Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 сакавіка 2023, 13:14

Што Лукашэнка назваў абавязкам беларусаў? Выступленне Прэзідэнта на мітынгу-рэквіеме ў Хатыні

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на памятным мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі

Паважаныя суайчыннікі, дарагія сябры, госці Беларусі!

Памяць і абавязак прывялі нас сёння ў Хатынь. У вёску, якой больш няма і ніколі не будзе на геаграфічнай карце Беларусі. Роўна 80 гадоў таму тут спыніўся час: спынілася гісторыя роду беларускіх сем'яў, якія мірна жылі на сваёй зямлі, абарваліся 149 жыццяў старых, жанчын і дзяцей, у тым ліку якія не паспелі нарадзіцца.

Гэта трагедыя, як і тысячы такіх жа жахлівых злачынстваў, учыненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, навечна выбіта ў камені і ў сэрцы беларускага народа. У сэрцы народа-пераможцы, моцнага і велікадушнага, які ўмее дараваць.

Да гэтага часу мы стараліся не абцяжарваць пачуццём віны дзяцей і ўнукаў катаў, якія прыйшлі на нашу зямлю, каб канчаткова вырашыць пытанне з намі, са славянамі. Усходнімі славянамі. Мы раней не падкрэслівалі, што большасць краін Заходняй Еўропы сталі пад сцягі гітлераўскай Германіі і сусветны капітал аплаціў гэты паход. Яны супраць нас сёння санкцыі ўводзяць, развязалі эканамічную і інфармацыйную вайну.

Але мы не забылі, і наследнікам карнікаў таксама нагадаем, як у далёкім 41-м беларуская зямля ператварылася ў адзін вялікі лагер смерці. Як людзей спальвалі, ціснулі танкамі, тапілі, расстрэльвалі прамой наводкай з цяжкіх гармат. Як закопвалі дзяцей жыўцом, эканомячы кулі, і распылялі над нашымі гарадамі і сёламі атрутныя рэчывы.

Сёння мы аплакваем жыхароў 11 тыс. нашых вёсак, пасёлкаў і хутароў, спаленых часткова або поўнасцю. Мы аплакваем усіх нявінных ахвяр нацызму, усіх герояў, якія не вярнуліся з той вайны. Гэта 50 мільёнаў жыхароў планеты. Большая частка - нашы савецкія людзі. Вечная ім памяць.

(У час цырымоніі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі мінутай маўчання).

Вы ведаеце: у фашызму няма чалавечага аблічча, але ёсць імёны. Імёны забойцаў і здраднікаў. І мы іх ведаем. Ёсць наследнікі і ідэйныя прадаўжальнікі, у якіх зноў абудзіўся ген нянавісці да нас, усёй славянскай цывілізацыі, нашага народа. "Арыйскія стандарты" яны замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Фільтрацыя народаў на адпаведнасць новаму эталону ідзе даўно. Праз каляровыя рэвалюцыі, мяцяжы, проксі-войны, санкцыі, шантаж. Як далёка гэта можа зайсці - мы таксама ведаем.

На жаль, ужо і бачым на прыкладзе суседніх краін, дзе на руінах памяці аб савецкай спадчыне і Вялікай Перамозе, на абломках разбураных помнікаў воінам-пераможцам узняў галаву сучасны неанацызм.

Бачым, як прачынаюцца інстынкты продкаў - украінскіх, латышскіх, літоўскіх і польскіх карнікаў, якія кідалі ў агонь нашых дзяцей, старых і жанчын. Таму мы абавязаны і зробім усё, каб захаваць у гісторыі подзвіг пакалення савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму. Каб Хатынь стала месцам сілы беларускага народа. Гэта наш з вамі абавязак.

У гэтыя хвіліны я хачу звярнуцца да нашай моладзі. Мы ганарымся вамі. Усімі. Асабліва тымі, хто прыняў удзел у рэканструкцыі гэтага мемарыяльнага комплексу. Музей, які мы сёння адкрываем пад хатынскім небам, - у тым ліку і ваша тварэнне. Усе разам мы ўвасобілі ў жыццё праект, прызначаны зрабіць памяць аб жахах той вайны яшчэ вастрэй. Я вельмі хацеў, каб у людзей шчаміла ў грудзях яшчэ да таго, як ступіць нагой на святую зямлю Хатыні. Думаю, у нас атрымалася.

У Год міру і стварэння мы, беларусы, гаворым выразна і гучна: няма ніякіх апраўданняў палітыцы генацыду, няма нічога важнейшага за жыццё чалавечае.

Яшчэ раз хачу паўтарыць усім вам і тым, хто мяне пачуе: прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей - сваіх, суседзяў, іншых. Калі забудзем дарогу ў Хатынь - усё паўторыцца. Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэйшае за ўсё.

Жывіце доўга. Шчасця вам, здароўя і дабрабыту. Гэта вельмі актуальна на гэтым кавалачку беларускай зямлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі