Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 сакавіка 2021, 10:42

Рашэнні на стыку двух светаў - на нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі ІТ і фінансы

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праекты прававых актаў, накіраваных на спыненне незаконных фінансавых аперацый у сферы высокіх тэхналогій, абмяркоўваюць сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я запрасіў вас, каб выпрацаваць рашэнні, якія стаяць на стыку двух светаў - лічбавага і фінансавага", - сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы нараду. Ён заўважыў, што яшчэ два дзясяткі гадоў таму фінансы і ІТ-індустрыя жылі кожны сваім жыццём. "Але сёння сусветныя тэндэнцыі такія, што "лічба" ў літаральным сэнсе пранікае ў кожны дом. Дзеянні, а часам і проста публічныя заявы кіраўніцтва лічбавых гігантаў сталі істотна ўплываць на традыцыйныя галіны: аўтамабілебудаванне, транспарт, лагістыку, паслугі, касмічныя распрацоўкі і гэтак далей", - акрэсліў сітуацыю Прэзідэнт.

"У некаторых краінах інструменты ІТ-карпарацый актыўна і непрыкрыта выкарыстоўваюцца ў палітычных працэсах (нам гэта знаёма). Тыя, хто выпусціў усе гэтыя працэсы з-пад кантролю, цяпер пажынаюць адпаведныя плады", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб токенах і крыптавалютах

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што на нарадзе будзе разглядацца адна са сфер, куды лічбавая трансфармацыя пранікла вельмі глыбока, - фінансавыя адносіны. "Выкарыстанне лічбавых знакаў (токенаў) і крыптавалют стала звычайным у многіх краінах свету. Іх прымаюць у якасці дадатковага плацежнага сродку нараўне з традыцыйнымі грашамі. У 2017 годзе мы першыя ў свеце спецыяльным дэкрэтам стварылі прававыя ўмовы для развіцця гэтых тэхналогій у Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

За тры гады напрацавана канкрэтная практыка, атрыманы рэальны вопыт, адзначыў беларускі лідар. "Як мне дакладваюць, вялікіх злоўжыванняў у гэтай сферы не дапушчана, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Разам з тым у свеце ўжо выпрацаваліся пэўныя правілы, накіраваныя на прадухіленне легалізацыі злачынных даходаў, недапушчэнне фінансавання тэрарызму і выключэнне перадумоў да рознай крымінальнай дзейнасці".

"Таму ўрад, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Нацбанк прапануюць удакладніць некаторыя палажэнні заканадаўства і ўстанавіць неабходны ўзровень кантролю над новай сферай фінансавых аперацый. Гэта першы блок пытанняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прыцягненні капіталу ў беларускі сегмент сусветнага ІТ-рынку

Другі блок пытанняў, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, звязаны з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій для пашырэння магчымасцей развіцця. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што размова ідзе выключна аб устанаўленні кантролю, а не аб ушчамленні якой-небудзь сферы. "Хачу сказаць, што размова ідзе аб кантролі, з аднаго боку, цывілізаваным кантролі. А з другога боку, мы хочам скарыстацца момантам і для нашага развіцця выкарыстаць гэты сегмент", - растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо зроблена нямала, у краіне з'явілася новая і вельмі эфектыўная галіна эканомікі. "Кампаніі, якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій, па большасці эканамічных паказчыкаў значна апярэджваюць традыцыйныя галіны. І валютная выручка, якая паступае ў краіну дзякуючы іх рабоце, стала значным фактарам фінансавай, а значыць, і цэнавай устойлівасці", - пералічыў Аляксандр Лукашэнка.

"Аднак нам трэба паглядзець шырэй. У кавідны перыяд мінулага года краіны - сусветныя лідары надрукавалі трыльёны долараў (мы аб гэтым ужо не адзін раз гаварылі), каб абараніць, выратаваць людзей. Нехта на гэтым спрабаваў нажыцца, нехта гэту сітуацыю выкарыстаў. Усе гэта бачылі, разумеюць і яшчэ больш зразумеюць потым. Ніхто не ўтойвае, што трыльёны долараў былі надрукаваны для захавання ўласнай эканомікі, падтрымкі бізнесу і людзей", - прадоўжыў Прэзідэнт.

"Куды хлынулі гэтыя сродкі? Іх сталі ўкладваць у тое, што мае найбольшую перспектыву да росту і, зразумела, прыбытковасць, - у ІТ-індустрыю", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар. Паводле яго слоў, сфарміраваўся шалёны попыт, і кошт высокатэхналагічных кампаній вырас ад 200 працэнтаў да 800 працэнтаў. "Ні адзін законны від дзейнасці не можа забяспечыць такі даход. Нават кошт нічым не падмацаванай крыптавалюты дасягнуў рэкордных значэнняў. Аднак большая частка надрукаваных грошай дагэтуль не звязана, і гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць велізарны патэнцыял росту, калі мы зможам прыцягнуць іх у нашу краіну", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт прапанаваў удзельнікам нарады выказацца, што і як можна палепшыць у прававым полі, каб незадзейнічаны сусветны капітал мог знайсці сваё прымяненне ў беларускім сегменце сусветнага ІТ-рынку.

Аб стварэнні адзінага органа дзяржрэгулявання

У якасці яшчэ аднаго блока пытанняў на нарадзе кіраўнік дзяржавы абазначыў праблемы лічбавага развіцця краіны. Паводле яго слоў, па гэтай тэматыцы рыхтуецца комплексны ўказ. Гэты дакумент дасць магчымасць сканцэнтраваць існуючыя рэсурсы на некалькіх ключавых напрамках, стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгулявання, максімальна выкарыстоўваць вопыт Кітая ў пабудове лічбавага грамадства.

"Лічу, што вырашэнне гэтых пытанняў у нас зацягнулася. Два гады таму мы вызначыліся, што прынцыповыя падыходы выпрацоўваюцца ўрадам, а іншыя дзяржорганы павінны яму ў гэтым дапамагаць. Неабходна, каб усе прапановы былі вывераны і глыбока прапрацаваны. Летам мы іх павінны разгледзець на асобнай нарадзе", - падагульніў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі