўтобусных прыпынкаў, дарожных знакаў, вулічных ліхтароў, падсветкі, рэкламы і нават уніформы гарадскіх службаў.

"Размова ідзе ў тым ліку і пра брэнд-платформу, канцэпцыю, лагатып. Гэта дапаможа сфарміраваць непаўторны вобраз Мінска, пазнаваемы ва ўсім свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дабаўце сюды яркія падзеі - і імідж горада адразу зменіцца. Мы павінны зрабіць Мінск модным і папулярным. Ва ўсіх краінах шукаюць любую падставу, каб прыцягнуць да сябе ўвагу турыстаў. Вы павінны сабраць разумных і творчых людзей, выпрацаваць інавацыйную стратэгію фарміравання аблічча і стылю. Яны павінны выклікаць эмоцыі, адпавядаць культурным традыцыям і адлюстроўваць памкненні гараджан".

Прэзідэнт дадаў, што кожны год у сталіцы праводзіцца больш за тысячу культурных і спартыўных мерапрыемстваў рознага маштабу, але наступны год будзе асаблівы - летам пройдуць II Еўрапейскія гульні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спаборніцтвы будуць успрымацца як беларуская Алімпіяда. У краіну прыедуць некалькі тысяч атлетаў і трэнераў, сотні тысяч балельшчыкаў.

"Кожны метр гарадскога асяроддзя павінен працаваць на гасцей і ўдзельнікаў гэтай спартыўнай падзеі. Мінскаму гарвыканкаму неабходна мабілізаваць усе намаганні і на самым высокім узроўні правесці гэта мерапрыемства", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі