Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 верасня 2019, 13:06

"Разважалі-меркавалі, стрэлачніка знайшлі" - Лукашэнка пракаменціраваў гісторыю са звальненнем у Гомелі настаўніка

19 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў гісторыю з рэзанансным канфліктам у сярэдняй школе нумар 15 Гомеля, у выніку якога быў звольнены настаўнік пачатковых класаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Справа ў тым, што вы не пачулі мяне на лінейцы, калі я адкрываў новую школу ва Уруччы, што ў нас бардак у школе. І гэты парадак трэба наводзіць. Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - А пачынаецца адсюль - са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сетку. І гэта ў чацвёртым класе".

Звяртаючыся да губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Салаўя, Прэзідэнт сказаў: "У цябе куля праляцела каля вуха. Таму што ты яшчэ без года тыдзень. А то табе было б, што і ўсім астатнім".

"Паехалі, учынілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А апісаўшыся, узялі і прыцягнулі да адказнасці гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву адкруціў бы шчаняці нейкаму", - падкрэсліў беларускі лідар.

"У тэлефонах сядзяць там... Няўжо вы не разумееце, у вас жа свае дзеці, што тэлефон і іншыя гаджэты ў школе - гэта не толькі адцягненне ўвагі ад заняткаў. Яны перастаюць думаць. Яны ж лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць, таму што адкрывае тэлефон і перамнажае там. Або шукае адказы на пытанні. Няўжо гэта нельга зразумець. У мяне сын Прэзідэнта ні разу тэлефон у школу не ўзяў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"І было ж сказана. Не, адны рапарты. Нядаўна міністр дакладваў: рапартуюць, у іх усё цудоўна. Ды не цудоўна. Калі такі бардак у школе, не патрэбны ні падручнікі, ні праграмы, ні новыя метадычкі. Усё гэта пустая трата грошай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І там упаўнаважаныя ёсць, і там памочнікі ёсць. Я ўжо не гавару пра ўрад, Качанаву, якая ідэалогію вядзе. Вось яна такая ідэалогія. Чаго сабраліся? Разважалі-меркавалі, стрэлачніка знайшлі. Углыб глядзіце!"

Як паведамлялася БЕЛТА, настаўніка пачатковых класаў сярэдняй школы нумар 15 Гомеля аднавілі на рабоце пасля рэзананснага канфлікту. Гэту інфармацыю абласному выданню "Гомельская правда" напярэдадні пракаменціраваў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Парошын. "Было прамое даручэнне Прэзідэнта, калі хочаце, загад кіраўніка дзяржавы аб аднаўленні на рабоце Людмілы Іванаўны. Настаўнік будзе працаваць на былой пасадзе. Людміла Іванаўна выкладае ў гэтай школе 35 гадоў", - сказаў ён.

Канфліктная сітуацыя ўзнікла ў школе на мінулым тыдні. Інцыдэнт з настаўнікам 4-га класа на ўроку знялі на тэлефон аднакласнікі хлопчыка, а бацькі выклалі ролік у інтэрнэт. Настаўніка вышэйшай катэгорыі з вялікім педагагічным стажам звольнілі. Выпадак атрымаў сур'ёзны рэзананс у грамадстве. Меркаванні падзяліліся. На бок педагога сталі многія бацькі вучняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі