Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 жніўня 2021, 19:31

Стварэнне дзяржкарпарацыі, экспарт і клопат аб сялянах. Лукашэнка заслухаў даклад па "Белдзяржхарчпраме"

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня прыняў з дакладам старшыню канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Анатоля Бубена і намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна. Абмяркоўваўся стан спраў у канцэрне, перш за ўсё вытворчасць прадукцыі і экспарт, а таксама планы па пераўтварэнні ў дзяржаўную карпарацыю.

Цяпер "Белдзяржхарчпрам" курыруе звыш 25 класаў эканамічнай дзейнасці, асноўныя з якіх - вытворчасць цукру, кандытарскіх вырабаў, плодаагароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, алею і тлушчу, алкагольных напіткаў і піва, соладу, тытунёвых вырабаў і солі. Удзельная вага канцэрна ў агульнай суме выплачаных плацяжоў у бюджэт у цэлым па краіне складае каля 7 працэнтаў. У яго ўваходзяць больш за 40 прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў каля 20 тыс. чалавек. "Вядома, гэта не Міністэрства сельскай гаспадаркі або прамысловасці, але трэба разумець, што гэта прыкладна 100 тыс. чалавек, калі з сем'ямі ўзяць, якія жывуць дзякуючы гэтаму канцэрну. І ўдзельнай вагі ў бюджэце, і працуючых людзей у вас нямала. Гэта сведчыць аб важнасці гэтага напрамку эканомікі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Самае галоўнае - экспарт

Прэзідэнт запатрабаваў далажыць дакладна і сутнасці, без нейкіх доўгіх справаздач. "Проста асобныя пазіцыі - што добра, што дрэнна. Ёсць і недахопы, ёсць і станоўчыя факты. Мяне цікавіць перш за ўсё вырабляемая прадукцыя і, самае галоўнае, экспарт, за што адказвае віцэ-прэм'ер. Ён нясе адказнасць, каардынуе гэту работу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Тут, дарэчы, у прадпрыемстваў "Белдзяржхарчпрама" ёсць чым пахваліцца. У 2020 годзе экспарт арганізацый канцэрна склаў $404,3 млн, або 115 працэнтаў да паказчыка 2019-га, у студзені - чэрвені 2021 года - $172,6 млн. Геаграфія экспарту ў 2020 годзе пашырана да 72 краін (53 краіны ў 2019 годзе). У мінулым годзе асвоены 24 новыя рынкі збыту, за студзень - чэрвень 2021-га - 13 новых рынкаў.

Адзін з асноўных перспектыўных і растучых напрамкаў паставак - Кітай. "Рынак Кітая мы, можна сказаць, пакарылі. І за 2020 год прыраслі ў тры разы. Пастаўкі ўжо на $15 млн ажыццявілі (па выніках мінулага года. - Заўвага БЕЛТА). Думаем у далейшым яшчэ нарасціць аб'ёмы экспарту. Гэта кандытарка, алкаголь, піва, цукар асабліва. У мінулым годзе мы 20 тыс. т прадалі ў Кітай цукру, а ў гэтым годзе дамовіліся аб 30 тыс. т", - расказаў журналістам Анатоль Бубен.

Развіў тэму намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін. Так, айчынныя вытворцы вядуць мэтанакіраваную работу на кітайскім рынку, адаптуюць сваю прадукцыю пад кітайскага спажыўца, але добрую фору даюць і цудоўныя асабістыя адносіны паміж лідарамі дзвюх краін. "Там наша лінейка прадукцыі ў сувязі з ментальнасцю і гэтак далей наогул ніяк не прыжывалася яшчэ 5-6 гадоў таму. Там іншая ўпакоўка патрэбна, іншыя смакавыя якасці, наогул іншы тавар. Гэта значыць, курыныя лапкі, якія мы некалі перапрацоўвалі тут, там ідуць на ўра. Але вось сыры там не ідуць, а ў нас ідуць", - адзначае віцэ-прэм'ер.

Цяпер жа ўсё змянілася. З аднаго боку, пад густы кітайцаў паступова падладжваюцца ў Беларусі - цукеркі з нізкай колькасцю цукру ў саставе, і гарэлка мацункам 69 працэнтаў і 77 працэнтаў, і зефір са смакам імбіру... З другога, і айчынныя пастаўшчыкі мяняюць смакавае ўспрыманне спажыўцоў Паднябеснай, не ў апошнюю чаргу дзякуючы іміджу беларускай прадукцыі як максімальна экалагічнай, натуральнай і карыснай.

Каб гэта не было жаданнем прыватызаваць акуратненька міма Прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка дбае за дзяржаўную ўласнасць. У пытаннях прыватызацыі Прэзідэнт заўсёды асцярожны, бо галоўнае - не нашкодзіць прадпрыемству, працоўнаму калектыву ды і інтарэсам эканомікі краіны ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы звярнуў увагу, што раней асобныя прадпрыемствы, падведамныя "Белдзяржхарчпраму", былі перададзены ў кіраванне на мясцовы ўзровень. "Я так разумею, што гэтыя прадпрыемствы ў асноўным засталіся дзяржаўнымі. Мяне заўсёды насцярожвала пытанне пры перадачы зверху ўніз прадпрыемстваў, каб гэта не было прычынай і жаданнем іх прыватызаваць акуратненька міма Прэзідэнта і рэспубліканскіх органаў улады. Хацелася б, каб мяне таксама інфармавалі наконт гэтага: так гэта, ёсць такія факты ці не?" - абазначыў пытанне беларускі лідар.

Ён таксама пацікавіўся, як ідуць справы ў вытворцаў цукру - якія ўваходзяць у структуру канцэрна чатырох беларускіх заводаў. У іх мадэрнізацыю і забеспячэнне ўстойлівай работы дзяржава за мінулыя гады ўклала немалыя сродкі.

"Мы ведаем, што ў мінулым годзе сітуацыя па продажах і цэнах на цукар была не вельмі, але да канца года і ў пачатку бягучага года цэны на цукар проста падскочылі. Якая сітуацыя ў вас цяпер?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Сялян проста па азначэнні крыўдзіць нельга

Прадпрыемствы "Белдзяржхарчпрама" - перапрацоўшчыкі прадукцыі сельскай гаспадаркі. Яны ж і атрымліваюць канечны прыбытак у выглядзе дабаўленай вартасці, але ў гэтым ланцужку, папярэджвае Аляксандр Лукашэнка, нельга забываць пра аграрыяў - тых вяскоўцаў, хто кожны дзень працуе на фермах і ў палях.

"Вы маеце цесныя адносіны, па прычыне таго што атрымліваеце сыравіну ад сялян, з сельгаспрадпрыемствамі. Гэта ўжо, хутчэй, да вас, Аляксандр Міхайлавіч (віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін. - Заўвага БЕЛТА), пытанне, якія ў іх ёсць праблемы ў гэтым плане, ці не крыўдзяць яны сялян", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга крыўдзіць людзей, занятых у сельскай гаспадарцы. "І не таму, што вы пазбавіцеся сыравіннай базы. Вы яе ніколі не пазбавіцеся. Таму што дзяржава будзе рабіць усё для таго, каб гэта сыравінная база была. Але сялян проста па азначэнні крыўдзіць нельга. Яны ў нас не самыя багатыя", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Намеціўся крэн па стварэнні дзяржаўных карпарацый

Вельмі верагодна, што ўжо з 2022 года ў Беларусі на базе "Белдзяржхарчпрама" можа быць створана дзяржаўная карпарацыя харчовай прамысловасці. Аляксандр Лукашэнка адобрыў адпаведныя планы, а адпаведны праект указа ў пачатку верасня паступіць ужо ў Саўмін, абяцае Анатоль Бубен.

Прэзідэнт сказаў, што калі эканамічна гэта будзе мэтазгодна, то з новага года павінна ўжо працаваць новая карпарацыя харчовай прамысловасці, - расказаў журналістам кіраўнік канцэрна. - Мы гаварылі аб стварэнні карпарацыі. Над гэтым ужо ідзе работа. На Усебеларускім народным сходзе прэм'ер-міністрам была абазначана задача аб стварэнні карпарацый у краіне. Я лічу, гэта будзе крок наперад. І Прэзідэнтам гэта пытанне было падтрымана. Ён сказаў эканамічна разлічыць мэтазгоднасць - што будзе мець дзяржава ад гэтага кроку".

Анатоль Бубен сцвярджае, што карпарацыя дазволіць кансалідаваць сілы і агульнымі намаганнямі дасягнуць больш высокіх вынікаў, а таксама атрымаць больш прыбытку і выпускаць больш рэнтабельную прадукцыю. Структурныя змяненні таксама дадуць магчымасць адкрываць буйныя прадстаўніцтвы ў розных рэгіёнах свету, уключаючы Кітай.

Але перш чым даць згоду, Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіцца, ці не будзе гэта рэформай дзеля рэформы: "Ва ўрадзе намеціўся такі крэн па стварэнні дзяржаўных карпарацый. Чым яна, гэта дзяржаўная карпарацыя, будзе адрознівацца ад цяперашняга канцэрна? Канцэрн - гэта таксама дзяржаўнае аб'яднанне. Карпарацыя дык карпарацыя. Ніхто не супраць. Зразумела, што ад пачатку да канца ўвесь ланцужок сканцэнтраваны па вытворчасці ў адных руках. І продажы ў тым ліку. І прыбытак вы дзеліце. І гэтак далей. Але мяне цікавіць: гэта карпарацыя як ідэя або практыка ўжо кладзецца на вашу "грэшную" "Белдзяржхарчпрамаўскую" зямлю?"

"Таму што рэформа дзеля рэформы нікому не патрэбна. Яна павінна быць эфектыўнай і прыносіць патрэбны, шукаемы намі вынік. Перш за ўсё грашовы. Павінен прыбытак павялічвацца, рэнтабельнасць, эфектыўнасць функцыянавання гэтага аб'яднання", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пераходзім на рапсавы алей

Калі ўлагодзіць кіраўніка дзяржавы ў пытаннях кіравання краінай і распараджэння дзяржаўнай маёмасцю яшчэ ні ў каго не атрымлівалася, то па частцы харчовых прыхільнасцей "Белдзяржхарчпраму" і яго кіраўніцтву гэта, відаць, удалося. Размова пра рапсавы алей, які б'е рэкорды па продажах у Беларусі і ўсё часцей замяняе на стале не толькі аліўкавы, але і больш прывычны нашым грамадзянам сланечнікавы алей.

Невядома, ці ўзнімалася гэта тэма ў час рабочай сустрэчы, але, як высветлілася, густы ў Аляксандра Лукашэнкі і Анатоля Бубена тут сыходзяцца. "Абавязкова. Толькі рапсавы алей. Выкарыстоўваем і для смажання. Ужо забылі ў сям'і, што такое сланечнікавы алей", - расказаў журналістам старшыня канцэрна.

Як паведамлялася БЕЛТА, гэтаму прадукту аддае перавагу і Прэзідэнт Беларусі, аб чым ён расказаў у ліпені на нарадзе па тэматыцы сельскай гаспадаркі: "Еўрапейскі саюз не адмовіўся ад алею рапсу з Беларусі, з задавальненнем закупляюць. І нашы пачынаюць прывыкаць ужо не да аліўкавага, не да сланечнікавага, а да алею рапсу. Я асабіста ў ежу калі ўжываю нейкі алей, то гэта рапсавы. Няхай з гарчынкай там крыху, але гэта наша, беларускае, на зямлі вырашчанае і вельмі карыснае для здароўя. Еўропа разумее гэта, амерыканцы разумеюць. Яны вялікія колькасці закупляюць алею рапсу".

Анатоль Бубен расказвае, што наконт папулярызацыі рапсавага алею работа праведзена вельмі сур'ёзная і яна дала свае вынікі. Так, за апошні год попыт на рапсавы алей вырас амаль у 20 разоў. Калі за студзень - чэрвень 2020 года прадпрыемствы канцэрна паставілі на ўнутраны рынак каля 78,8 т, то ў першым паўгоддзі 2021-га - 1 533,8 т гэтага прадукту.

У такіх краінах, як, напрыклад, Германія і Ізраіль, спажыванне рапсавага алею складае каля 90 працэнтаў. "А ў нас да сённяшняга моманту спажыванне сланечнікавага было 90 працэнтаў, - адзначае кіраўнік канцэрна. - Паколькі ў нас рапс добра расце, мы атрымліваем рапсавы алей для харчовых мэт. Мы яго і экспартуем, і цалкам узялі на сябе адказнасць у забеспячэнні краіны рапсавым алеем. Попыт на яго ёсць. Ён таннейшы, чым сланечнікавы. І людзі, рассмакаваўшы, пачынаюць усё больш браць рапсавы алей".

Паводле слоў Анатоля Бубена, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на наступны год дало заяўку ўжо на 10 тыс. т рапсавага алею для пастаўкі ў магазіны.

Раней у бягучым годзе "Белдзяржхарчпрам" запусціў сацыяльны праект "Рапсавы алей на стале - здароўе ўсёй сям'і!" Мэта праекта - пазнаёміць беларусаў з высакаякасным здаровым прадуктам айчынных кампаній. Па сваіх уласцівасцях рапсавы алей не ўступае аліўкаваму, а па колькасці ў саставе поліненасычаных тлустых кіслот нават пераўзыходзіць яго. Ён аднесены да лепшых харчовых раслінных тлушчаў па тлушчакіслотным саставе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі