.
ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 3 сакавіка 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 лютага 2021, 10:36

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна прадаўжалася больш за шэсць гадзін. Што абмяркоўвалі прэзідэнты ў Сочы?

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Фота прэс-службы Прэзідэнта РФ - БЕЛТА
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Фота прэс-службы Прэзідэнта РФ - БЕЛТА

23 лютага, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 лютага правёў у Сочы перагаворы з кіраўніком расійскай дзяржавы Уладзімірам Пуціным. Сустрэча двух лідараў прадаўжалася больш за шэсць гадзін, што абмяркоўвалі прэзідэнты - у матэрыяле БЕЛТА.

"Сур'ёзныя перагаворы ў звычайным адзенні"

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся ў Краснай Паляне ў другой палове дня - без гальштукаў, строгіх правіл пратакола і афіцыйных асоб, якія звычайна суправаджаюць іх на важных сустрэчах. На імідж кіраўнікоў дзяржаў звярнулі ўвагу адразу ж: беларускі лідар быў апрануты ў клятчасты бомбер, а расійскі Прэзідэнт - у джынсы і пінжак. Як пазней заявіць Аляксандр Лукашэнка, "сур'ёзныя перагаворы ў звычайным адзенні" сведчаць аб тым, што прэзідэнты проста блізкія людзі, вельмі блізкія і самі народы абедзвюх краін.

Прывітаўшы беларускага калегу ў курортным гарадку, Уладзімір Пуцін заўважыў, што цяпер асабістыя сустрэчы сталі вялікай рэдкасцю. Таму, дадаў ён, у іх ёсць асаблівая каштоўнасць. Пратакольная частка сустрэчы, якая трапіла на камеры журналістаў, доўжылася крыху менш за 13 хвілін. Прэзідэнт Расіі абмежаваўся агульнымі словамі, падкрэсліўшы высокі ўзровень "узаемадзеяння, стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва" паміж краінамі. "Нашы інструменты ўзаемадзеяння адладжаны, працуюць добра. У нас няма ніводнага дня, каб нашы калегі не кантактавалі адзін з адным, не вырашалі тых ці іншых пытанняў, што стаяць перад намі", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Расійскі лідар адзначыў паспяховае супрацоўніцтва дзвюх краін у гандлі, сельскай гаспадарцы, гуманітарнай сферы. Ён успомніў аб паспяховым будаўніцтве Беларускай атамнай станцыі і заявіў аб папулярнасці ў Расіі беларускіх прадуктаў, якія "заўсёды якасныя, даступныя па цане".

"Мы вельмі блізкія людзі, народы: культура, мова, рэлігія, гісторыя сумесная, прычым яна заснавана не толькі на гераічным адносна нядаўнім мінулым, але і ідзе глыбока сваімі каранямі ў стагоддзі. Нас гэта ўсё аб'ядноўвае, і, вядома, вельмі добра, што мы падтрымліваем гэту работу і цяпер", - падагульніў Уладзімір Пуцін і запрасіў свайго беларускага калегу пакатацца на лыжах. Курорт усё ж такі.

"План дзеянняў ёсць"

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падчас размовы быў больш канкрэтным. Ён нагадаў, што раней было абазначана каля 30 напрамкаў па развіцці супрацоўніцтва. У час папярэдняй сустрэчы ў Сочы кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што ўрады папрацуюць над гэтымі так званымі дарожнымі картамі - падновяць і мадэрнізуюць. "Сапраўды, урады вельмі шмат зрабілі. І Расіі, і Беларусі. Яны абнавілі фармат. Мне сёння пасол Сямашка дакладваў, што там, можа, засталося 6-7 дарожных карт (яны цяпер ужо па-новаму называюцца, іх рэбрэндынг правялі), над якімі нашы ўрады працуюць. Усе астатнія ў прынцыпе гатовы да падпісання. Таму план дзеянняў ёсць", - заявіў беларускі лідар.

Затым, гаворачы пра гандаль, эканамічнае супрацоўніцтва і ўзаемавыгадныя праекты, Аляксандр Лукашэнка паступова выйшаў на сыравіннае пытанне. Ён растлумачыў, што поўны ўвод у строй Беларускай АЭС дасць магчымасць сэканоміць прыкладна 5 млрд куб.м прыроднага газу. Тым не менш патрэбнасць у гэтай сыравіне ў цэлым не знізіцца з улікам планаў па будаўніцтве новага азотнага камбіната ў Гродне. "А гэта прыродны газ. Таму мы ўсё роўна будзем спажываць прыродны газ ва ўсё большых аб'ёмах. Праект коштам 1,2-1,3 млрд, - сказаў Прэзідэнт. - Новы камбінат. Вопыт у нас ёсць. У нас жа такі працуе там. Таму мы хочам павялічыць аб'ёмы азотных угнаенняў. Калі будзе ваша даручэнне прапрацаваць пытанне, мы з Газпрамам гатовы гэты праект рэалізаваць".

"Галоўнае - гэта кааперацыя ў рэальным сектары эканомікі"

Уладзімір Пуцін у сваю чаргу падкрэсліў, што пытанні фінансавай падтрымкі, вядома, важныя, але гэта далёка не галоўнае. "Галоўнае - гэта сумесная работа і кааперацыя ў рэальным сектары эканомікі. У нас сапраўды за перыяд эпідэміі крыху ўпаў тавараабарот, прыкладна на 15 працэнтаў Але ўсё роўна склаў $28,5 млрд. Гэта вельмі значная лічба", - сказаў ён.

Не абмінуў Аляксандр Лукашэнка і тэму барацьбы з пандэміяй, адзначыўшы дасягненні расійскіх вучоных у гэтым напрамку. "Я заўсёды гавару: і наша крыху там ёсць з савецкіх часоў - вытворчасць вакцын. У вас ужо тры зарэгістраваныя вакцыны. І яшчэ ў распрацоўцы. Мы таксама ідзём гэтым шляхам. Да восені мы атрымаем і сваю вакцыну, спецыялісты ў нас ёсць. Але цяпер актыўна закупляем у вас".

У час сустрэчы стала вядома, што расійскі бок перадаў Беларусі тэхналогіі для вытворчасці вакцыны супраць каранавіруса. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, яе вытворчасць плануецца пачаць у сакавіку.

Горныя лыжы, абед і сыр "з характарам"

Пасля такога кароткага, але даволі насычанага ўступу перагаворы прадоўжыліся ўжо за закрытымі дзвярамі. Прэзідэнты размаўлялі сам-насам каля гадзіны, а затым вырашылі зрабіць перапынак. Курорт усё ж такі.

На снегаходах, а затым на горных лыжах Аляксандр Лукашэнка ў чорнай экіпіроўцы, а Уладзімір Пуцін у касцюме колеру расійскага сцяга некаторы час пакаралі сочынскія схілы. Як відаць, гэта стала прадаўжэннем пачатых днём перагавораў. Як сведчыць відэахроніка, кіраўнікі дзяржаў перыядычна спыняліся на спусках, каб абмяняцца парай тройкай слоў, і не пераставалі размаўляць у пад'ёмніках, што праплывалі над заснежанымі гарамі. Што абмяркоўвалі прэзідэнты? Звычайна пазней пра гэта маглі расказаць журналістам міністры і чыноўнікі, але цяпер яны тым больш адсутнічалі на сустрэчы.

Пасля катання Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся за абедам. Дарэчы, пасля яго бакі абмяняліся падарункамі. Беларусі лідар паднёс свайму калегу карзіну прысмакаў з радзімы: сыр "з характарам", сала, хамон... Атрымліваецца, не дарэмна расійскі Прэзідэнт нахвальваў беларускія прадукты.

Насычаныя перагаворы кіраўнікоў дзяржаў завяршыліся толькі ў пачатку дзясятай гадзіны вечара. Такім чынам, прэзідэнты сустракаліся сам-насам амаль шэсць з паловай гадзін. З усмешкамі і добрым настроем - так завяршыўся гэты сочынскі вечар, расказаваюць відавочцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі