Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 верасня 2019, 10:24

Тэрмін рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве ў Мінску комплексу ля Белдзяржцырка перанесены на 2022 год

20 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Тэрмін рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве ў Мінску комплексу ля Белдзяржцырка перанесены на 2022 год. Гэта прадугледжана ўказам Прэзідэнта Беларусі ад 18 верасня нумар 346, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Дакументам уносяцца змяненні ва ўказ кіраўніка дзяржавы ад 11 мая 2010 года нумар 243 "Аб умовах будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г.Мінску".

У новай рэдакцыі ўказа рэалізацыя інвестыцыйнага праекта будаўніцтва і аснашчэння шматфункцыянальнага комплексу ў Мінску ў квартале праспект Незалежнасці - вуліца Янкі Купалы - рака Свіслач, а таксама інфраструктуры, уключаючы інжынерную і транспартную, якая забяспечвае яго функцыянаванне, павінна быць ажыццёўлена ў 2010-2022 гадах. Калі раней згодна з указам будаўніцтва комплексу планавалася з гасцініцай, то цяпер гэта палажэнне выключана.

У адпаведнасці з гэтым унесены карэкціроўкі і ў іншыя палажэнні ўказа. Мінскаму гарвыканкаму даручана змяніць мэтавае прызначэнне зямельнага ўчастка.

У чэрвені 2018 года стала вядома, што будынак ля Белдзяржцырка ў Мінску, які першапачаткова планаваўся як гасцініца, будзе перапрафіляваны ў офісны цэнтр. Паведамлялася, што цэнтральны будынак будзе выкарыстаны Ашчадбанкам пад пераезд беларускага БПБ-Ашчадбанка. Астатні комплекс планавалася задзейнічаць пад офісы, магазіны, кафэ і рэстараны.

У ліпені бягучага года прэзідэнт, старшыня праўлення ПАТ "Ашчадбанк Расіі" Герман Грэф у эфіры тэлеканала СТБ заяўляў, што будынак ля Белдзяржцырка на беразе Свіслачы плануюць дабудаваць у 2020 годзе. "Дату (завяршэння работ. - Заўвага БЕЛТА) назваць пакуль не магу. Праблема заключаецца ў тым, што будынак праектаваўся як апартаменты, а цяпер мы яго перапраектуем пад нежылыя мэты. Трэба ўзгадніць новы архітэктурны праект. Тэрміны, якія мы лічым рэалістычнымі, - у верасні канчаткова ўзгадніць праект, і тады, думаю, у наступным годзе завершым усё", - сказаў Герман Грэф. Падрадчык выбраны - гэта адна з будаўнічых кампаній групы "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі