
6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў 6 кастрычніка на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі з эканамічным блокам урада ўказаў на праблемы ў рабоце вытворцаў тавараў з буйнымі рознічнымі гандлёвымі сеткамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, вядомы выпадкі, калі рознічная сетка патрабуе ад вытворцаў немалых грошай за доступ на паліцы сваіх магазінаў. Кіраўнік КДК згадаў пра выпадак, калі адна з магілёўскіх фабрык была вымушана аддаваць рытэйлеру каля 25 працэнтаў выручкі толькі за тое, каб яе тавар там прадаваўся.
Як расказаў Васіль Герасімаў, у час праверкі сеткі Гіпа КДК высветліў, што сярэднямесячная зарплата выконваючага абавязкі дырэктара кампаніі, якой належыць сетка Гіпа, за 2022 год складае Br106 тыс. А генеральнаму дырэктару гэтай кампаніі, які з чэрвеня 2020 года знаходзіцца ў камандзіроўцы за межамі Беларусі, за 2020-2021 гады выплачана 6,2 млн рублёў.
"Чаму нашы мафіёзі-гандляры, якія (Галоўчанка гаворыць) заціснулі так гандаль, далей няма куды, чаму яны маюць вілы на Блакітным беразе, а вы не маеце? Чаму? - эмацыянальна адрэагаваў Прэзідэнт. - Нахабнікі!"
Паводле слоў Васіля Герасімава, КДК прапаноўваў шляхі ўрэгулявання сітуацыі з гандлёвымі сеткамі, але канкрэтныя рашэнні пакуль не прыняты па прычыне бюракратычных затрымак і зацягнутага абмеркавання на розных узроўнях.
На гэта Прэзідэнт адрэагаваў ва ўласцівай яму жорсткай манеры: "Я табе даў усе паўнамоцтвы, а ты ў нарадах тонеш. Якія нарады!? Прыйшоў, убачыў, наручнікі надзеў".-0-