ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лістапада 2020, 13:59

Прэзідэнт даручыў ураду комплексна разгледзець пытанні падтрымкі шматдзетных сем'яў

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

20 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Ураду пастаўлена задача комплексна разгледзець пытанні падтрымкі шматдзетных сем'яў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні работнікаў у час наведвання "Гомсельмаша", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнта запыталі, як ён адносіцца да ініцыятывы скараціць працоўны дзень для аднаго са шматдзетных бацькоў да 7 гадзін у якасці альтэрнатывы дзеючай цяпер нормы аб дадатковым аплатным выхадным дні ў тыдні для гэтай катэгорыі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вялікае значэнне пытанняў дэмаграфіі для развіцця любой краіны. "Самая вялікая праблема для нас сёння - гэта не "Гомсельмаш" і нават не кавід-пандэмія, мы гэта пройдзем, не хвалюйцеся, усіх вылечым, - сказаў Прэзідэнт. - Самая вялікая праблема - гэта насельніцтва. Калі кожная жанчына не народзіць дваіх-траіх, будзе як у Еўропе, Расіі, Украіне, якая за год амаль 200 тыс. страціла, дзе ідзе спад насельніцтва. Жыць не будзе каму праз паўстагоддзя".

Разумеючы гэта, у Беларусі прынялі меры для падтрымкі нараджальнасці і сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Асабліва адчувальныя меры дзейнічаюць для шматдзетных. У прыватнасці, працуе так праграма "Сямейны капітал". Прэзідэнт падкрэсліў, што яна добра сябе зарэкамендавала, таму пасля першых чатырох гадоў яе дзеянне прадаўжалі ўжо, а цяпер плануецца зрабіць яе пастаяннай.

"Я думаю, гэта застанецца назаўсёды. Нараджайце, богам прашу. Мы будзем знаходзіць гэтыя грошы - па $10 тыс. на кожнае дзіця пасля нараджэння двух дзяцей. Таму што гэта галоўнае. Не будзе дзяцей - не будзе працоўных, ніякая адукацыя тады не патрэбна, ніякія кампетэнцыі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанні падтрымкі шматдзетных сем'яў будуць комплексна разгледжаны на ўзроўні ўрада і парламента, каб прыняць рашэнне, як змяняць гэту сістэму ў будучым. Адно з важных пытанняў - адраснасць такой дапамогі і яе мэтавае выкарыстанне.

Кіраўнік дзяржавы лічыць важным абмеркаваць таксама магчымасць скарачэння водпуску па доглядзе дзіцяці, які ў Беларусі цяпер доўжыцца да дасягнення дзецьмі трох гадоў і з'яўляецца адным з самых працяглых у свеце.

"Гэтыя пытанні сабралі, і ва ўрад я нядаўна накіраваў, і дэпутатам - абмяркоўвайце, райцеся са сваімі выбаршчыкамі і потым прыйдзеце, унесяце Прэзідэнту, будзем прымаць рашэнні. Гэта значыць, мы не прынялі ні па адным пытанні рашэння, але гэтыя пытанні - на парадку дня. Зробім так, як лепш для людзей і для дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі