ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 28 лістапада 2022
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 кастрычніка 2013, 17:03

Прэзідэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытанні

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі 22 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне:

Токара Мікалая Васільевіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;

Каланчука Фёдара Фёдаравіча - старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама;

Грамакоўскага Юрыя Анатольевіча - старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама;

Зазулі Аляксандра Іванавіча - старшынёй Кобрынскага райвыканкама;

Сельмановіча Вячаслава Лукіча - старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама;

Мікалуцкага Аляксандра Віктаравіча - старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама;

Кадаценкі Мікалая Міхайлавіча - старшынёй Бялыніцкага райвыканкама;

Мураўёва Аляксандра Аляксандравіча - старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;

Дуцько Анатоля Іванавіча - старшынёй Магілёўскага райвыканкама;

Шчуплянкова Анатоля Леанідавіча - старшынёй Круглянскага райвыканкама;

Саладухі Віталя Аляксандравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Інтэграл" - кіруючая кампанія холдынга "Інтэграл".

Даючы згоду на назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што яны фактычна будуць на пярэднім краі ў рабоце з людзьмі: "Вас бачаць усе, нават часам калі вам гэтага не хацелася б. Таму многае залежыць ад вашай сумленнасці, чысціні і ад той справядлівай палітыкі, якую вы будзеце праводзіць у сваім рэгіёне".

"У бліжэйшы час мы значна ўзмоцнім, адкрыта скажу, націск на адпаведныя кадры вашага ўзроўню ў плане адказнасці за развіццё малых гарадоў, раённых цэнтраў і асабліва сельскай гаспадаркі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Адносна сельскай гаспадаркі Прэзідэнт падкрэсліў правільнасць прынятага раней рашэння аб мадэрнізацыі ў гэтай сферы, што дало магчымасць забяспечыць значны прыток валюты ў краіну ад экспарту харчовых тавараў. "У гэтым годзе амаль $6 млрд. экспарту. Калі б яго не было, закрыць гэту дзірку не было б чым. Я не гавару аб харчовай бяспецы, аб тым, што трэба было накарміць людзей. Усё гэта добра, гэта ў актыў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але мяне катэгарычна не задавольвае тая эканамічная і фінансавая эфектыўнасць, якая сёння складваецца ў гэтай сферы. Трэба навучыцца жыць па сродках. Ёсць грошы - жывеш, няма - пазычай, шукай або будзеш хадзіць без зарплаты".

"Трэба завяршыць размовы аб навядзенні парадку не толькі на зямлі, але і ў сельскагаспадарчых кааператывах. Жалезны павінен быць парадак. І за гэта вы адказваеце", - заявіў Прэзідэнт.

"Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання - гэта кансультант, кантралёр, самы перадавы спецыяліст сельскай гаспадаркі, які можа падказаць і парэкамендаваць. Віцэ-прэм'ер, які курыруе вёску, - гэта чалавек, які забяспечвае экспарт, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Уся вытворчасць, яе эфектыўнасць, аграгарадкі і іншая сацыяльная інфраструктура, якая павінна функцыянаваць як патрэбна, - ваша зона адказнасці. Таму вы, а таксама вашы калегі думайце, як будзеце працаваць і зарабляць грошы".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што сельская гаспадарка не застанецца без падтрымкі дзяржавы, але яна будзе аказвацца толькі для рэалізацыі эфектыўных праектаў: "Будзем падтрымліваць, выдзяляць фінансавыя сродкі з бюджэту, ільгатаваць стаўку па крэдытах, але толькі па канкрэтных праектах, якія дадуць аддачу".

Акрамя таго, у выпадку стварэння новых вытворчасцей яны могуць на некалькі гадоў вызваляцца ад выплаты падаткаў.

Прэзідэнт заўважыў, што попыт на асноўныя прадукты харчавання даволі высокі і можа яшчэ больш узрасці ў будучым. "Калі б мы ў гэтым годзе працавалі эфектыўна, перш за ўсё па малацэ, мы ўмеем гэта рабіць, мы мелі б вялікія грошы, таму што попыт на малако і малочныя прадукты ўсюды вельмі вялікі. У будучым годзе ён будзе не меншы, а магчыма, і большы. Але вялікай прыбаўкі па малацэ ў нас няма. Ёсць попыт і на мяса. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час ён будзе таксама не меншы. Мы не ведалі, часам, куды дзяваць бульбу, - сёння ў чарзе за ёй стаяць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Сёння ў вас усё ў руках для таго, каб зарабіць. Таму вы ўважліва пастаўцеся да гэтага", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады.

Прэзідэнт папярэдзіў, што ў бліжэйшы час эфектыўнасць гаспадарання ў аграрным сектары будзе дэталёва вывучана па аналогіі з будаўнічай галіной. "Завершыць працаваць камісія па будаўніцтву, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, мы пяройдзем да сельскай гаспадаркі. І прытым возьмемся вельмі моцна. Мы больш за $50 млрд. за дзве з палавінай пяцігодкі ўклалі ў сельскую гаспадарку. Гэта гадавы ВУП. Таму думайце аб тым, як зрабіць так, каб была аддача, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - І мы будзем нечакана прыязджаць (думаю, мы ў Віцебску правядзём нараду па гэтых пытаннях) у любую гаспадарку: пакажыце аграгарадок, машынны двор, пакажыце збожжаток, фермы, па якіх вы зрабілі справаздчу, як іншыя фермы ўтрымліваюцца. У нас нядобрая тэндэнцыя: усе сядзяць і чакаюць, што, вось, заўтра будзем у плане па мадэрнізацыі той ці іншай фермы, атрымаем крэдыты, штосьці дадуць, штосьці прывязуць. Ніхто нічога не дасць".

"Мы паказалі, як трэба рабіць. Мы палавіну ферм ператварылі ў добрыя комплексы з дапамогай дзяржавы. Вы ведаеце, як гэта рабіць. Дзейнічайце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, як толькі з'яўляецца новы малочнатаварны комплекс, адразу змяняецца выгляд не толькі зямлі, але людзей, якія працуюць у канкрэтнай гаспадарцы. Акрамя таго, сучасныя буйныя фермы даюць магчымасць вырашыць праблему дэфіцыту кадраў, паколькі для іх абслугоўвання патрэбна меншая колькасць работнікаў. "Вось вам, калі ласка, выбар, канкурэнцыя", - заўважыў беларускі лідар.

"Таму думайце аб тым, як будзеце жыць, забяспечваць той высокі ўзровень, які павінен быць у кожным раённым цэнтры. За гэта будзе вельмі строгае патрабаванне. Старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацый у гарадах не задзейнічаны па поўнай у вырашэнні сацыяльна-эканамічных і ідэалагічных праблем у краіне. Гэта маё цвердае перакананне. Вы павінны быць маторамі, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Усё павінна быць прыгожа, дастойна, чыста, каб чалавек ішоў і ганарыўся тым, што жыве ў гэтым населеным пункце. Гэта ваш клопат. Без усякай фанабэрыі, нармальнае і чалавечае стаўленне да людзей. Вось ваша галоўная задача".
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі