ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2021, 10:52

Рабочая група па дапрацоўцы новай Канстытуцыі сабралася на першую нараду ў Лукашэнкі

У час сустрэчы
У час сустрэчы

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу з рабочай групай па дапрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства нагадаў аб раней прынятым рашэнні дапрацаваць папраўкі ў Канстытуцыю на ўзроўні экспертнай групы. "Зусім нядаўна мы дамовіліся, што правядзём пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі пасля таго, як рабочая група, члены якой тут прысутнічаюць, скончаць - разам са мной, вядома, - напісанне Канстытуцыі. Яе канчатковы варыянт будзе вынесены на пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і адразу ж на рэферэндум", - адзначыў Прэзідэнт. Гэта значыць, задача рабочай групы, як яе сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка, - прадоўжыць пачатую Канстытуцыйнай камісіяй дзейнасць.

У далейшым кваліфікаваныя юрысты дапамогуць сфармуляваць прапановы рабочай групы правільнай з юрыдычнага пункту гледжання мовай. "Наша справа - вызначыцца і прапанаваць Канстытуцыйнай камісіі і людзям варыянты будучай Канстытуцыі хаця б па асноўных момантах, якія вельмі важныя для кіравання дзяржавай і так ці інакш абмяркоўваюцца нашымі людзьмі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У склад рабочай групы ўвайшлі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і прадстаўнікі абедзвюх палат парламента, намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Наталля Карповіч і суддзя Вольга Сяргеева, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, памочнік кіраўніка дзяржавы Аляксандр Косінец і доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Радзькоў.

"Зразумела, тут сабраліся перш за ўсё дзяржаўнікі і ўпраўленцы са стажам, вопытныя людзі розных прафесій. Менавіта яны павінны фарміраваць аблічча новай Канстытуцыі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - З прычыны свайго статусу і вопыту кіруючай работы на высокіх пасадах вы глыбей разумееце сэнс пераўтварэнняў Асноўнага закона, іх абгрунтаванасць, перспектыўнасць у плане развіцця нашай дзяржаўнасці і абароны нашых нацыянальных інтарэсаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу рабочай групе трэба будзе сканцэнтравацца на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў, якіх, паводле яго слоў, нямала. "Трэба кожнае дэталёва абмеркаваць у канструктыўным ключы і знайсці самыя аптымальныя рашэнні. Калі ў працэсе работы ўбачыце, што яшчэ нейкія палажэнні патрабуюць дашліфоўкі, таксама прапаноўвайце свае падыходы", - сказаў ён.

"Галоўнае ў рабоце гэтай групы над канстытуцыйнымі змяненнямі - не дапусціць разбалансаванасці сістэмы органаў дзяржаўнай улады. Важна пазбегнуць змяшэння функцый і паўнамоцтваў ключавых органаў, забяспечыць узгодненасць іх дзеянняў", - расставіў акцэнты беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу, на думку Прэзідэнта, трэба ўдзяліць новаму органу - Усебеларускаму народнаму сходу. "Трэба вызначыць яго статус, парадак фарміравання і кампетэнцыю. Зрабіць гэта так, каб не парушыць устойлівасць дзяржаўнага апарату, не дапусціць з'яўлення ў краіне двоеўладдзя", - акрэсліў кола задач Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым дзейнасць рабочай групы павінна быць актыўнай і аператыўнай з самага пачатку, паколькі часу на разварушванне абсалютна няма, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Вынікам дзейнасці групы стане праект Асноўнага закона, які, як я сказаў, абмяркуем на Канстытуцыйнай камісіі і ўнясём для ўсенароднага абмеркавання. А потым ужо дашліфоўваем пасля ўсенароднага абмеркавання, і праект ідзе на рэферэндум", - растлумачыў Прэзідэнт.

Па прапанове кіраўніка дзяржавы работа групы будзе сканцэнтравана і зведзена ў Адміністрацыю Прэзідэнта, а кіраўнік Адміністрацыі будзе аператыўна кіраваць гэтай дзейнасцю. "Адміністрацыя Прэзідэнта - той орган, які і павінен у дадзеным выпадку займацца гэтай работай, як гэта было і ў мінулым", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў рабочай групы, ён засяродзіў увагу на тым, што чакае ад іх ініцыятыўнасці і праяўлення актыўнай пазіцыі. "Давайце дамовімся так, што вы не будзеце прыходзіць да мяне і глядзець на мяне: а што скажа Прэзідэнт, - запатрабаваў беларускі лідар. - Гэта ж нядобра: людзі не пачулі ад Прэзідэнта на працягу двух тыдняў размоў пра кавід - згубілі з поля зроку Прэзідэнта. Госпадзі, дзе Прэзідэнт!?"

Ён адзначыў, што ў Беларусі людзі прывыклі, што Прэзідэнт пастаянна ўключаны ў вырашэнне самых розных актуальных пытанняў. "Прэзідэнт - кожны дзень. Але не сказаў нейкае слова - а дзе ён? Гэта не толькі таму, што мы прывучылі да гэтага людзей, а таму, што нашы людзі такія. І дзякуй богу! Добрыя, прыстойныя, якія прывыклі арыентавацца на спецыялістаў, вельмі адукаваныя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Я гатовы слухаць, уключацца ў работу, але вы прапаноўвайце. Вы ўжо моцныя спецыялісты, вопытныя, вы ведаеце, што можна вынесці на Усебеларускі народны сход, што пакінуць у паўнамоцтвах Прэзідэнта, каб яго не перагружаць, што павінна быць ва ўрадзе, мясцовых органах улады", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на адказнасць удзельнікаў рабочай групы ў прыняцці правільных, вывераных рашэнняў, таму што любы іх няправільны крок можа разбурыць краіну.

"Не мне Аляксандра Міхайлавіча (Радзькова. - Заўвага БЕЛТА) вучыць, або Міхаіла Іванавіча Русага, або нават маладзейшага, Міхаіла Орду вучыць таму, якой павінна быць краіна. Мы ўсе з вамі яе рабілі ўласнымі рукамі. Таму давайце прапануем варыянт Канстытуцыйнай камісіі і потым - людзям розных узростаў, перакананняў, прафесій, каб яны зразумелі, што гэта іх Канстытуцыя", - падагульніў Прэзідэнт.

Як паведамлялася, 28 верасня на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі кіраўнік дзяржавы, падводзячы вынікі дыскусіі, вызначыў, як і хто да рэферэндуму будзе дапрацоўваць праект новай Канстытуцыі. Па яго даручэнні было падрыхтавана распараджэнне Прэзідэнта аб стварэнні рабочай групы, якая цяпер і займаецца гэтым пытаннем.

"Я буду з імі часта сустракацца, каб адказаць на нейкія пытанні. А потым, перад унясеннем на ўсенароднае абмеркаванне таго праекта, мы з вамі ў такім жа складзе збяромся. Камісія (Канстытуцыйная. - Заўвага БЕЛТА) не распускаецца, не знікае. Яна прадаўжае працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Група юрыстаў пасля ўсенароднага абмеркавання кожны радок паглядзіць і канчаткова юрыдычнай мовай прапіша дакумент, які будзе выносіцца на рэферэндум. Вось дзе юрысты будуць. А гэта група павінна быць не толькі юрыстаў. Гэта павінна быць група спецыялістаў, дзе павінны быць і эканамісты, і ўпраўленцы".

Паводле слоў Прэзідэнта, рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты 2022 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі