Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 мая 2022, 15:58

Што рабіць з санкцыямі і якія меры трэба прымаць экстранна. Лукашэнка выступіў на саміце ЕАЭС

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на анлайн-пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 мая

Паважаныя ўдзельнікі пасяджэння! Паважаны старшыня!

Перш за ўсё хацеў бы падзякаваць Садыру Нургажоевічу за арганізацыю пасяджэння нашага савета, а таксама Еўразійскага эканамічнага форуму.

Наша пасяджэнне праходзіць у няпростых геапалітычных і эканамічных умовах. Але нам удалося купіраваць праблемы на валютна-фінансавым рынку. Аднак санкцыйны прэсінг не слабее, а хутчэй, наадварот, узмацняецца.

Па прычыне глабальнага характару эканомікі і таго факта, што Расія - буйнейшы гандлёва-эканамічны партнёр для краін ЕАЭС, наступствы санкцый у той ці іншай ступені закрануць усіх членаў саюза.

Таму нельга сядзець склаўшы рукі. Гавару гэта зноў тым, хто думае, што ўсё пройдзе само сабой і ўдасца адседзецца. Мы проста абавязаны з'яднацца і дзейнічаць адзіным фронтам, як тут ужо было сказана нашым старшынствуючым. Відавочна, гэта патрэбна ўсім і іншага не дадзена, калі мы хочам захаваць сваю дзяржаўнасць, наш саюз і на самай справе думаем аб карысці сваіх народаў.

Ужо зробленыя намі сумесныя крокі - пацвярджэнне таму. Гэта адносіцца да дастаткова аператыўна прынятых нашай камісіяй рашэнняў па павышэнні ўстойлівасці эканомік дзяржаў - членаў саюза. Лічу, што далей нам трэба прыняць экстранныя меры па перафармаціраванні лагістыкі.

Значную цікавасць уяўляе ініцыятыва камісіі па рэалізацыі праекта "Еўразійскі аграэкспрэс". Ён прызначаны забяспечыць рэгулярныя бесперашкодныя пастаўкі сельскагаспадарчых тавараў чыгуначным транспартам, у тым ліку з Кітаем.

Акрамя таго, трэба сур'ёзна фарсіраваць работу па стварэнні новых кааперацыйных сувязей і імпартазамяшчэнні, асабліва па таварах крытычнага імпарту. Актуальнай з'яўляецца прапанова па распрацоўцы індыкатыўных балансаў адносна тавараў першай неабходнасці для ўнутранага рынку саюза.

ЕАЭС мае добрыя пазіцыі ў пытаннях харчовай бяспекі, аднак у сувязі з прагназуемым ажыятажным попытам у свеце на першачарговыя прадукты харчавання неабходна цесная каардынацыя, каб не дапусціць дэфіцыту асобных тавараў на ўласных рынках.

Лічу, што да вырашэння абазначаных праблем неабходна падцягваць і астатнія дзяржавы СНД.

Асаблівае значэнне мае пытанне развіцця міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва з трэцімі краінамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

Ва ўмовах санкцый мы не павінны замкнуцца ў саміх сабе ў эканамічным нашым саюзе. Акрамя так званага калектыўнага Захаду ў свеце дастаткова дзяржаў, якія гатовы развіваць з намі раўнапраўныя, паважлівыя ўзаемаадносіны.

Вядзецца актыўная работа па заключэнні гандлёвых пагадненняў з Егіптам, Іранам. На падыходзе пачатак прадметных перагавораў з Інданезіяй. Праяўляюць цікавасць да пагаднення аб свабодным гандлі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Вялікі патэнцыял мае заключаны міжнародны дагавор аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем. Яго варта выкарыстоўваць для пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы прамысловай кааперацыі, у тым ліку ў інавацыйных галінах, прыцягнення інвестыцый, рэалізацыі транзітнага патэнцыялу нашага саюза, нарошчвання ўзаемнага гандлю.

Цяпер трэба сканцэнтравацца на рабоце па хутчэйшай рэалізацыі ўжо ў гэтым годзе дарожнай карты з кітайскім бокам. Таксама асаблівае значэнне, дадаў ён, набывае партнёрства з КНР у сферы лічбавых транспартных калідораў. Рэалізацыя гэтага напрамку дапаможа перайсці на комплексную электронную тэхналогію перавозкі грузаў чыгуначным транспартам паміж дзяржавамі нашага саюза і Кітаем.

Асаблівае значэнне мае абмеркаванне шэрага праектаў па ўдзеле Рэспублікі Узбекістан у ініцыятывах саюза. У гэтым кантэксце хацеў бы адзначыць высокі ўзровень узаемадзеяння паміж саюзам і Кубай, а таксама інтарэс Венесуэлы, што сведчыць аб значным патэнцыяле для ўмацавання нашага эканамічнага супрацоўніцтва.

Пытанні не новыя. У большасці гэтыя мерапрыемствы праходзілі ўжо ў нашых дакументах і планах. Цяпер проста трэба ўдзяліць ім больш часу і ўвагі з тым, каб дабіцца выніку.

На завяршэнне хацеў бы таксама давесці да вашай увагі, што ў Беларусі пачата актыўная падрыхтоўка да арганізацыі ў жніўні 2023 года другіх Гульняў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мы ўсе прысутныя падтрымлівалі такое мерапрыемства раней. Як вы памятаеце, папярэднія Гульні адбыліся ў 2021 годзе ў Казані.

Калі мы хочам прадоўжыць гэту добрую традыцыю, прашу ўсіх калег актыўна падключыцца да работы, даць неабходныя даручэнні зацікаўленым у вашых краінах. Свята спорту павінна стаць для нашых народаў яшчэ адным сімвалам дружбы і з'яднанасці.

Дарагія сябры!

Перад намі стаяць няпростыя задачы, вырашаць якія мы вымушаны ў паскораным рэжыме. І ўсё гэта адбываецца на фоне глабальнай нявызначанасці, яшчэ больш сур'ёзнай, чым у перыяд распаўсюджвання COVID.

Аднак я перакананы, што сумеснымі намаганнямі, рэалізаваўшы ў поўнай меры магчымасці Еўразійскага эканамічнага саюза, пераадолеўшы нацыянальны эгаізм, мы паспяхова пройдзем усе выпрабаванні.

Дзякую вам за ўвагу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі