Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 красавіка 2024, 13:39

Сяргей Масляк назначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Сяргей Масляк
Сяргей Масляк
22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сяргей Масляк назначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў 22 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў Сяргей Масляк у размове з журналістамі, Прэзідэнт, прымаючы рашэнне аб назначэнні, акцэнтаваў увагу новага міністра на пытаннях навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў. "У гэтым напрамку роля Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя каардынуючая. Менавіта наша ведамства адказвае за гэту работу", - сказаў міністр. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы чарговы раз нагадаў пра неабходнасць азелянення адкосаў уздоўж асноўных аўтамабільных магістралей, у прыватнасці ўздоўж МКАД.

Да назначэння на пасаду міністра Сяргей Масляк працаваў кіраўніком адміністрацыі Завадскога раёна Мінска. У сувязі з гэтым журналісты пацікавіліся, ці няма ў яго хвалявання, апасенняў наконт новага статусу і неабходнасці выконваць шэраг адказных задач. "Завадчан наогул складана спалохаць", - з доляй гумару адказаў міністр, чыё жыццё і значны перыяд працоўнай дзейнасці былі звязаны з Завадскім раёнам Мінска. З асаблівым гонарам ён падкрэсліў, што ў Беларусі магчымы такія гісторыі кар'ернага росту, калі спецыяліста ацэньваюць па яго прафесійных якасцях: "Звычайны хлопец, які вырас у звычайным райне, у маім выпадку - Завадскім, прайшоўшы пэўны этап у сваім жыцці, можа дабіцца поспехаў, дзякуючы сваёй рабоце. А ўжо ацэнка маёй работы - справа вышэйстаячага кіраўніцтва".

Сяргей Масляк нарадзіўся 8 верасня 1980 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Інстытут турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

У 2002-2003 гадах працаваў памочнікам ляснічага Валмянскага лясніцтва пры Мінскім лясгасе.

2003-2005 - інжынер першай катэгорыі аддзела пошукаў і праектавання лесагаспадарчых аб'ектаў праектна-пошукавага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белдзіпралес".

2005-2006 - вядучы спецыяліст аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Завадскога раёна Мінска.

2006-2012 - намеснік дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Зялёнбуд Завадскога раёна Мінска".

Красавік 2012 - верасень 2012 - намеснік дырэктара ТАА "Александрынарамбуд".

2012-2013 - дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Зялёнбуд Першамайскага раёна Мінска".

2013-2015 - намеснік кіраўніка Завадскога раёна Мінска.

2015-2019 - старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

2019 - 2024 - кіраўнік адміністрацыі Завадскога раёна Мінска.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі