Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 чэрвеня 2021, 11:26

"Самае галоўнае - лакалізацыя" - Лукашэнка азнаёміўся з вытворчасцю боепрыпасаў для стралковай зброі

14 чэрвеня, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання вытворча-тэхнічнага кластара "Вусце" азнаёміўся з вытворчасцю ракет і боепрыпасаў для стралковай зброі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прыбыўшы на прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу азнаёміўся з тэрыторыяй, на якой размясціліся вытворчасці. Як далажыў Прэзідэнту старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, вытворча-тэхнічны кластар знаходзіцца на тэрыторыі плошчай 277 га. Але вытворчыя магутнасці займаюць толькі дзясятую частку. На працягу бліжэйшых гадоў плануецца асвоіць усю плошчу. Аднак кіраўнік дзяржавы лічыць, што такая вялікая тэрыторыя - празмернасць.

"Трэба тэрмінова прапрацаваць пытанне, каб ніякіх празмернасцей тут не было. Навошта такая тэрыторыя?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу і на ўтрыманне гэтых зямель: "На працягу бягучага года трэба навесці ідэальны парадак. Губернатар за гэта персанальна нясе адказнасць".

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай участка, дзе вырабляюць айчынныя патроны. Цяпер тут выпускаюць тры тыпы патронаў. Наладжаны серыйны выпуск патронаў для грамадянскай зброі калібру 9 мм Luger (9х19), 7.62х39, 7.62х54R, у працэсе пастаноўкі на вытворчасць - патроны для баявой зброі калібру 9 мм Makarov і 7.62х39. Вытворчыя магутнасці разлічаны на штогадовы выпуск 20 млн патронаў розных калібраў.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах дзейнасці ўчастка, яго мадэрнізацыі, дадатковым аснашчэнні абсталяваннем. Прэзідэнт таксама азнаёміўся з работай участка, дзе перапрацоўваюць былыя ва ўжыванні патроны: іх чысцяць і зноў зараджаюць, што эканамічна выгадней, чым закупка новых.

Аляксандр Лукашэнка наведаў цэх рэгламенту і рамонту авіяцыйных кіруемых ракет. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць лакалізацыі вытворчасці - каб на прадпрыемстве выраблялася і знешняя абалонка ракеты, і кампаненты сістэмы кіравання і навядзення. "Трэба сваё рабіць, асноўнае", - сказаў Прэзідэнт. Неабходнасць гэтага, паводле яго слоў, дыктуецца нестабільнасцю абстаноўкі ў свеце, пастаянна ўзнікаючымі выклікамі і пагрозамі з боку знешніх сіл.

"Хто гарантуе, што мы не будзем ваяваць? Ні ты, ні я, ніхто не можа гарантаваць. Свет адурэў наогул. Вайна можа ўспыхнуць у любы момант у любой кропцы, не дай бог у нас", - папярэдзіў беларускі лідар. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра важнасць навучання насельніцтва навыкам абыходжання са стралковай зброяй.

Зразумела, што навыкам абыходжання са зброяй вучаць тых, хто праходзіць падрыхтоўку ва ўзброеных сілах, аднак ёсць значная колькасць тых, хто не трапляе ў войскі па прызыве. Вось на іх і варта звярнуць увагу, перакананы Прэзідэнт. "А чаму студэнтаў і іншых не прыцягнуць і не навучыць стралковай зброяй карыстацца - сабраць, разабраць аўтамат, стрэльнуць? Каб умелі карыстацца і каб не давялося ў цяжкія часы вучыцца на полі бою", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў выпрабавальны цэнтр вытворча-тэхналагічнага кластара "Вусце" і цэх высокадакладных вырабаў, дзе Прэзідэнту прадэманстравалі розныя ўзоры сучаснай зброі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі