Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 красавіка 2022, 10:36

Стварэнне профільнага дзяржоргана ў сферы лічбавага развіцця і інфарматызацыі зноў абмяркуюць у Лукашэнкі

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стварэнне на базе дзеючага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі профільнага дзяржоргана ў сферы лічбавага развіцця і інфарматызацыі зноў вынесена на абмеркаванне ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БЕЛТА.

З дакладамі па гэтым пытанні выступяць старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў і міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

У гэтым годзе на ўзроўні Аляксандра Лукашэнкі ўжо абмяркоўвалася адпаведнае пытанне - яно было адной з тэм нарады кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў 13 студзеня.

Прэзідэнт тады адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная базавая інфраструктура: пабудавана развітая сетка перадачы даных, надзейныя цэнтры іх апрацоўкі і захоўвання, укаранёны сучасныя сродкі аховы інфармацыі. "Відаць, гэтага недастаткова. Лічбавая сфера павінна не толькі паляпшаць быт людзей, але і праз высокаэфектыўныя вытворчасці павышаць іх дабрабыт. Больш увагі неабходна ўдзяляць лічбавізацыі рэальнага сектара эканомікі, забеспячэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў", - заявіў беларускі лідар.

Па выніках нарады 13 студзеня міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заявіў журналістам, што працэс стварэння новага Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі наблізіўся да фінішнай мяжы. Важнасць гэтага пытання ён растлумачыў вялікім значэннем сферы лічбавізацыі для сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. "Кіраўніком дзяржавы была ўдзелена такая пільная ўвага для таго, каб ва ўказе былі закладзены нормы, якія спрацуюць, прынясуць значныя змяненні ў лепшы бок як для грамадзян, так і для галін эканомікі", - падкрэсліў ён.

Міністр падкрэсліў, што змяніць назву міністэрства прапануецца не дзеля змены шыльды. Зменяцца ў першую чаргу функцыі і задачы. "Мы працум ужо два з паловай гады, пакуль ідзе прапрацоўка ўказа (аб стварэнні новага міністэрства. - Заўвага БЕЛТА), і стараемся жыць па новых правілах, хоць яны яшчэ і не зацверджаны. Таму што гэтыя правілы прадыктаваны ўмовамі жыцця. Развіццё не спыніць, яно ідзе, але яно павінна быць кіруемае і кіруемае дзяржаўнай сістэмай", - адзначыў Канстанцін Шульган.

Раней пытанне аб стварэнні новага міністэрства абмяркоўвалася на ўзроўні Прэзідэнта яшчэ ў 2019 годзе з удзелам кіраўнікоў урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, ІТ-сектара, Парка высокіх тэхналогій.

У той час першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын заяўляў журналістам аб рашэнні ствараць дзяржрэгулятар на базе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, перагледзеўшы пэўны функцыянал, змяніўшы найменне міністэрства. Урад павінен быў унесці на разгляд кіраўніка дзяржавы праекты адпаведных рашэнняў. Акрамя таго, ставілася задача вывесці работу Міністэрства сувязі і інфарматызацыі на якасна больш высокі ўзровень, каб яно ў цесным супрацоўніцтве працавала з прадстаўнікамі IT-сектара, займалася развіццём лічбавізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі