Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 сакавіка 2020, 11:13

Прэзідэнту ўнеслі на разгляд праект указа аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўнеслі на разгляд праект указа аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. Гэта пытанне разглядаецца на нарадзе кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку кіраўніка дзяржавы, развіццё электратранспарту ў краіне не атрымлівае належнага імпульсу. А нявызначанасць з цаной на нафту і адпаведна на паліва даказвае, што электратранспарт мае каласальны патэнцыял, адзначыў Прэзідэнт. "Гэта не проста даніна модзе або імкненне не адстаць ад перадавых краін, хоць і гэта так. Гэта надзённая неабходнасць ужо сёння", - заявіў ён.

Многія дзяржавы ўжо развіваюць гэты перспектыўны напрамак. "Краіны, такія як мы, экспартна арыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй велізарных запасаў, даўно сарыентаваліся на электратранспарт. А нам і сам бог наканаваў. Мы заўтра-паслязаўтра ўводзім два блокі атамнай электрастанцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы можам больш вырабіць электраэнергіі. Дык чаму мы не робім сёння, з запасам па часе, крэн да электратранспарту, да большага спажывання электраэнергіі? Гэта замена вуглевадародам".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават на асабістым прыкладзе ўжо дэманстраваў магчымасці электрамабіля. "Не для таго, каб паказацца ў аўтамабілі ці паказаць новы аўтамабіль. Не, я падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца", - растлумачыў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб даручэнні Нацыянальнай акадэміі навук па стварэнні айчыннага электрамабіля.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на нарадзе неабходна яшчэ раз абмеркаваць, наколькі эфектыўныя прапанаваныя меры стымулявання выкарыстання электратранспарту. "Задача, якая вынікае з будаўніцтва атамнай электрастанцыі, - зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была таннейшая за кошт бензіну і дызельнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ці адпавядаюць ініцыятывы, якія ўнесены, гэтай задачы?"

Сярод іншых дакументаў, вынесеных на разгляд кіраўніка дзяржавы, - праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі. У ліку тэм, якія абмяркоўваюцца, - удасканаленне натарыяльнага абслугоўвання, змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі