Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 мая 2021, 10:17

Сустрэча Лукашэнкі з парламентарыямі праходзіць у Авальнай зале Дома ўрада

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання праходзіць у Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як паведамлялася, напярэдадні парламентарыі звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай унесці ў Палату прадстаўнікоў законапраект аб змяненні Канстытуцыі, які прадугледжвае магчымасць правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання адначасова з правядзеннем выбараў у Палату прадстаўнікоў восьмага склікання. Пазней старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава абмеркавалі актуальныя пытанні і вырашылі звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай правесці сустрэчу з парламентарыямі, улічваючы, што раней анансавалася заява Прэзідэнта па апошніх падзеях.

"Прэзідэнт прыняў прапанову парламентарыяў і членаў Канстытуцыйнай камісіі, якія звярнуліся да яго з просьбай аб арганізацыі сустрэчы для абмеркавання актуальных і вострых пытанняў, што назбіраліся, - расказала журналістам прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. - На сустрэчу запрошаны не толькі дэпутаты і сенатары і не толькі члены Канстытуцыйнай камісіі, але і члены ўрада, прадстаўнікі іншых дзяржструктур, губернатары. А таксама людзі, якія фарміруюць меркаванне, - палітолагі, сацыёлагі, кіраўнікі СМІ, журналісты, вучоныя, блогеры".

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў пачатку мерапрыемства адзначыў, што сёння вакол Беларусі складваецца няпростая сітуацыя. "Так званы калектыўны Захад у парушэнне асноўных прынцыпаў і норм міжнароднага права робіць чарговую спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі. Мэта відавочна - пад лозунгам дэмакратыі пазбавіць беларускі народ права на вызначэнне свайго шляху развіцця, разбурыць краіну, ператварыўшы яе ў плацдарм для рэалізацыі карыслівых геапалітычных мэт. Аб гэтым не раз папярэджваў нас кіраўнік дзяржавы", - сказаў ён.

Спікер падкрэсліў, што парламентарыі, як і ўсе патрыятычна настроеныя сілы грамадства, не могуць мірыцца з такім станам спраў. "Наспела неабходнасць выпрацоўкі адэкватных мер у адказ па абароне суверэнітэту і незалежнасці краіны, - канстатаваў ён. - Ведаючы тую ўвагу, якую Аляксандр Рыгоравіч удзяляе Нацыянальнаму сходу Беларусі, кіраўніцтва палат парламента звярнулася з просьбай сустрэцца з парламентарыямі і абмеркаваць актуальныя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі. Дазвольце ад усіх вас падзякаваць Прэзідэнту за згоду на гэту сустрэчу. Наш фармат прадугледжвае адкрытую дыскусію. І, калі вы прыйшлі з пытаннямі, у вас будзе магчымасць іх задаць".

Затым Уладзімір Андрэйчанка запрасіў выступіць кіраўніка дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі