Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 жніўня 2021, 13:22

Сацыяльны аспект - Лукашэнка растлумачыў, чаму ў краіне падтрымліваюць сельгаспрадпрыемствы і кааператывы

13 жніўня, Рагачоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму ў краіне падтрымліваюць сельгаспрадпрыемствы і кааператывы. Справа ў тым, што яны нясуць яшчэ і дадатковую сацыяльную нагрузку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы ААТ "Ціхінічы" ў Рагачоўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 
  
Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся станам спраў у сельскай гаспадарцы раёна, развіццём арганізацый і ў прыватнасці ААТ "Ціхінічы". Асобны акцэнт быў зроблены  на ўключэнні зямель у сельгасабарот, іх эфектыўным выкарыстанні, меліярацыі. 
  
Цяпер прапрацавана пытанне аб далучэнні да ААТ "Ціхінічы" яшчэ аднаго невялікага сельгаспрадпрыемства. У планах пабудаваць новы малочнатаварны комплекс, павялічыць дойны статак. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта павінен быць поўнасцю прадуманы крок, каб не перагрузіць асноўную гаспадарку, якая па факце выступае інвестарам. Такое рашэнне - аб далучэнні - падтрымлівае і само кіраўніцтва ААТ "Ціхінічы", з чым у тым ліку звязвае планы па далейшым развіцці. "Калі кіраўнік за, - гэта трэба вітаць, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ён выцягне яго і яшчэ два возьме і пацягне, дык гэта толькі радавацца трэба. Але каб мы асабліва на горла не наступалі”.
 
“За тое, што гаспадарку папрасіў далучыць, за гэта дзякуй. Трэба мець на ўвазе: такія людзі заслугоўваюць узнагарод, падтрымкі і заахвочвання”, - падкрэсліў беларускі лідар.
 
Кіраўнік дзяржавы адзначыў і сацыяльны аспект. У зоне работы такіх вялікіх прадпрыемстваў знаходзяцца многія вёскі. “Вось таму я і не развальваю сельгаспрадпрыемствы і кааператывы. Не дзялю на часткі”, - падкрэсліў беларускі лідар.
 
Ён растлумачыў, што ёсць фермеры, якія жадаюць узяць зямлю, але несці сацыяльную нагрузку не хочуць. “Мы падтрымліваем сельскую гаспадарку (сельгаспрадпрыемствы. - Заўвага БЕЛТА), таму што яны глядзяць за вёскамі. А сацыяльная сфера і вёскі - людзі (пенсіянеры ў асноўным) - гэта наша адказнасць, дзяржаўная. Але калі мы на іх (сельгаспрадпрыемствы. - Заўвага БЕЛТА) пераклалі, значыць, павінны падтрымаць. Вось у чым асноўная сутнасць падтрымкі сельскай гаспадаркі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі толькі мы цяпер вёскі аддадзім сельскаму Савету... А што ў сельсавета? Стол, кабінет і ручка. І ён нічога не зробіць”.
 
Размова ў першую чаргу ідзе аб падтрыманні парадку, добраўпарадкаванні, дапамозе вяскоўцам у тых ці іншых пытаннях, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні з сельсаветам.
 
Прэзідэнт нагадаў і пра пытанні падтрымкі шматдзетных  сем’яў у вёсцы, падрыхтоўкі дзяцей да школы. Гэтым у свой час Аляксандр Лукашэнка займаўся і сам, будучы кіраўніком сельгаспрадпрыемства. “Трэба працаваць па месцы так, як вы бачыце. Каб абараніць людзей, каб не было няроўнасці”, - сказаў ён.
 
Спачатку ў ААТ “Ціхінічы” Аляксандр Лукашэнка наведаў машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства. Тут ішла размова аб тым, як можна эканомна і па-гаспадарску падыходзіць да тых ці іншых пытанняў у частцы ўтрымання і будаўніцтва аб’ектаў, абслугоўвання і захоўвання тэхнікі. Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане ўказаў на існуючыя рэзервы. Размова не толькі і не столькі пра машынны двор ААТ “Ціхінічы” - Прэзідэнт маштабіруе пытанне на краіну ў цэлым, бо ад эфектыўнасці ў асобных момантах залежыць агульны фінансавы рэзультат прадпрыемстваў, даходы работнікаў.
 
“Трэба разумна падысці і стварыць узорны машынны двор. Але ўсюды трэба эканоміць”, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
 
Прэзідэнт не абмежаваўся дакладамі чыноўнікаў і кіраўніцтва арганізацыі. Канкрэтнымі дэталямі ён цікавіўся ў радавых работнікаў - ці хапае інструменту, як арганізаваны рамонт і абслугоўванне тэхнікі і г.д. Як расказалі кіраўніку дзяржавы, выкарыстоўваюцца інструменты айчыннай вытворчасці, у тым ліку прадукцыя Аршанскага інструментальнага завода, рашэнні па развіцці якога некалькі гадоў таму прымаліся на ўзроўні Прэзідэнта.
 
Убачаным Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены, падзякаваўшы работнікам за працу і падкрэсліўшы важнасць якаснага і своечасовага абслугоўвання тэхнікі. А інакш і купляць не трэба, адзначыў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі