Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 сакавіка 2024, 11:58

Рэзерваў дастаткова. Лукашэнка бачыць сур'ёзны патэнцыял для росту тавараабароту з Омскай вобласцю Расіі

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць дастаткова рэзерваў для нарошчвання тавараабароту з Омскай вобласцю Расіі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 25 сакавіка на сустрэчы з губернатарам гэтага рэгіёна Віталем Хацэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што кіраўніку расійскага рэгіёна напэўна добра знаёма Беларусь - і гісторыяй, і знакамітымі людзьмі, і флагманамі прамысловасці, і ўзроўнем развіцця сельскай гаспадаркі.

"І мы можам без усялякага прамаруджвання пачаць нашу работу. Яркім сведчаннем таго, што мы можам многае зрабіць, з'яўляецца ваш прыезд. Мы гэта расцэньваем як інтарэс да нашай краіны і развіцця будучыні паміж дзвюма дзяржавамі", - сказаў беларускі лідар.
Вядома, што гадавы аб'ём двухбаковага гандлю Беларусі і Омскай вобласці складае не менш як $110 млн. "Даволі невялікі паказчык, і мы павінны яго сур'ёзна падцягнуць. Рэзерваў дастаткова", - даў сваю ацэнку Прэзідэнт.

Гаворачы аб канкрэтных пунктах росту гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё спыніўся на магчымасцях Беларусі па супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі.

Омская вобласць у апошнія гады дабілася важкіх поспехаў у аграрным сектары і ўваходзіць у лік рэгіёнаў-перадавікаў па вытворчасці прадукцыі АПК у Сібірскай федэральнай акрузе. Рэгіён таксама з'яўляецца адным з лідараў у Расіі па вырошчванні лёну-даўгунцу.

"Сам Бог распарадзіўся нам тут працаваць разам, паколькі, як вы ведаеце, у Беларусі гэтаму напрамку ўдзяляецца велізарная ўвага", - заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, увага не будзе слабець і з цягам часу, таму што лён з'яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў для Беларусі і адлюстраваны на гербе краіны.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь мае ўсе магчымасці закрыць патрэбнасці Омскай вобласці ў сучаснай і надзейнай тэхніцы па ўборцы лёну. "У поўнай меры гэта адносіцца да іншых брэндаў беларускага машынабудавання - трактароў, камбайнаў, якія вы добра ведаеце ў Расіі", - дадаў ён.

Прэзідэнт расказаў, што ён праінфармаваны аб той рабоце, якую ажыццяўляюць НАН Беларусі і Омскі аграрны навуковы цэнтр у галіне вывучэння, захавання і выкарыстання генетычных рэсурсаў раслін.

"Упэўнены, нашым вучоным ёсць над чым працаваць. Галоўнае, каб гэта не былі даследаванні дзеля даследаванняў. Эканоміка павінна штогод атрымліваць эфект ад іх вынікаў. Тым больш мы з году ў год павялічваем фінансаванне на гэтыя мэты ў рамках Саюзнай дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Цалкам падтрымліваю такое супрацоўніцтва і лічу, што нам па сілах пашырыць спектр праводзімых сортавыпрабаванняў розных культур".

Адным з перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння з расійскім рэгіёнам Прэзідэнт назваў імпартазамяшчэнне, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Тым больш, што ўжо ёсць добры прыклад двухбаковага супрацоўніцтва. Так, Омскі навукова-даследчы інстытут прыборабудавання распрацаваў аўтаматызаваную сістэму кіравання жывёлагадоўчымі гаспадаркамі "АСК-АГРА". Праца па ўкараненні такой сістэмы на базе беларускага абсталявання вядзецца цяпер ААТ "Гомельагракамплект". У Расію пастаўлена ўжо 15 адзінак даільнага абсталявання. Да чэрвеня бягучага года пасля тэставых выпрабаванняў яшчэ два камплекты паступяць у Омскую вобласць. Гэта будзе сумесны прадукт, выраблены з выкарыстаннем беларускага абсталявання і сістэмы кіравання, распрацаванай расійскім НДІ, аналагаў якому няма на постсавецкай прасторы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь разлічвае на падтрымку Віталя Хацэнкі ў папулярызацыі гэтага прадукту.

Яшчэ адным з прыкладаў паспяховага інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, які згадаў кіраўнік дзяржавы, з'яўляецца сумесны праект, які рэалізуецца ў Магілёве, - "Омск Карбон Магілёў".
Першапачаткова прадпрыемства было арыентавана на пастаўку прадукцыі ў Заходнюю Еўропу, але пасля ўведзеных санкцый змагло ў кароткія тэрміны павярнуць вектар продажаў у Азіяцкі рэгіён. Экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца больш як у 15 краін. Набліжаецца да завяршэння будаўніцтва трэцяга і чацвёртага тэхналагічных патокаў, увод у эксплуатацыю якіх забяспечыць вытворчасць 200 тыс.т тэхнічнага вугляроду ў год.

"Спадзяюся, такіх прыкладаў у галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і вашай вобласцю будзе ўсё больш", - сказаў Прэзідэнт.

Паказальным прыкладам партнёрства ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка назваў работу ААТ "Магілёўліфтмаш" - прадпрыемства, добра вядомага на расійскім рынку. Толькі ў 2023 годзе забяспечаны пастаўкі ў Омскую вобласць больш як 300 беларускіх ліфтаў.

Прэзідэнт таксама адзначыў зацікаўленасць расійскага рэгіёна ў камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхніцы "АМКАДОР". "Наша прадпрыемства паспяхова рэалізуе шэраг праектаў, павялічваючы выпуск тэхнікі без заходніх камплектуючых, і гатова ў самыя кароткія тэрміны яе паставіць", - запэўніў ён.

Акрамя вытворчай кааперацыі, гандлю і інвестыцый, кіраўнік дзяржавы лічыць важным падтрымліваць кантакты паміж жыхарамі Беларусі і расійскіх рэгіёнаў, пашыраць супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы - у культуры, адукацыі, спорце.

"Асаблівая тэма - сумесная работа па захаванні гістарычнай праўды і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Многія ўраджэнцы вашай зямлі прымалі ўдзел у разгроме ворага. На жаль, загінулі тут, пахаваны ў Беларусі. Праводзім вялікую практычную работу па дакументаванні і ўвекавечанні. Запрашаем вучоных, даследчыкаў з вашага рэгіёна падключыцца да гэтай важнай місіі", - прапанаваў Прэзідэнт.

Рэзюмуючы сказанае, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы адкрыты да абсалютна прадметнай размовы па розных напрамках. Вы можаце разлічваць на нас ва ўсіх без выключэння сферах супрацоўніцтва. Думаю, што ёсць магчымасць цяпер і ва ўрадзе, і на прадпрыемствах, калі вы захочаце пабываць, абмеркаваць гэтыя тэмы і прыняць адпаведныя рашэнні".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі