Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 верасня 2021, 11:28

"Такіх крокаў мы яшчэ не рабілі". Лукашэнка расказаў аб сур'ёзных дамоўленасцях з Расіяй

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Расіі на перагаворах у Маскве 9 верасня дасягнулі вельмі сур'ёзных дамоўленасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча Прэзідэнта з Аляксандрам Бастрыкіным прайшла напярэдадні прафесійнага свята беларускіх следчых: 12 верасня адзначаецца Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства. Таму кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу павіншаваў старшыню Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыя Гару, які прысутнічаў на сустрэчы, і ў яго асобе ўсіх беларускіх следчых з надыходзячым святам. Тым больш у гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў з дня ўтварэння гэтага ведамства.

"Скажам шчыра, гэта людзі, якія ў гэтай вялікай рабоце з'яўляюцца асноўным звяном, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У нас у цэлым нядрэнны склад следчых органаў. Падрыхтаваныя, адказныя, сумленныя людзі".

Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні сённяшняй сустрэчы ў Маскве адбыліся яго перагаворы з расійскім калегам. "Добрыя былі ўчора мерапрыемствы на ўзроўні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Мы пра многае дамовіліся, гэта вельмі сур'ёзныя дамоўленасці. Такіх крокаў мы яшчэ не рабілі, як за гэтыя тры гады падрыхтоўкі і выдачы гэтых саюзных праграм", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, вельмі важнае месца ў час перагавораў занялі пытанні забеспячэння бяспекі. "Увесь час следчыя органы ў нас былі ў тэме. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы ўсяляк будзем у гэты няпросты час падтрымліваць нашых следчых. І міжнародная абстаноўка да гэтага падштурхоўвае: паток бежанцаў, наркотыкі захлістваюць Расію і Беларусь. Таму роля органаў следства, папярэдняга дазнання вельмі ўзрастае. Будзем працаваць разам, на нас вы заўсёды можаце разлічваць", - запэўніў беларускі лідар.

Гаворачы аб узаемадзеянні следчых органаў Беларусі і Расіі, кіраўнік дзяржавы адзначыў наладжаны абмен вопытам паміж бакамі. "Я ўдзячны, што на любым узроўні любая просьба выконваецца імгненна з боку Расіі: падзеляцца вопытам, ведамі, матэрыяльнай базай і дапамогуць, калі патрэбна недзе правесці якія-небудзь мерапрыемствы", - дадаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі