Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 снежня 2018, 10:59

"Спорт - не латарэя" - Лукашэнка патрабуе забяспечыць максімальную эфектыўнасць дзяржукладанняў у галіну

18 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Развіццё спорту заўсёды было і застаецца нязменным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі. Аб гэтым сёння на нарадзе па пытаннях развіцця летніх відаў спорту заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галоўны паказчык - высокі спартыўны вынік. Усё астатняе - нікому не патрэбная балбатня, - падкрэсліў беларускі лідар. - Спорт - не латарэя. За кожнай перамогай стаіць вялікая праца многіх прафесіяналаў - атлета, трэнера, урача, вучонага. Кожнага з вас. Вынік складваецца з вырашэння канкрэтных сістэмных пытанняў, па якіх не раз даваліся даручэнні".

Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці забяспечыць максімальную эфектыўнасць дзяржаўных укладанняў у галіну: "Калі вызначыліся з прыярытэтнымі відамі спорту, значыць, менавіта туды трэба накіроўваць асноўныя рэсурсы як людскія, так і матэрыяльныя".

"Прычым рух павінен быць сінхронным на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах: у падрыхтоўцы кадраў, спецыялізацыі спартыўных школ, інфармацыйным суправаджэнні, фінансаванні", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў былы савецкі час шмат увагі ўдзялялася ідэалогіі, імкнуліся ўздзейнічаць на найбольшую колькасць насельніцтва. "У аснове ляжала слова. Як вядома, час мяняецца. Слова нікуды не дзелася. Я лічу, што жывая размова з людзьмі - гэта важнейшы фактар уздзеяння. Але з'явіўся новы фактар масавага ўздзеяння на людзей. Засталося толькі ўкласці ў гэта нармальную ідэалогію", - адзначыў беларускі лідар.

"Спорт - гэта аснова ідэалогіі. Без балбатні, без размоў выходзіць адзін спартсмен або група спартсменаў (не так, як нашы хакеісты нядаўна "парадавалі народ", што адна, што другая зборныя), і ў гонар гэтага спартсмена - лічы ўсяго народа і ўсёй краіны - гучыць дзяржаўны гімн. Як гэта ўзнімае настрой людзей, вы ведаеце. Вось прычына асаблівай увагі дзяржавы і маёй асабіста да спорту", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў летніх відах спорту пакуль не той вынік, на які краіна мае права разлічваць з улікам узроўню падтрымкі гэтай сферы. Адносна дастойна выступаюць толькі каманды па веславанні на байдарках і каноэ, скачках на батуце і некаторых відах барацьбы. "Тэнісісткі нядрэнна правялі сезон, але пытанняў стала і да гэтага віду спорту не менш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым ён звярнуў увагу, што прадстаўнікі ў такіх традыцыйна моцных для Беларусі відах спорту, як стральба, гімнастыка, легкая атлетыка, фехтаванне, веславанне акадэмічнае, плаванне, толькі зрэдку трапляюць на п'едэстал сусветных пяршынстваў. "Гульнявыя віды, мяркуючы па ўсім, наогул туды не імкнуцца. Я ўжо сказаў пра хакей. Прыкладна тое ж можна, выключыўшы БАТЭ, сказаць пра футбол", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна працаваць персанальна з кожным відам спорту, а не весці размовы аб выбудоўванні нейкай спартыўнай вертыкалі. "Надакучыла слухаць пра вашу гэту вертыкаль. Не ў вертыкалі справа. Хопіць у нас вертыкалі і вертыкальшчыкаў", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як працуюць спартыўныя федэрацыі, старшынямі большасці з якіх выбраны вядомыя спецыялісты ў сваіх відах спорту. Ён звярнуў увагу, што нічога не перашкаджае працаваць і паказваць вынікі, але асобныя кіраўнікі федэрацый больш вырашаюць асабістыя пытанні, чым займаюцца відамі спорту.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб для таленавітых спартсменаў абавязкова ствараліся ўсе неабходныя ўмовы і яны забяспечваліся ўсім неабходным, асабліва атлеты топ-узроўню.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі