Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 студзеня 2020, 13:13

"Тэрмінова ўсім скажыце - едзе Прэзідэнт!" - Лукашэнка нечакана змяніў план паездкі ў Шклоў

24 студзеня, Шклоў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Шклоў вырашыў змяніць план свайго візіту ў гэты горад, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першапачаткова чакалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на заводзе газетнай паперы. Аднак, прыбыўшы туды раніцай, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобны завод, ільнозавод, дрэваапрацоўчае прадпрыемства.

Яго словы сталі нечаканасцю для ўсіх, хто ўдзельнічаў у арганізацыі прэзідэнцкай паездкі, і тым больш для кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў. "Тэрмінова ўсім скажыце - едзе Прэзідэнт!" - то тут, то там гучалі папярэджанні па мабільных тэлефонах. Чыноўнікі ў мітусні спрабавалі раздаць даручэнні, каб наступныя кропкі маршруту хоць неяк былі падрыхтаваны да прыезду першай асобы.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка вывучаў работу папяровага завода, а затым размаўляў з яго калектывам, на малочнай вытворчасці спяшаліся навесці парадак. "Нават не ведаем, чаму Прэзідэнт вырашыў нас наведаць", - здзіўлена паціскалі там плячамі, але прысутнасць духу не гублялі.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобны завод пасля паўдня. Тут ён наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а затым перайшоў на размешчаную па суседстве прыватную вытворчасць "Данон Шклоў".

Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатару Магілёўскай вобласці падрабязна вывучыць работу двух гэтых прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб'яднаць іх вытворчыя рэсурсы. "Трэба ўсе фактары звесці і паглядзець, што будзе лепш. Толькі трэба дамовіцца, каб не цялёпкаліся, як некалі гэта было", - падкрэсліў ён.

Як растлумачыў журналістам губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, пакуль невядома, пад крылом якога з прадпрыемстваў адбудзецца аб'яднанне. "Мы палічым магчымасці прыватніка, вывучым, што ён гатовы ўкласці. Наша мэта - стварыць самую сучасную вытворчасць, якая магла б канкурыраваць з гатовай прадукцыяй на іншых рынках", - адзначыў ён.

На льнозаводзе Прэзідэнт увогуле правёў каля дзесяці хвілін, але гэтага часу хапіла, каб нагадаць кіраўніцтву прадпрыемства аб былых даручэннях і агучыць новыя. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на сыравіну. На яго думку, калі завод не спраўляецца з доўгім ільновалакном, яго трэба аддаць іншым прадпрыемствам краіны, напрыклад Аршанскаму льнокамбінату: там ёсць усе рэсурсы для вытворчасці якаснага прадукту.

Акрамя таго, на шклоўскім ільнозаводзе выйшла са строю частка ліній. Іх неабходна аператыўна аднавіць, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка размаўляў з чыноўнікамі і дырэктарамі вытворчасцей, высветлілася, што прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства наведваць не мае асаблівага сэнсу, паколькі яно не працуе. Яно вельмі закрэдытавана, і ва ўласнікаў няма сродкаў вырашыць існуючыя праблемы. Мясцовая ўлада таксама не ведае, што рабіць з гэтай вытворчасцю.

Прэзідэнт даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і падрабязна далажыць яму аб сітуацыі, якая склалася.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі