Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 лістапада 2018, 11:23

Прэзідэнт Азербайджана праз тыдзень наведае Беларусь

12 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў праз тыдзень наведае Беларусь. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка, вітаючы дыпламата, сказаў: "Склалася добрая практыка, калі я не часта, але сустракаюся з пасламі не толькі ў час іх прыбыцця ў Беларусь і ад'езду, але і ў працэсе іх работы тут. Вы ведаеце, што ў мяне былі сустрэчы і з іншымі пасламі, апошняя адбылася з паслом Расійскай Федэрацыі. Таму тут няма нічога незвычайнага".

Асноўнай падставай для сустрэчы з дыпламатам кіраўнік дзяржавы назваў маючы адбыцца візіт у Беларусь Ільхама Аліева. "У нас ёсць аб чым пагаварыць, ёсць мноства пытанняў. Хоць павінен сказаць, што фундамент нашых адносін набірае трываласць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з пачатку года беларуска-азербайджанскі тавараабарот павялічыўся больш як у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. "Гэта вельмі добры прырост, наўрад ці ёсць такі з іншымі дзяржавамі", - заўважыў ён. Разам з тым патэнцыял для ўзаемадзеяння дзвюх краін значна вышэйшы. "Ёсць куды расці і ёсць над чым працаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама спыніўся на беларуска-азербайджанскім супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы, асабліва па лініі адукацыйных кантактаў. У прыватнасці, каля паўтысячы азербайджанцаў вучацца ў Беларусі. "Для Азербайджана нашы дзверы адкрытыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы важнасць адукацыйнага і навуковага абменаў.

"Вы павінны ведаць, што мы для вас сябры і заўсёды гатовы пайсці насустрач. Нашы дамоўленасці з Ільхамам Аліевым - гэта святое, мы дамовіліся, што будзем іх выконваць. Закрытых тэм з Азербайджанам у Беларусі няма", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У 2006-2016 гадах Прэзідэнт Беларусі чатыры разы з афіцыйным візітам наведваў Баку, Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў - чатыры разы з афіцыйным візітам Мінск. У 2015 годзе кіраўнік беларускай дзяржавы ўдзельнічаў у цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў у азербайджанскай сталіцы. Дагаворна-прававая база беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва ўключае 110 пагадненняў. Беларусь і Азербайджан аказваюць узаемную падтрымку па міжнароднай арэне па ключавых для абедзвюх краін пытаннях і пры вылучэнні ў выбарныя органы сістэмы ААН. За студзень-верасень тавараабарот склаў $331,5 млн пры беларускім экспарце $321,9 млн і імпарце $9,6 млн. У Азербайджане дзейнічае больш за 70 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх кампаній. У Беларусі працуюць 59 прадпрыемстваў з азербайджанскім капіталам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі