Сцяг Субота, 22 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лютага 2025, 12:16

"Прыклад для многіх". Лукашэнка расказаў аб унікальнай беларускай этнаканфесіянальнай мадэлі

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі склалася ўнікальная этнаканфесіянальная мадэль, якая магла б стаць прыкладам для многіх. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У краіне сёння склалася ўнікальная этнаканфесіянальная мадэль, якая магла б стаць прыкладам для многіх. Мы разам - улады, прадстаўнікі ўсіх канфесій - вывелі агульную формулу: павага - разуменне - згода. Наш народ прывык жыць менавіта так і нават не ўяўляе сабе, што бывае па-іншаму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак у свеце бывае і наадварот. "Мы з болем у сэрцы бачым, да чаго дайшла сітуацыя ва Украіне, напрыклад. Нас таксама спрабавалі расхістаць у 2020 годзе, і ў тым ліку па рэлігійных пытаннях. Невыпадкова адзін з мацнейшых інфармацыйных удараў быў нанесены менавіта па свяшчэннаслужыцелях", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Цяжка пераацаніць плён вашага служэння на ніве ўмацавання традыцыйных каштоўнасцей (цяпер ужо крышку прасцей, калі за акіянам ачумелыя апрытомнелі). Вы ўзводзіце нябачны, але ад таго не менш надзейны духоўны шчыт паміж дабром і злом. І ў далейшай сумеснай рабоце мы будзем абапірацца на сямейныя, духоўныя каштоўнасці і разам выхоўваць дзяцей, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Любоў да Радзімы пачынаецца з дзіцяці: з любові да сям'і, свайго дома, свайго горада, храма. Інакш ператворымся ў іванаў без роду і племені".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на сустрэчы няма закрытых тэм і ён гатовы абмеркаваць усе пытанні, якія хвалююць свяшчэннаслужыцеляў. "Дзяржава нязменна займае канструктыўную пазіцыю - і будзе займаць - у пытаннях, якія датычацца дзейнасці нашых рэлігійных арганізацый. Але духоўнае жыццё - сфера вельмі тонкая. Таму, калі вы бачыце, што якая-небудзь тэма патрабуе дадатковай увагі, карэкціроўкі, я гатовы выслухаць вашы прапановы. Бо ўсё, што мы робім, мы робім дзеля міру і нашага духоўнага адзінства", - заявіў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі