ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +27°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 снежня 2021, 16:45

Раскрыты злачынныя схемы, заведзена 31 крымінальная справа. Лукашэнку далажылі аб барацьбе з крадзяжамі жывёлы на Гомельшчыне

22 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам звярнуўся да начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Шастайлы і спытаў, як выканана яго даручэнне па забеспячэнні захаванасці буйной рагатай жывёлы і навядзенні парадку ў гэтай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Шастайла далажыў, што ў цэлым аператыўная абстаноўка ў Гомельскай вобласці застаецца складанай. Ёсць зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у сферы кіберзлачыннасці, стала менш злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. "Ёсць і негатыўныя тэндэнцыі. Эфектыўна працавалі сёлета па выяўленні фактаў нарказбыту. На жаль, назіраецца рост злачынстваў у нарказбыце непаўналетнімі", - далажыў кіраўнік УУС.

"Актуальнай для нас застаецца і сфера АПК. У бягучым годзе супрацоўнікамі органаў унутраных спраў і іншых праваахоўных органаў выяўлена 77 злачынстваў у сферы АПК, звязаных з крадзяжом буйной рагатай жывёлы", - прадоўжыў Аляксандр Шастайла.

Паводле яго даных, у адпаведнасці з указаннем Прэзідэнта і па распараджэнні міністра ўнутраных спраў з 14 кастрычніка па 10 снежня 2021 года сіламі органаў унутраных спраў праводзілася масавая адпрацоўка сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Было праверана 189 сельгаспрадпрыемстваў, на якіх вядзецца гадоўля буйной рагатай жывёлы. Па выніках гэтых праверак узбуджана 31 крымінальная справа, шэраг службовых асоб прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за злоўжыванне і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, выяўлены некалькі схем крадзяжу БРЖ. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, запэўніў кіраўнік УУС.

"Калі будзе гэта ўсё закончана па вашай частцы?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Гэта пастаянная работа. Мы на працягу года працуем па кантролі за правядзеннем пасяўной, уборачнай кампаніямі, - адказаў Аляксандр Шастайла. - З улікам дадзенага вамі распараджэння, работа па кантролі за захаванасцю буйной рагатай жывёлы будзе праводзіцца пастаянна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі