20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў назначаны на пасаду дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўчора прыняў рашэнне аб назначэнні вас у сакратарыят Савета бяспекі дзяржаўным сакратаром. Зразумела, вызваліліся пасады, і я палічыў з гэтым не цягнуць. Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з некім давядзецца ваяваць - ні ў якім выпадку. Але ваенная арганізацыя не дапускае нявызначанасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Генерал-лейтэнант Андрэй Аляксеевіч Раўкоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1984 годзе скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1988 годзе з адзнакай і залатым медалём - Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, у 1999 годзе з адзнакай і залатым медалём - камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, у 2005 годзе з адзнакай - Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.
З 1988 па 1997 год прайшоў усе службовыя ступені ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна. З 1999 па 2003 год ваенную службу праходзіў на пасадах начальніка штаба і камандзіра базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі.
З 2005 па 2012 год займаў пасады камандзіра асобнай мабільнай брыгады, начальніка аператыўнага аддзела - намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання, начальніка штаба - першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.
З'яўляўся камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання з 2012 па 2014 год.
У лістападзе 2014 года быў назначаны міністрам абароны.-0-